Томас Мэле Свет за спінаю

Thomas Melle: Die Welt im Rücken Фота: © Rowohlt Berlin Verlag, Berlin, 2016 У сваёй найноўшай аўтабіяграфічнай кнізе Томас Мэле расказвае пра ўласнае маніякальна-дэпрэсіўнае захворванне. Гісторыя біпалярнага разладжання — эўфемістычная і, як ён кажа, занадта бяскрыўдная назва для той катастрофы, якую ўчыняе гэтая хвароба, — распавядаецца з бязлітаснай шчырасцю і шакавальнай брутальнасцю. Разам з тым яна «шалёна» забаўная. «Экзістэнцыйнай буфанадай» называе яе Мэле ў адным з інтэрв’ю. Маніякальныя фазы прымушаюць яго цягацца па берлінскіх клубах, кнайпах, вечарынах і канцэртных залах, таму Мэле нібы мімаходзь удаецца перадаць настрой пераўзбуджанай берлінскай поп-культурнай сцэны.
«Свет за спінаю» — гэта спроба Мэле ўтаймаваць смертаносную хваробу. Пісьменства служыць яму ахоўным касцюмам, у якім ён ступае на забруджаную тэрыторыю сваіх пакутаў. Грандыёзны літаратурны твор паўстае з гэтага дзякуючы моўнай форме, якую Мэле надае ўсяму гэтаму. Літаратурная форма амаль кангеніяльным чынам адпавядае зместу. Падобная да балотных агнёў дакладнасць Мэле ў апісанні адшчэпленай ад яго самасці адпавядае абвостранаму ўспрыманню падчас маніі, якая ў яго выпадку дадаткова суправаджаецца паранаідальным псіхозам. Ён разглядае гэтае «я», якім ёсць і ўсё ж не ёсць ён сам, чыё шаленства пасля падаецца яму ў вышэйшай ступені чужым, ганебным і жудасным, як «герой дурнаватага тэлесерыяла».

Томас Мэле
Die Welt im Rücken
(Свет за спінаю)
Выдавецтва «Ровальт Берлін Ферлаг»
Берлін, 2016, 352 стар.
ISBN 978-3-87134-170-0