Міхал Гварэцкі раіць Падарожнік

Der Reisende - Ulrich Alexander Boschwitz © Klett-Cotta Verlag Петэр Граф больш за дваццаць год дзейнічае на нямецкім кніжным рынку – ён рэдактар і выдавец. Курыраваў і апублікаваў мноства бэстселераў і  уганараваных прэміямі выданняў, вярнуў да жыцця шмат забытых твораў. Заслугай Графа з'яўляецца і тое, што раман «Падарожнік», які ўпершыню быў надрукаваны ў 1939 г. у Англіі, цяпер з'явіўся нарэшце і на нямецкай мове. Амаль 80 гадоў рукапіс арыгінала праляжаў у архівах Нью-Ёрка, потым у Архіве выгнання Нямецкай нацыянальнай бібліятэкі ў Франкфурце. Яшчэ ў 1963 г. сам Генрых Бёль уласнай асобай дамагаўся публікацыі, але не знайшоў выдавецтва. Аўтар рамана Ульрых Аляксандэр Бошвіц быў забыты. У 2018 г. яго твор стаў сенсацыяй у літаратурным свеце і апынуўся ў спісе бэстселераў часопіса «Шпігель».
 
Бошвіц напісаў свой раман «нібы ў ліхаманцы», за чатыры тыдні, адзначае Петэр Граф у насычаным інфармацыяй пасляслоўі. Граф рэдагаваў рукапіс са згоды родных аўтара. Ульрых А. Бошвіц нарадзіўся ў 1915 г. у Берліне. Яго бацька, яўрэй, быў  камерсантам, маці паходзіла з сям'і любекскага сенатара. У 1935 г. Бошвіц быў вымушаны эміграваць – спачатку ў Скандынавію, дзе і адбыўся яго дэбют. Поспех дазволіў яму паступіць ва ўніверсітэт у Парыжы. Незадоўга да пачатку вайны, у Англіі, ён быў інтэрніраваны і вывезены ў Аўстралію, дзе да 1942 г. знаходзіўся ў лагеры. Параход, на якім ён вяртаўся ў Еўропу, быў тарпедаваны нямецкай падводнай лодкай і затануў. Бошвіцу на час смерці было 27 гадоў.
 
«Падарожнік» быў выдадзены перад Другой сусветнай вайной пад псеўданімам Джон Грэйн у Лондане пад назвай «The man who took trains» («Чалавек, што ездзіў цягнікамі») і ў ЗША пад назвай «The Fugitive» («Выгнаннік»). Гэта аповяд пра Германію пасля захопу ўлады нацыстамі, які настолькі ж захапляе, наколькі і прыгнячае, а таксама дэталёва асвятляе падзеі. Галоўны персанаж – Ота Зільбэрман, камерсант-яўрэй, ветэран Першай сусветнай вайны – паказаны ў час зневажальных уцёкаў ад грамадства, атручанага антысемітызмам. Бошвіц распавядае пра фрагмент гісторыі, які да гэтага часу рэдка атрымліваў настолькі рэльефнае адлюстраванне. Аўтар паказвае эру нянавісці, страху і гвалту на дзіва яскрава і зразумела. Надзвычай актуальнае выданне!
 

Ulrich Alexander Boschwitz (Ульрых Аляксандэр Бошвіц)
Der Reisende («Падарожнік»)
Klett-Cotta Verlag, Stuttgart, 2018
ISBN 978-3608981230
303 Seiten

E-Book in der Onleihe des Goethe-Instituts ausleihen