Біргіт Данкерт Міхаэль Эндэ. У палоне фантазій

Кім быў Міхаэль Эндэ? (…) Дагэтуль існавала адзіная біяграфія Міхаэля Эндэ, якую напісаў яго школьны таварыш Петэр Бакарыюс і якая да таго ж заканчваецца 1960 годам, акурат калі пачынаецца поспех гэтага аўтара. Біргіт Данкерт у сваёй кнізе абапіраецца на грунтоўныя даследаванні, у межах якіх яна працавала з рукапісамі і лістамі ў Нямецкім літаратурным архіве ў Марбаху, са спадчынай Эндэ ў Міжнароднай моладзевай бібліятэцы ў Мюнхене, а таксама з дакументамі ў архівах Баварскага радыё і не ў апошнюю чаргу са шматлікімі сябрамі ды прыяцелямі Міхаэля Эндэ. (…) Зусім няшмат пісьменнікаў падобныя да створаных імі персанажаў. І ўсё ж у выпадку з Міхаэлем Эндэ дзівішся, наколькі яны не супадаюць. Вядома, што ён ніколі не разглядаў сябе як аўтара дзіцячых кніжак. Вядомы і той факт, што ён адчуваў сябе недаацэненым, калі яго лічылі казачнікам. Але, мякка кажучы, у сапраўдным жыцці ён меў няшмат агульнага з вясёлымі ды лагоднымі самотнікамі, якія суправаджаюць яго герояў-дзяцей, як, напрыклад Лукас, машыніст паравоза, або дворнік Бэпа. Ужо хаця б з гэтай нагоды поспех, які прыйшоў з публікацыяй кнігі «Джым Гузік і машыніст Лукас», сутыкае яго з практычнымі цяжкасцямі. Справа ў тым, што Эндэ, які раптам зрабіўся чаканым госцем у школах, парафіях, кнігарнях ды на радыёстанцыях, цяпер быў вымушаны «змяніць свой дзённы рытм, дапасаваўшы яго да дзіцячага раскладу».
 

Біргіт Данкерт: Міхаэль Эндэ. У палоне фантазій
«Ламберт Шнайдэр Ферлаг»
Дармштат, 2016 г., 320 стар.
ISBN 978-3-650-40122-9