Ніна Гарачак / Себасцьян Візэ Супраць забабонаў. Як пры дапамозе добрых аргументаў бараніцца ад недарэчных меркаванняў

Свет знаходзіцца ў стане неспакою і пералому, і тое, што нават дарослым, дасведчаным палітычным назіральнікам складана зразумець, моладзі часцяком мусіць падавацца невыносным хаосам. Хто мала ведае і мала разумее, той, як вядома, хутка хапаецца за забабоны, якія робяць жыццё больш аглядным і дазваляюць прасцей упарадкаваць тэндэнцыі, што страшаць. І менавіта гэта небяспечна. Таму журналістка аўстрыйскага выдання «Falter» Ніна Гарачак і юрыст Себасцьян Візэ напісалі абсалютна выбітную кнігу пра забабоны, у якой гаворка вядзецца пераважна — але не толькі — пра іслам, мігрантаў і ўцекачоў, пра мусульманскія хусткі і мячэці. Аўтары, апроч таго, звяртаюцца да такіх тэм, як гомасексуальнасць, нацысты і ЕС, — нялёгкая праграма. У аўстрыйскіх школах гэтая ў найвышэйшай ступені актуальная кніжка ўжо зрабілася хітом, бо яна спраўляецца з дзвюма задачамі: наглядна і зразумела прадстаўляе лічбы і факты, у схемах ясна структуруе аргументы і контраргументы — і перадусім ставіцца да тых, хто прытрымліваецца забабонаў, не з пыхаю, але з разуменнем. (…) Гарачак і Візэ імкнуцца паказаць, што найпрасцейшыя адказы не заўжды ёсць слушнымі і што варта пашукаць адказаў уласных, нават калі гэта бывае вельмі карпатлівай працай.
 

Ніна Гарачак / Себасцьян Візэ: Супраць забабонаў. Як пры дапамозе добрых аргументаў бараніцца ад недарэчных меркаванняў
Выдавецтва «Чэрнін Ферлаг»
Вена, 2015 г., 192 стар.
ІSBN 978-3-7076-0493-1