Крыстына Спрынджунайце раіць
Радыё «Activity»

Radio Activity - Karina Kalisa © C.H. Beck Verlag Усе пачуцці актывізуюцца з самага пачатку і адразу ажыўляюць месца на ўзбярэжжы ў Паўночнай Германіі, пра якое ідзе гаворка, – так шмат пяшчоты і чуллівасці ў апавядальнай танальнасці аўтаркі. Ці, можа, тут на першы план выбіваецца акустычны момант? Таму што ў гераіні, Норы, не толькі ідэальны для радыё голас: хутчэй несвядома яна засвоіла ад маці, гукааператара гарадскога тэатра, мноства тонкасцей ўздзеяння гуку. Таму «Кава і каламазь», новы канал з пірацкім светаадчуваннем, якім цяпер займаецца Нора з некалькімі старымі сябрамі, павінен клікаць у дарогу. Але захапляючая праца на радыё становіцца і свайго кшталту якарам. Ва ўсякім разе гэта не проста даніна пашаны тым часам, калі яшчэ нешта значыла абуджаная музыкай і вядоўцамі вера ў тое, што «там» заўсёды і для кожнага знойдзецца нехта, хто паклапоціцца.
А потым дасціпны, багаты на гульню слоў аповед пераходзіць да вельмі нялёгкай тэмы. Нора мусіць як мага хутчэй вяртацца з Нью-Ёрку, дзе паспяхова выступае як танцоўшчыца, дамоў, каб яшчэ застаць жывой паміраючую маці. І даведваецца сваю таямніцу: пра рэспектабельнага аптэкара, які часам з задавальненнем даваў ёй прыватныя дапаможныя ўрокі  лацінскай мовы. Цяпер Норы даводзіцца займацца праблемай сексуальнага гвалту і яго цяжкіх наступстваў, якія адчуваюцца вельмі доўга, хоць на паверхні і не заўважаюцца. Ёй не дае спакою і тое, што такія ўчынкі проста падпадаюць пад дзеянне закона пра тэрмін даўнасці. У рамане гаворка ідзе пра радыё як сродак крытыкі законаў, сродак помсты і самасуду, а таксама іншых, зусім не легітымных (дыгітальных) дзеянняў. Тэма далікатная, яна, як здаецца, не пад сілу гэтай лёгкай апавядальнай манеры, таму, магчыма, не заўсёды ўспрымаецца пераканаўча. Тым не менш, звычайная гутаркавая мова ў перадачы юрыдычных аспектаў, добра даследаванае становішча, у якое трапляюць ахвяры такіх учынкаў, дазваляюць зразумець і адчуць змест.
Карын Каліса (нарадзілася ў 1965 г.) – япаністка і лінгвафілосаф. У 2015 г. з вялікім поспехам дэбютавала як пісьменніца. «Радыё Activity» – яе другі раман. У ім яна зноў паказала, што жорсткая рэальнасць і казка вельмі добра ўжываюцца пад адной кніжнай вокладкай. Для агульнага ўражання важнымі з'яўляюцца і другарадныя персанажы (супрацоўнікі канала, юрыст-рэферэндарый Сіман): яны пераконваюць найперш тым, наколькі ўпэўнена абыходзяцца з уласнымі недахопамі ці з роляй аўтсайдэра. Вельмі тонка ўраўнаважваюцца пераходы ад мясцовага да чужога, пры гэтым твор выдатна ўзбагачаецца ўжываннем даволі вялікай колькасці японскіх дэталяў.
C.H. Beck

Karin Kalisa (Карын Каліса)
Radio Activity («Радыё “Activity”»)
C.H. Beck, München, 2019 (Выдавецтва C.H. Beck, Мюнхен, 2019 г.)
ISBN 978-3406740930
351 старонка

Рэцэнзіі ў нямецкіх СМІ:
Deutschlandfunk
NDR