Павел Зарыхта раіць
Суставы святла

Gelenke des Lichts - Emanuel Maeß © Wallstein Verlag «Суставы святла» – гэта гісторыя кахання сына пратэстанцкага святара з гарадка на мяжы дзвюх нямецкіх дзяржаў: падлеткам ён закахаўся ў дзяўчынку, што жыве непадалёку, пазнаёміўшыся з ёю на вакацыях на Балтыйскім моры. З гэтым пачуццём  герой і апавядальнік, «Я», вырастае, сталее, спрабуе ўвайсці ў дарослае жыццё. Ён вучыцца ў школе, потым ва ўніверсітэце, чытае, удасканальваецца пад кіраўніцтвам нямецкіх, а потым англійскіх прафесараў, публікуе навуковыя працы пра Дантэ, Пятрарку і Рыльке, але галоўным чынам зноў і зноў вяртаецца ў тое лета за год да ўз'яднання Германіі, да той дзяўчынкі. А ў гэты час на заднім плане адбываецца вялікая гісторыя, і жыццё, што праходзіць усё больш імкліва, не прыносіць здзяйснення…
На прыкладзе свайго героя Мэс расказвае пра інтэлектуальны і эмацыйны стан сённяшнега пакалення сярэдняга ўзросту. Пра яго беды, уяўленні, захапленні, пачуцці і пра яго згубленасць. Пра тое, што пошук адказаў на ўсе важныя пытанні гэтага свету мае сэнс толькі тады, калі падводзіць да самага галоўнага пытання. Першы раман Эмануэля Мэса аб'ядноўвае асаблівасці рамана ў пісьмах, выхаваўчага рамана і рамана пра каханне. Пры гэтым ён зачароўвае чытачоў сваёй сталасцю, дынамічнасцю аповеду, а найперш паэтычнай мовай, багаццем далікатных вобразаў і тонкімі алюзіямі на шэдэўры сусветнай літаратуры. Гэты дэбют – безумоўная ўдача аўтара!
 

Emanuel Maeß (Эмануэль Мэс)
Gelenke des Lichts («Суставы святла»)
Wallstein Verlag, Göttingen, 2019 (Выдавецтва Wallstein Verlag, Гётынген, 2019 г.)
ISBN 978-3-8353-3439-7
254 старонкі

Электронную кнігу можна атрымаць на абумоўлены час праз анлайн-абанемент Onleihe  Інстытута імя Гётэ

Рэцэнзіі ў нямецкіх СМІ:
Perlentaucher
RBB