Марцін Вільк раіць
Пра паходжанне

Herkunft © Luchterhand Literaturverlag, München, 2019 Ён лічыцца адным з самых цікавых празаікаў маладога пакалення: Саша Станішыч, імігрант з былой Югаславіі, захапляе нямецкіх чытачоў сваімі насычанымі паэзіяй раманамі. Але ягоная новая кніга – нешта яшчэ большае: гэта ў вышэйшай ступені асабістая гісторыя. Калі Станішыч у 1992 г. прыехаў у Германію, яму было толькі чатырнаццаць гадоў. Германія з'явілася для яго не выбарам, а неабходнасцю, прыстанішчам, дзе ён мог уратавацца ад жахаў вайны на Балканах. Першыя месяцы на новай радзіме не належалі да самых лёгкіх. Праца бацькоў далёка не адпавядала іх прафесійнай кваліфікацыі, а сам падлетак балансаваў паміж цікаўнасцю і непатрабавальнасцю імігранта. Да таго ж ён мусіў яшчэ  разблытваць шматзначнасць свайго паходжання. Толькі з цягам часу яму ўдалося апынуцца ў новай культуры і новым грамадстве. Ён пазнаёміўся з нямецкімі рамантыкамі  – найперш Эйхендорфам і Гёльдэрлінам – і палюбіў іх. Пра адбіткі набліжэння да гэтай літаратуры і яе разумення мы чытаем у «Паходжанні». І ён паспрабаваў пісаць на новай для яго мове. Гэта атрымалася. Нямецкая мова стала для яго новым родным домам.

«Паходжанне», безумоўна, не просты, лінейны і заўсёды ясны аўтабіяграфічны расказ, хоць ледзь не на кожнай старонцы адчуваецца велізарнае напружанне ў жаданні надаць уласнаму аповеду пэўны парадак. Тое, што спачатку можа падацца паразай, аказваецца ў рэшце рэшт трыумфам літаратуры. У гэтым творы шмат ценю, шмат балючай канфрантацыі. Аднак большай часткай гэта аповед пра памяць. Асабістыя ўспаміны і рэфлексіі сутыкаюцца тут з расказамі іншых назіральнікаў, у першую чаргу родных галоўнага персанажа. Мінулае пераплятаецца з сучаснасцю, а пачуццё са спробай інтэлектуальнага асэнсавання сітуацыі эмігранта ў цэлым. Але, як правільна раскрывае загаловак, гаворка тут ідзе найперш пра вяртанне ўласнай ідэнтычнасці, зразуметай як паходжанне, карані, укараненне. Станішыч задаў сабе вельмі цяжкае пытанне, таму і кніга ставіць чытача перад выклікам. Але найперш «Паходжанне» – бліскучы і смелы ў літаратурным плане эксперымент.
Luchterhand Literaturverlag

Saša Stanišić (Саша Станішыч)
Herkunft («Паходжанне»)
Luchterhand Literaturverlag, München, 2019 (Літаратурнае выдавецтва Luchterhand, Мюнхен, 2019 г.)
ISBN 978-3-630-87473-9
360 старонак
 

Рэцэнзіі ў нямецкіх СМІ:
Perlentaucher
Blick in das Buch bei Google Books