Тэрэзія Мора Каханне сярод іншапланецян

Terézia Mora: Die Liebe unter Aliens Фота: © Luchterhand Literaturverlag, München, 2016 Дзівакі і арыгіналы цікавяць Тэрэзію Мору здаўна. 17 гадоў таму гэтая пісьменніца, ураджэнка Венгрыі, выдала сваю першую кніжку пад назвай «Дзіўная матэрыя»... (...) Яе адметная закаханасць у мову звярнула на сябе ўвагу, а яшчэ тое, што яна скіроўвае позірк на грамадства, адштурхоўваючыся ад маргінальнай перспектывы. З таго часу аўтарка была ўганараваная прэміямі і стыпендыямі, напісала тры вялікія раманы, яе стыль зрабіўся больш самастойным, частыя змены паміж аўктарыяльнай і асабовай перспектывамі, паміж позіркам звонку і знутры надаюць яе тэкстам нешта ртутнае. Новая кніга зноўку ўяўляе сабой зборнік кароткіх апавяданняў пад назвай «Каханне сярод іншапланецян». Месцы дзеяння зрабіліся больш метрапольнымі — Берлін, Лондан, — тэмы больш разнастайнымі, але позірк з маргінальнай перспектывы захаваўся, і выразная любоў да нямецкай мовы — таксама. У кнізе сустракаюцца грувасткія, непрадказальныя персанажы, нібыта знаёмыя, бо штодня спатыкаемся з імі на вуліцы, у метро або ў супермаркеце. Асобныя апавяданні на першы погляд нібы не звязаныя паміж сабою, але можна правесці пэўныя паралелі, матывы паўтараюцца то тут, то там, праяўляецца вера ў повязі, своеасаблівае супрацьяддзе ад душэўнай чэрствасці, неразумення і анямення. (...) Тэрэзія Мора, відавочна, ведае, якія намаганні патрабуюцца, каб трымаць жыццё ў раўнавазе і не ўвайсці ў штопар. Сваю сімпатыю яна аддае героям, якім гэта не ўдаецца: аўтсайдэрам, чые гісторыі паказваюць нам, як мы самі жывем.

Тэрэзія Мора
Die Liebe unter Aliens
(Каханне сярод іншапланецян)
Выдавецтва «Люхтэрханд Літэратурферлаг»
Мюнхен, 2016, 272 стар.
ISBN 978-3-630-87319-0