Радэк Кнап Злодзей, што крадзе вяршыні

Просты сціплы хлопец займаецца тым, што правярае паказчыкі лічыльнікаў цепласпажывання, і тут яму раптам захацелася падвесці невялікі баланс свайго жыцця. І ўсё ж, прачытаўшы не болей за дзве-тры старонкі яго маналога, тут жа апынаешся пасярод той самай Вены, дзе поўна дзівакоў і абсурдных сітуацый. Бо Людвік Вевурка, (...) хоць і не дасягнуў сенсацыйных поспехаў, але затое можа пахваліцца ў найвышэйшай ступені прыгодніцкай біяграфіяй: яго, дванаццацігадовага, уласная маці выкрала з ахаванага асяродку варшаўскага прадмесця і бяспечнага жыцця ў бабулі з дзедам ды звезла ў Вену, дзе трымала гвалтам, не зважаючы на адчайныя пратэсты. Ён быў вымушаны паскоранымі тэмпамі засвоіць правілы гульні цалкам іншай рэчаіснасці ды ненавісную мову.
(...) Тое, як Кнап расказвае гісторыю Людвіка Вевуркі, наўрад ці можна лёгка скапіяваць: аповед вядзецца найчасцей лаканічна, з гумарам і ў такім тэмпе, што не паспее чытач усміхнуцца з аднаго досціпу ці кур’ёзнага персанажа, як тут жа натыкаецца на наступны, але часам тон робіцца ціхім ды задуменным. Апроч таго, аўтар стварае выдатную карыкатуру Вены — «плюшавага горада» са старамоднай элегантнасцю і схільнасцю да чорнага і хваравітага, — а таксама выказвае ў найвышэйшай ступені актуальныя думкі пра лёс уцекачоў і эмігрантаў, — і гэта ўсё робіць раман яшчэ больш вартым прачытання.

Радэк Кнап: Злодзей, што крадзе вяршыні
Выдавецтва «Піпер Ферлаг»
Мюнхен, 2015 г., 208 стар.
ISBN 978-3-492-05705-9