Дурс Грунбайн Гады ў заапарку

«Скрыня ўспамінаў», як паэтычна піша Дурс Грунбайн у адным з лірычных адступленняў сваіх мемуараў «Гады ў заапарку», — гэта «старая бляшанка з чарвякамі: / адкрыеш, і павее на цябе дзяцінствам, нікчэмным». Аднак гэтая нікчэмнасць не ёсць найістотнейшай рысаю таго маленства і таго юнацтва, якія апісвае Грунбайн. Наадварот, неаднаразова ўганараваны прэміямі паэт хоць і апісвае з усёй дакладнасцю непрывабныя здарэнні, напрыклад, як яго (адзіны раз) адлупцавала маці або як памёр таварыш, — але цалкам дапускае настальгічныя ўспаміны, хоць і зусім пазбаўленыя ідэалізацыі. Апісанне ўспамінаў пачынаецца са шпацыраў, з «інспекцый» уздоўж Эльбы за кампанію з дзедам.
(...) Грунбайн, які выбраў сабе месцам жыхарства Рым, нарадзіўся ў 1962 годзе, праз год пасля ўзвядзення муру, у Дрэздэне і вырас у Хелераў — раёне на ўскрайку горада. «Гады ў заапарку» — назва стварае пераход ад наведванняў Дрэздэнскага заапарка, які так любіў малы Грунбайн, да закрытай прасторы, дзе жылі грамадзяне ГДР, — аўтар у гэтай кнізе не толькі накідвае выяву дзяцінства, але таксама паказвае і сам горад у плынях гісторыі. (...) Грунбайнаўскае набліжэнне да ўласнай біяграфіі ўлучае і эфект пазнавання для людзей, што маюць повязь з тымі мясцінамі або з тым часам. І, такім чынам, далікатна створаны ім вобраз эпохі ахоплівае і рускую казарму, і візіты заходнікаў на ўсход: «Гады ў заапарку» — гэта кніга пра ГДР, а ў прыватнасці — пра Дрэздэн.
 

Дурс Грунбайн: Гады ў заапарку
Выдавецтва «Зуркамп Ферлаг»
Берлін, 2015 г., 400 стар.
ISBN 978-3-518-42491-9