Андрэ Кубічэк Накід аднаго лета

André Kubiczek: Skizze eines Sommers Foto: © Rowohlt Berlin Verlag, Berlin, 2016 Не ўсё было блага? Ай, глупства, было чароўна! Прынамсі, калі табе, як Рэнэ, акурат споўнілася 16 гадоў, ты маеш магнітафон з Інтэршопа на дзве касеты і на ўсе вялікія вакацыі 1985 года — вольную хату ў патсдамскім блочным раёне. Бацька Рэнэ, верны рэжыму супрацоўнік вышэйшай школы, паехаў на сем тыдняў на мірную канферэнцыю ў Швейцарыю, пакінуўшы сыну-падлетку тысячу марак на самае неабходнае і яшчэ дзвесце звыш таго — на Дзень народзінаў, пад ракавінай стаяць сем бутэлек брэндзі «Напалеон». (...) Бо Рэнэ і яго сябры Марыё, Дзірк ды Міхаэль, частуючыся фанабэрыста намяшанымі кактэйлямі з колай ды брэндзі, палячы цыгарэты маркі «Клуб» ды прытрымліваючыся не па гадах пыхлівых манераў, імкнуцца прадэманстраваць, якімі дарослымі пачуваюцца. (...) Падлеткі на парозе сталення швэндаюцца па спякотным, пустым у сезон адпачынкаў горадзе, завісаюць у кавярнях, паляць перад універмагам ды спаборнічаюць, хто дасціпнейшы. Два разы на тыдзень у шматфункцыянальнай рэстарацыі «Арыён» дыскатэка. (...) Ад песні «Sketch for Summer» групы «Durutti Column» паходзяць назва кнігі і слоган орваўскай касеты, пакрытай чорным лакам, што гаворыць само за сябе. Гэтую касету Рэнэ запісвае для каханай дзяўчыны, якая ў «Арыёне» ніколі не танцуе пад няправільную музыку. Правільная музыка адыгрывае вырашальную ролю ў тым, кім ты сам хочаш быць і да каго належаць. Гэта ведае кожны, каму некалі было 16 і хто мае неўтаймаванае сэрца. Але з часоў Сэлінджэра мала хто нагадваў пра гэта з такой цёплай меланхоліяй і з такім светлым гультайствам, як Андрэ Кубічэк у гэтым рамане.

Андрэ Кубічэк
Skizze eines Sommers
(Накід аднаго лета)
Выдавецтва «Ровальт Берлін Ферлаг»
Берлін, 2016, 375 стар.
ISBN 978-3-87134-811-2