Дагмар Гаўсман раіць
Гарадскі мядзведзь

Stadtbär © Moritz Verlag, Frankfurt a. M., 2019 Паводле шырока вядомага тэзісу даследчыкаў падтрымкі чытання навучыцца чытаць лягчэй з малюнкамі. І, маўляў, чым лепш умее чытаць дзіця, тым менш малюнкаў яму патрабуецца, каб чытаць, разумеючы сэнс. Таму і малюнкаў становіцца ў кнігах тым менш, чым вышэйшыя патрабаванні ставяцца да чытальніцкай кампетэнцыі. Толькі ж чаму так заніжаецца значэнне, якое могуць мець у кнізе малюнкі?  Бо малюнкі – нешта шмат большае, чым проста дапаможнік для навучання чытанню. У нашай камунікацыі, якая грунтуецца на мэседжах малюнкаў, чытанню малюнкаў трэба было б гэтак сама вучыцца, прычым на працягу ўсяго жыцця. Таму я для сваёй рэцэнзіі выбрала так званую «Першую чытанку». Многія кнігі гэтай катэгорыі вылучаюцца асаблівай адсутнасцю вынаходлівасці і празмернай прастатою тэксту і малюнка. Але так не скажаш пра новую ілюстраваную кнігу Каці Герман «Гарадскі мядзведзь».

У ёй апавядаецца дасціпная, дакладна разгорнутая да канца гісторыя пра лясных жывёл, якая эмігруюць у вялікі горад. Там яны жывуць, утульна ўладкаваўшыся ў яго каменных нішах, прыстасавана і нябачна, і спажываюць адкіды  людзей. Лісе, куніцы, барсуку і іншым дробным лясным жывёлам ужо не хочацца страціць сваё новае бытаванне ў горадзе. Але цяпер у горад збіраецца і вялікі мядзведзь, які да апошняга часу заставаўся ў лесе. Гэта не падабаецца астатнім жывёлам: яны баяцца, што нязграба-мядзведзь будзе надта замінаць людзям, і ў выніку самі колішнія жыхары лесу, магчыма, зноў страцяць сваю новую жыццёвую прастору. Таму яны плануюць заманіць мядзведзя ў заапарк, але іх план правальваецца вельмі пацешным чынам.

Гісторыя займае 93 старонкі, на якіх дамінуюць ілюстрацыі, а прыгожа сфармуляваны тэкст выдатна інтэграваны ў малюнкі; на яе працягу звяртаюць на сябе ўвагу менавіта намаганні звяроў-прыстасаванцаў прадухіліць катастрофы, якія можа спрычыніць дурнаваты мядзведзь. Адбываецца адзін напад звяроў на гарадскую інфраструктуру за другім, потым  на тытульных старонках мясцовай прэсы з'яўляюцца сенсацыйныя паведамленні пра гэтыя напады. Горад ў кнізе Герман часта больш нагадвае зялёную вёску на беразе ракі, аднак тут ёсць і элементы сучаснага горада – паліцыя, прэса, мноства мабільных тэлефонаў. Заўсёды, калі звяры лічаць, што ім удасца перахітрыць мядзведзя, яны самі апынаюцца ў небяспецы. Урэшце менавіта мядзведзь ратуе іх усіх ад паліцыі – уражальнае відовішча, хоць сам ён ані не здагадваецца пра сапраўдную прычыну ўсіх хваляванняў. Канчаецца гісторыя добра: яны ўсе разам -- мядзведзь, куніца, барсук – вяртаюцца ў лес,  цяпер ужо аб'яднаныя брацкай салідарнасцю. Цудоўная гісторыя!

Падзеі наглядна ўвасоблены дзякуючы мастацтву Каці Герман як ілюстратара -- яна не аддзяляе малюнак ад поля тэксту: падвойныя старонкі з персанажамі і сцэнамі грандыёзнай, экспрэсіўна ззяючай шматколернасці, якая надае жывёлам індывідуальны выраз, паказвае дзікі лес і вялікі горад у малюнках ярка-зялёнага гушчару, зіхотка-каляровай вады порта, стракатага заапарку, гарадскіх музыкаў, кіёскаў і кавярняў. Вельмі радасна бачыць, як Герман спачатку грунтуе сваю паперу інтэнсіўна зіхцячымі фарбамі, а потым наносіць на празрыстую плёнку сцэны з персанажамі, ураўнаважвае грунт і плёнкі і тым самым унікальным чынам аб'ядноўвае ў сваіх ілюстрацыях рысунак і жывапіс. Зіхоткую раскошу фарбаў Каця Герман, магчыма, прывезла з Мексікі і Іспаніі, дзе яна навучалася, перш чым пачала вывучаць мастацтва ілюстрацыі у Гамбургскай Вышэйшай школе прыкладных навук, якую закончыла па спецыялізацыі ілюстрацыя дзіцячай кнігі. Неаднаразова ўзнагароджаная мастачка стварыла ўжо шмат яскравых ілюстраваных кніг, якія наглядна паказваюць, што ўэыход сонца ў лесе і ў горадзе часам зіхціць ружовым і аранжавым колерам і аддбіваецца ў гэтых колерах і на зямлі ў лесе, яго бачна і ў гарадскім небе, і на фасадах дамоў.

У «Гарадскім мядзведзі» малюнкі і тэкст распавядаюць прыпавесць пра дапасаванне, пра тое, што значыць быць іншым, і пра магчымыя матывы салідарнасці. Кніга па-дзіцячы лёгкая, створаная на высокім узроўні, падрабязная, забяспечаная на рэдкасць дапасаванымі па настрою тэкстам і малюнкамі. Гэта не толькі першая чытанка для дзяцей, не толькі кніга для тых, хто вучыцца чытаць і разумець малюнкі гадоў з сямі. Шкада, што многія дарослыя, напэўна, не пазнаёмяцца падрабязней з гэтай кнігай, бо дзіця ж ужо само ўмее чытаць.
Moritz Verlag

Katja Gehrmann (Каця Герман)
Stadtbär(«Гарадскі мядзведзь»)
Moritz Verlag, Frankfurt a. M., 2019 (Выдавецтва Moritz, Франкфурт-на-Майне, 2019 г.)
ISBN 978-3-895-65376-6
96 старонак

Рэцэнзіі ў нямецкіх СМІ:
Der Spiegel
Kapitelreise