Шэйда Базьяр Ноччу ціха ў Тэгеране

І назва рамана, і імя аўтаркі паказваюць на тое, што Шэйда Базьяр, якая нарадзілася ў 1988 годзе ў мястэчку Хермескайл у зямлі Рэйнланд-Пфальц, мае сямейныя карані ў Іране. Такім чынам, яе зацікаўленасць тэмай уцёкаў, як і ў выпадку Фатаха, які таксама нарадзіўся ў Германіі, абумоўлена біяграфіяй; бацькі, якіх лёгка можна пазнаць у героях рамана Базьяр, у васьмідзясятыя гады пакінулі сваю радзіму, хоць, будучы студэнтамі левага толку, ухвалілі звяржэнне шэйха ў 1979 годзе. (...) Раман апавядае пра ўцёкі некалькі дзесяцігоддзяў таму, якія да таго ж вызначаліся раскошаю, бо сям’я проста набыла сабе квіткі на самалёт да Стамбула. Але як было забаронена надоўга пакідаць Іран, то яны практычна не мелі магчымасці ўзяць з сабою рэчы і ў Германіі пачынаюць з нуля — ідуць знясільвальным шляхам праз часовыя прыстанкі ды ўстановы, каб атрымаць палітычны прытулак ды нарэшце мець дазвол працаваць. (...)
Раман Шэйды Базьяр спрабуе распавесці нам пра гэтыя працэдуры ды размаітыя ўласцівасці інтэграцыі ў нямецкае грамадства з той перспектывы, якая на нашых абшарах звычайна не знаходзіць сабе моўнага выражэння — проста таму, што тыя, каго гэта тычыцца, найчасцей не валодаюць мовай. Таму заварожвае, як пабудаваны раман: кожная чвэрць расказваецца з пункту гледжання іншага члена сям’і, і, вядома ж, погляд Бехсада і Нахід, якія нарадзіліся ў Іране, адрозніваецца ад погляду іх дзяцей, якія найважнейшы жыццёвы досвед здабылі ў Германіі.
 

Шэйда Базьяр: Ноччу ціха ў Тэгеране
Выдавецтва «Кіперхоер & Віч Ферлаг»
Кёльн, 2016 г., 284 стар.
ISBN 978-3-462-04891-9