Каця Ланге-Мюлер Дзверы, што круцяцца

Katja Lange-Müller: Drehtür Foto: © Kiepenheuer & Witsch Verlag, Köln, 2016 Аста стаіць у мюнхенскім аэрапорце, побач з дзвярыма, што круцяцца, якімі рэдка карыстаюцца, ля машын напракат, і ў адчаі паліць цыгарэты з дзьюці-фры. Яна не толькі падаецца разгубленай, яна насамрэч разгубленай і ёсць, як і яе багаж зусім не метафарычна згубіўся па дарозе, недзе паміж Нікарагуа і Германіяй. Галоўная гераіня новага рамана Каці Ланге-Мюлер правяла 22 гады свайго жыцця ў Манагуа ды іншых аддаленых гарадах, такіх як Джэрба ды Улан-Батар, працуючы на розныя гуманітарныя арганізацыі. Напрыканцы яна, відаць, адно раздражняла калег сваёй няўклюднасцю ды няўважлівасцю і роўненька ў момант наступлення пенсійнага ўзросту не без лёгкага ціску была выпраўленая на радзіму.
Там яна ламае сабе галаву над гэтымі дзіўнымі істотамі, словамі: «Аста думае — і маўчыць. З кім, — задаецца яна пытаннем, — мне размаўляць? Я ж нікога ўжо не ведаю, тут, на зямлі маёй айчыны, якая не ёсць маёй, бо гэтаксама практычна не належыць мне, як і матчына мова; адно, што на ёй стаю».
Ад гэтага голасу ў галаве позірк Асты пераключаецца на мінакоў, якія падаюцца ёй знаёмымі і пракладаюць лінкі ўспамінаў да эпізодаў з яе даволі бурлівага жыцця. (...) Асобныя вобразы, сітуацыі, размовы, урэзаўшыся ў памяць, яшчэ і праз дзесяцігоддзі зіхцяць або смыляць. І пасля сядзіш, як тая Аста, у негасціннай транзітнай зоне, якая нікуды ўжо не вядзе, толькі вонкі з жыцця, а перад вачыма паўстаюць вобразы, а ў вушах гучаць словы. «Бліскавіца, — думае Аста, — гэтае слова мне даўно ўжо не прыходзіла ў галаву, а цяпер во бліскавіцай паказалася. Паказная бліскавіца? Нонсэнс».

Каця Ланге-Мюлер
Drehtür
(Дзверы, што круцяцца)
Выдавецтва «Кіперхоер & Віч Ферлаг»
Кёльн, 2016, 224 стар.
ISBN 978-3-462-04934-3