Брыгіта Кронаўэр Аахенскі шэйх

Brigitte Kronauer: Der Scheik von Aachen Фота: © Klett-Cotta Verlag, Stuttgart, 2016 Яшчэ малой яна страшэнна любіла гушкацца на арэлях, «увысь, наколькі магчыма, ды ўніз, наколькі магчыма», заўважае аднойчы галоўная гераіня Аніта Янэман нібы мімаходзь, апавядаючы пра сваё захапленне светам гор і пра свайго каханага Марыё, альпініста-аматара, ад якога ідзе «водар горнага паветра», ён увесь такі ядраны мужчына, што аж масніцы гнуцца.
Увогуле спачатку 42-гадовая Аніта стварае ўражанне дзяўчыны, хутчэй, наіўнай, каб не сказаць — троху дзівачнай. Дзеля свайго «вялікага кахання» Марыё яна вярнулася са Швейцарыі ў свой родны горад Аахен, дзе, пакуль не трапілася што лепшае, працуе ў дзіўнай краме ля сабора, у якой прадаюцца размаітыя рэлігійныя рэчы. Штосуботы яна адведвае цётку Эмі, якая пры дапамозе шэры і гісторый спрабуе на нейкі час забыцца на жалобу, цень якой ахінае ўсё: сын яе Вольфганг у дзяцінстве загінуў, зваліўшыся з бярозы. Імя Вольфганг з тае пары — табу. (...) Брыгіта Кронаўэр грандыёзна сутыкае розныя танальнасці цёткі і пляменніцы ў своеасаблівым салонным бурлеску: Аніта збольшага лунае ў высокіх сферах, а (нягледзячы на ўсю сваю жалобу) досыць грубая Эмі вяртае яе на зямлю, у свет фактаў і да цэнтральнай тэмы. (...) Гісторыі маюць спакваля дапамагчы цётцы перажыць яе гора, бо гэты раман ёсць і ўмелым суцяшэннем — падобна да рамантычнай казкі пра шэйха і разам з тым не губляючы трывалай повязі з сучаснасцю, што праяўляецца ў розных формах: ад планшэта залежнай ад тэхнікі польскай прыбіральшчыцы да, скажам так, багатага на нюансы слоўнікавага запасу цёткі («Гэ?»).

Брыгіта Кронаўэр
Der Scheik von Aachen
(Аахенскі шэйх)
Выдавецтва «Клет-Кота Ферлаг»
Штутгарт, 2016, 399 стар.
ISBN 978-3-608-98314-2