Максім Білер Біяграфія

Ужо некалькі дзесяцігоддзяў ён правакатар, магчыма, і наватар нямецкай літаратурнай сцэны, ён патрабуе болей адвагі, болей значнасці і канца «імпатэнцкай літаратуры». Ён са спакойнай халоднасцю разглядае нямецкі літаратурны краявід ды знаходзіць толькі філістараў або закамплексаваных рамеснікаў. І вось ён іх так і называе, нават калі ўсе астатнія прытрымліваюцца зусім інакшага меркавання. Сюсявенькія абмеркаванні — гэта не да яго. (...) Вось ён прадстаўляе свой вялікі раман. Называе кнігу мемуарамі. Назва — «Біяграфія». Тэрарызм, секс, Халакост, каханне і сям’я, Германія і Ізраіль, Прага ды Масква — ледзь не на кожнай старонцы. Кніга, што са свістам праносіцца ля самага вуха, нібы раптоўна ўзарвалася газетная калонка Максіма Білера. «Біяграфія» вызначаецца надта своеасаблівай стуктурай: на кожнай старонцы — цэлая кніга, і, прачытаўшы да канца, застаешся акурат на тым самым месцы, дзе быў упачатку. (...) Чытаючы, праходзіш шматлікія стадыі. Спачатку раздражняе. Не скажаш, што камічна, не скажаш, што драматычна, з’яўляецца падазрэнне, што з цябе кпяць, здымаючы схаванай камерай. У другой фазе пачынаеш цэлыя абзацы зачытваць уголас. (...) «Біяграфія» — гэта тэст Роршаха. Кожнаму чытачу варта пашукаць там тое, што яму хацелася б знайсці. Там ёсць усё: і шэдэўр, і поўная супрацьлегласць яму.
 

Максім Білер: Біяграфія
Выдавецтва «Кіпенхоер & Віч Ферлаг»
Кёльн, 2016 г., 896 стар.
ISBN 978-3-462-04898-8