Кнігі, пра якія размаўляюць
Крыстаф Бартман
Гэтай восенню з яе прыкрасцямі мы – дома, з сябрамі ці на працы – пра палітыку размаўляем шмат больш, чым раней. Найперш пра трыумф правага папулізму, варожасці і неанацыяналізму, прычым не толькі тут ці там, а амаль ва ўсім свеце. Час, які мы бавім, абмяркоўваючы гэтыя тэмы, адбіраецца ад часу, калі мы размаўляем пра кнігі. Хіба што (але такое бывае рэдка) кніга чытаецца як адказ на пытанні сучаснасці. Калі гэта і здараецца, то хутчэй не з раманамі, а з навукова-папулярнымі кнігамі, якія суправаджаюць ці нават спрычыняюць дыскусіі. У Германіі апошнім такім творам нечакана стала, адразу пасля публікацыі ў 2016 г., кніга сямігадовай даўнасці француза Дзідзье Эрыбона «Вяртанне ў Рэймс» (Didier Éribon, „Rückkehr nach Reims“). Эрыбон – сацыёлаг і аўтар біяграфіі Фуко – рэфлексуе ў ёй наконт уласнага паходжання з асяродка простых рабочых Рэймса, распавядае пра культурнае вызваленне з гэтага асяродка дзякуючы вучобе ў парыжскім універсітэце і пра шок, з якім ён даведаўся, што «маленькія людзі» Рэймса сталі здабычай праваэкстрэмісцкай партыі „Front National“. У Германіі эсэ Эрыбона чыталася як каментар да актуальнай сітуацыі. Гэтая кніга сведчыць, што штуршок управа адбываецца ў тым, што перажыў ты сам; адначасова яна знаходзіць паняцці, якія тлумачаць падзею.