Марцін Вільк раіць
Засмучаны госць

Der traurige Gast von Matthias Nawrat © Rowohlt Апошні па часе раман Маціаса Наўрата, нямецкага празаіка польскага паходжання, – гэта не толькі аповед пра жыццё ў сённяшнім Берліне, але і паспяховая ў літаратурным сэнсе спроба падыходу да надзвычай цяжкай тэмы – філасофскага роздуму пра чалавека ва ўмовах крызісу.

Безыменны апавядальнік рамана Наўрата «Засмучаны госць» блукае па сталіцы як па садзе чужога досведу. На ягоным шляху, часта ў месцах, дзе звычайна знаходзішся толькі кароткі час, – напрыклад, у рэстаране ці ў цырульніка – ён сустракае людзей, якія пачынаюць дзяліцца з ім сваім жыццём. Былы хірург і алкаголік ці архітэктарка з траўматычнай гісторыяй і Польшчай у біяграфіі – кожны ўцягвае апавядальніка ў свой свет, расказвае, здавалася б, звычайную гісторыю, але пры гэтым правакуе на пытанні прынцыповай прыроды: Што такое памяць? Адкуль мы прыходзім і куды ідзем? Які сэнс мае наша жыццё? І горад становіцца ў пэўным сэнсе прыстанишчам для заблукалых чалавечых душ, ён будзіць бязмежны смутак, выпускае на волю меланхолію. У той самы час гэты Берлін лунае ў сваім уласным рытме. Тут адбываецца гісторыя – напрыклад, тады, калі тэракт рэзка абрывае задуменную ўтульнасць каляднага базару. Аўтар гэтага не прыдумаў, тэракт сапраўды адбыўся ў 2016 годзе.

Хоць тым, хто, як аўтар гэтых радкоў, любіць Берлін, будзе прыемна пазнаваць месцы дзеяння кнігі, няхай сабе можна разважаць наконт таго, ці не з'яўляецца апавядальнік alter ego аўтара (пэўныя дэталі з трывожнай дакладнасцю дазваляюць так меркаваць), але «Засмучаны госць» цяжка звесці да аўтабіяграфічнай імпрэсіі. У гэтым стрыманым рамане з ягоным часта простым сінтаксісам шмат выдатных момантаў. Напрыклад, той, дзе пад пластом фіктыўнага сусвету мае месца філасофскае назіранне над чалавекам ва ўмовах крызісу. З эмацыянальнага ці псіхалагічнага пункту гледжання тут няма прычыны для радасці. У гэтым сэнсе назва рамана надзвычай трапная. Але, з другога боку, «Засмучаны госць» як інтэлектуальны эскіз   – сапраўдная нагода парадавацца.
Rowohlt

Matthias Nawrat (Маціас Наўрат)
Der traurige Gast («Засмучаны госць»)
Rowohlt, Berlin, 2019 (Выдавецтва Rowohlt, Берлін, 2019 г.
ISBN 978-3-498-04704-7
304 старонкі
 

Рэцэнзіі ў нямецкіх СМІ:
Perlentaucher
Rowohlt
Google Books