Вольфрам Зіман Метэрніх. Стратэг і празорлівец

Калі ты не адпавядаеш уласнай эпосе, да таго ж не знаходзіш разумення — гэтае адчуванне аж занадта добра было вядомае самаму ненавіснаму палітыку свайго часу. Метэрніх — гэтае імя і сёння асацыюецца з цэнзурай і кантролем, з тайнай паліцыяй, прыгнётам свабоды і нацыянальнага самавызначэння па ўсёй Еўропе, з аўстрыйскім рэакцыянерам, які любой цаной бараніў трухлявае збудаванне Габсбургскай імперыі ад цалкам заслужанага заняпаду. Метэрніх дагэтуль застаецца антыгероем у нямецкай гістарыяграфіі, што ні падручнік — у кожным ён прадстаўлены цемрашалам. (…) Аднак Метэрніх быў зусім не такім, як мы дагэтуль думалі, пра што пераканаўча сведчыць рэвалюцыйная біяграфія, напісаная мюнхенскім гісторыкам Вольфрамам Зіманам — першая значная за апошнія дзевяноста гадоў. У кнізе, якая ўлучна з заўвагамі мае аб’ём амаль 1 000 старонак, ён дэталёва апісвае кар’еру гэтага дзяржаўнага дзеяча, народжанага ў 1773 годзе. На аснове мноства новых дакументаў, ліставання і архіўных знаходак аўтар кладзе канец легендам і прымхам. У гэтым выразным, шматгранным творы адлюстроўваецца цэлая эпоха, што сягае ад 1789 года аж да Германскай імперыі Бісмарка. (…) Метэрніх, як ніхто іншы, усведамляў геній і абмежаванні Напалеона. А тое, як ён гадамі маніпуляваў імператарам, нягледзячы на паразы, а на пасадзе міністра замежных спраў з 1809 года ствараў супраць яго еўрапейскую кааліцыю, чытаецца, нібы дэтэктыўны раман.
 

Wolfram Siemann
Metternich. Stratege und Visionär
C. H. Beck Verlag, München, 2016
ISBN 978-3-406-68386-2
983 Seiten