Эберхард Штраўб Драма горада. Крызіс урбаністычных формаў жыцця

Пры патрэбе пракаментаваць сучасную сітуацыю заведзена прытрымлівацца такіх буйных паняццяў, як гісторыя, дзяржава, нацыі або глабалізацыя. Заўвагі пра лёс гарадоў, хутчэй, абмяркоўваюцца рэгіянальнай лігай інтэлектуалаў або спецыяльнымі семінарамі па сацыялогіі планавання. І вось гісторык і незалежны навуковец Эберхард Штраўб дзякуючы сваёй палемічнай публікацыі «Драма горада» выводзіць разважанне пра ўрбаністычнае суіснаванне зноў на ўзровень вялікіх гістарычных наратываў. (…) Гарадскія цноты паўсталі не з дробнай барацьбы інтарэсаў ксенафобных афінскіх землеўладальнікаў, што ўтваралі меншасць у тагачасным грамадстве, але з мяшанкі мігрантаў, якіх не прымушалі да інтэграцыі і асіміляцыі. Кожны сапраўдны вялікі горад ператвараў чужынцаў у тубыльцаў. Рым па адной толькі прычыне недастатковага натуральнага прыросту залежаў ад міграцыі і мог пераканаць арыентаваных на перспектывы варвараў — арабаў, славян, германцаў — у перавагах гарадскога стылю жыцця. У абсалютнай Рымскай манархіі мела месца не абстрактная свабода, але мноства размаітых свабод, а святочных дзён было болей за працоўныя — пра гэта аўтар расказвае, маляўніча апісваючы шпацыры па рымскіх кварталах з высотнымі забудовамі, па тэрмах і гандлёвых вуліцах. Такія гістарычныя фантазіі, хоць і не маюць дачынення да навукі, але затое выдатна ілюструюць, чаму Штраўб лічыць, што толькі ў вялікіх гарадах людзі навучаюцца жыць у супольнасці, талерантна ставячыся адно да аднаго.
 

Эберхард Штраўб: Драма горада. Крызіс урбаністычных формаў жыцця
Выдавецтва «Нікалаі Ферлаг»
Берлін, 2015 г., 206 стар.
ISBN 978-3-8947-9915-1