Катрын Гольц раіць
Кароткае лета фройляйн Нэтэ

Fräulein Nettes kurzer Sommer © Galiani-Berlin Нэтэ ўсім дзейнічае на нервы! Так аднадушна лічыць найперш уся яе радня. Худзенькая, вірлавокая, яна ўмешваецца ў мужчынскія размовы, нізавошта не хоча займацца вышыўкай ці іншай ручной працай, а цікавіцца такімі нягожымі рэчамі, як мінералогія, літаратура і палітыка. Карэн Дувэ расказвае ў сваім рамане «Кароткае лета  фройляйн Нэтэ» гісторыю нямецкай паэтэсы Анэтэ фон Дростэ-Гюльсгоф, жанчыны з вострым розумам і добра падвешаным языком, што выклікае жах у яе сучаснікаў-мужчын. У цэнтры аповеду перыяд з 1817 па 1821 год. Крыху хваравітая дачка барона фон Дростэ-Гюльсгафа пераязджае з маёнтка ў маёнтак. У яе заўсёды з сабою маленькі горны малаток, пяро для пісьма і незвычайны ларнет. Бо Нэтэ, як яе называюць усе, вельмі блізарукая і, акрамя таго, мае недарэчныя для паненкі яе саслоўя захапленні, а таксама шэраг якасцей, якія робяць яе ў вачах радні ў Бёкергофе, спадчынным маёнтку фон Гакстгаўзэнаў, не вельмі прывабнай партыяй.
 
Натурыстай, перакананай у сваёй усяведнасці і празмерна самаўпэўненай лічыць пляменніцу ўсяго толькі на пяць гадоў старэйшы дзядзька Аўгуст фон Гакстгаўзэн. Ён раўніва ставіцца да яе паэтычнага таленту і настолькі ж моцна перакананы ў тым, што пераўзыходзіць яе; як ніхто іншы, дзядзька здзекуецца з Нэтэ, якая вельмі паважае яго. Ён нават раіць знаёмым пры першай нагодзе належным чынам прынізіць дзяўчыну, бо толькі так, лічыць ён, можна паставіць яе на месца.  Яго думку, аднак, падзяляюць не ўсе, прычым менавіта блізкі сябар дзядзькі, збяднелы геніяльны паэт Генрых Штраўбэ, адчувае, як моцна вабіць яго дзяўчына, якая «хуткім, занадта мужчынскім крокам» апярэджвае свой час. Да ўсё большага нездавальнення цётак і дзядзькаў так ставіцца да яе не толькі Штраўбэ. Нечакана ў маладой Нэтэ, якая на трэцім дзесятку жыцця ўпершыню па-сапраўднаму расквітнела, з'яўляецца мноства паклоннікаў. Хоць спачатку здаецца, што маладая жанчына з разнастайнымі талентамі зведае нарэшце належную ўвагу, але рэўнасць, інтрыгі і няздольнасць прыняць рашэнне спрычыняюць у канчатковым выніку разрыў з роднымі і страту яе аўтарытэту.
 
Карэн Дувэ якраз і апісвае ў рамане «Кароткае лета  фройляйн Нэтэ» катастрофу маладосці Анэтэ фон Дростэ-Гюльсгоф, наступствы якой не толькі глыбока ўзрушылі пісьменніцу, але і прывялі да таго, што яна адасобілася ад усіх і рэшту сваёй маладосці самотна пражыла ў бацькоўскім доме. Гэта – што паказвае і Дувэ -- кардынальна змяніла творчасць паэтэсы: дзякуючы крызісу выспелі яе літаратурныя памкненні, акрамя таго, Анэтэ фон Дростэ-Гюльсгоф пачала больш сур'ёзна займацца музыкай. Шматлікія перашкоды, з якімі ў XIX стагоддзі даводзілася змагацца такой жанчыне, як «тая Дростэ», адсутнасць духоўнага прастору і абмежаванасці, створаныя ўмоўнасцямі таго часу, Карэн Дувэ апісвае з надзвычайнай дасціпнасцю  Наглядна і захапляльна яна паказвае таксама палітычныя і грамадскія перамены, якія мелі важкія наступствы ва ўсіх сферах жыцця. Вяртанне да ўсяго нямецкага, прагрэсіўная ідэя нямецкай нацыі і туга па «даўнейшым часе», што расквітнела ў літаратуры і модзе гэтай эпохі часткова дзіўнымі кветкамі, даюць аўтарцы ўдосталь датклівай прасторы для дакладных назіранняў. У гэтым кантэксце раман «Кароткае лета  фройляйн Нэтэ» з'яўляецца займальным чытвом яшчэ і таму, што праз кожныя пару старонак чытач сустракаецца з новым славутым прадстаўніком духоўнага жыцця. Вельмі часта наведваюцца ў Бёкергоф Ахім фон Арнім, Клеменс Брэнтана, Генрых Гофман фон Фалерслебэн. Усе гутараць пра Гётэ, ніколі не застаецца недзе па-за межамі ўвагі і адзін з братоў Грым.

Шматколерны гістарычны габелен, на фоне якога разгортваецца дзеянне рамана, сведчыць, што Карэн Дувэ старанна выконвала свае хатнія заданні. Аўтарка ўплятае ў тканіну аповеду – хоць і не заўсёды  арганічна – паказ такіх значных падзей, як забойства Аўгуста фон Кацэбу студэнтам, сябрам Буршэншафта Карлам Людвігам Зандам ці Карлсбадскія пагадненні. Для стварэння рамана Дувэ вывучала падручнікі гісторыі і гістарычныя творы, дзённікі, а таксама шматлікую перапіску. Адзін толькі дададзены да рамана бібліяграфічны спіс займае 15 старонак шчытнага шрыфту. Але піша яна з пазіцый сённяшняга дня. У некаторых месцах раман выглядае нават празмерна сучасным. Занадта дасканалымі выглядаюць паралелі з выклікамі нашага часу, занадта  лёгка заўважаецца (напрыклад, у рэпліках Гасэнпфлуга – персанажа, які скардзіцца на тое, што апошнім часам «прымаецца да ўвагі толькі навукова даказанае, матэматычна магчымае ці эканамічна выгаднае») з'едлівы намёк на сённяшнюю стомленасць ад фактаў у грамадстве і палітыцы.
 
«Кароткае лета  фройляйн Нэтэ» – шосты раман Карэн Дувэ. Аўтарка нарадзілася ў 1961 г. у Гамбургу і дэбютавала ў 1999 г. «Раманам дажджу». За мінулы час яна не раз уражвала сваёй здольнасцю мяняцца, паглыблялася ў розныя жанры, эксперыментавала з рознымі стылямі, прымушала смяяцца, тлумачыла і заахвочвала на роздум. Хоць яе апошні раман не абавязкова запрашае да глыбокадумных разважанняў – занадта відавочная ў ім тупагаловасць аднаго боку і занадта яўна бачыцца статус ахвяры другога, але ён надзвычай займальны! Гістарычныя дэталі, якія займаюць у Дувэ шмат месца, не ўздзейнічаючы занадта павучальна, яны лішні раз падагульняюць усё тыя веды па гісторыі і літаратуры першай паловы XIX стагоддзя, што страцілася пасля заканчэння школы. Раман робіць паслугу і памяці «той Дростэ»: ён паказвае паэтэсу, якая пры жыцці ніколі не зведала належнай ацэнкі, у новым святле. Магчыма, дзякуючы раману, сёй-той з чытачоў захоча перачытаць яе «Яўрэйскі бук» ці ўзяць у рукі адзін з яе вусцішна-чуллівых вершаў.
Galiani Verlag

Karen Duve (Карэн Дувэ)
Fräulein Nettes kurzer Sommer («Кароткае лета  фройляйн Нэтэ»)
Verlag Galiani, Berlin, 2018 (Выдавецтва Galiani, Берлін, 2018 г.)
ISBN 978-3-86971-138-6
592 старонкі

Электронную кнігу можна атрымаць на абумоўлены час праз анлайн-абанемент Onleihe Інстытута імя Гётэ

Рэцэнзіі ў нямецкіх СМІ:
Perlentaucher
FAZ-Net
Die Zeit
Das Literarische Quartett