Анна Катарына Хан Сукенка маёй маці

Сапраўдная галоўная гераіня, ад імя якой вядзецца апавяданне, — гэта іспанка Ана Марыя, прадстаўніца пазбаўленага ілюзій маладога пакалення Паўднёвай Еўропы: добрая адукацыя, але без найменшага шансу на адпаведнае працаўладкаванне. І яна сама, і яе сябры час ад часу бяруцца за марныя падпрацоўкі, але вымушаныя зноў засяляцца ва ўласныя дзіцячыя пакоі, цалкам залежачы ад бацькоў. У кнізе паўстае ў найвышэйшай ступені рэалістычны вобраз сённяшняй Іспаніі і еўрапейскай галечы, партрэт страчанай маладосці. Кампанія Аны называе сябе «La Plaga», і тое, як гэтая моладзь вечарамі шукае, чым заняць час, падспудна адсылае да кампазіцыйнага прынцыпу рамана. Яны расказваюць адно аднаму гісторыі, задаючы сабе строгія літаратурныя правілы: гісторыя мусіць адбывацца ў сучаснасці і быць рэальнай.
Мадэль апавядання ў апавяданні, шматузроўневых і пераплеценых між сабою наратываў на працягу рамана праяўляецца ўсё больш радыкальна, і рэалістычны тон паступова пераходзіць у нешта іншае. Напачатку раптоўна паміраюць Аніны бацькі. Апавяданне нібы пераўтвараецца ў сон, траціць повязь з рэальнасцю: Ана, не ведаючы, як утрымаць кватэру і пракарміць сябе, не прымае гэтай смерці, яна нацягвае нябожчыкам новую адзежу і рассаджвае па фатэлях пры акне. (...) Пачынаецца нечаканая гульня з казачнай структурай, якая раз за разам прапануе непрадказальныя моманты.
 

Анна Катарына Хан: Сукенка маёй маці
Выдавецтва «Зуркамп Ферлаг»
Берлін, 2016 г., 311 стар.
ISBN 978-3-518-42516-9