Пётр дэ Боньча-Букоўскі раіць
Тут водзяцца ільвы

Hier sind Löwen - Katerina Poladjan © S. Fischer Verlag Назва рамана Кацярыны Паладзян – «Тут водзяцца ільвы» –  грунтуецца на лацінскім выслоўі «Hic sunt leones» – фармулёўцы, якой рымскія картографы пазначалі далёкія, невядомыя мясцовасці. Але ў ім аўтарка, нямецкая пісьменніца, што нарадзілася ў Маскве, распавядае пра радзіму сваіх продкаў – Арменію. Галоўная гераіня рамана, Гелен Мазавян, у жылах якой цячэ армянская, руская і нямецкая кроў, здаецца, ёсць alter ego аўтаркі. Яна рэстаўруе рукапісныя тэксты і ў гэтай якасці едзе з Германіі ў Арменію, каб займацца кансервацыяй старых сямейных біблій. У Ерэване, у ценю біблейскай гары Арарат, Гелен схіляецца над кнігай чатырох евангеліяў, у якой знаходзіць загадкавую нататку: "Грант не хоча прачынацца". Гэтымі словамі для яе адкрываецца гісторыя двух уцекачоў-армян, брата і сястры, што ў 1915 годзе ратуюцца ад учыненага туркамі генацыду.
У рамане Паладзян чалавечыя гісторыі напластоўваюцца адна на другую, ствараючы асаблівы палімпсест, канцэнтраваны тэкст, шматслойны і шматгалосы аповед  пра Арменію і армян, якія зноў і зноў нанова пражываюць сваю насычаную драмамі гісторыю. На самай справе ён нагадвае тую сямейную біблію, у якой на вялікі аповед пра блуканні і збавенне напластоўваюцца ўсё новыя і новыя мікрарасказы -- пра жыццё і смерць людзей, кінутых ў вір гісторыі. Раман «Тут водзяцца ільвы» – цудоўны прыклад культурнай адкрытасці сучаснай нямецкай літаратуры. Яе шляхі самапазнання вядуць праз далёкае і чужое, але адначасова і універсальнае, важнае, прыгожае.
Fischerverlage

Katerina Poladjan (Кацярына Паладзян)
Hier sind Löwen («Тут водзяцца ільвы»)
S. Fischer Verlag, Frankfurt am Main, 2019 (Выдавецтва S. Fischer Verlag, Франкфурт-на-Майне, 2019 г.)
ISBN 978-3-10-397381-5
288 старонак

Рэцэнзіі ў нямецкіх СМІ:
Perlentaucher