Каралін Эмке Супраць нянавісці

Carolin Emcke: Gegen den Hass Фота: © S. Fischer Verlag, Frankfurt am Main, 2016 Каралін Эмке звяртае ўвагу і на «інстытуцыянальны расізм» у Злучаных Штатах, і на ідэалогію ды стратэгію тэрарыстычнай арганізацыі пад назвай «Ісламская дзяржава», але падрабязна зноў а зноў канцэнтруецца на сітуацыі ў Германіі. Зыходным пунктам для аўтаркі робіцца тая Германія, якая адчувальна змянілася на працягу так званага «крызісу ўцекачоў»: краіна, дзе такі размах «адкрытай і неўтаймаванай нянавісці», якога яшчэ зусім нядаўна і ўявіць сабе немагчыма было, краіна, дзе «абураюцца, крыўдзяць і раняць» пад дзвярыма прытулкаў для ўцекачоў, на форумах у інтэрнэце, у грамадскіх ды іншых месцах. (...)
У атмасферы фанатызму пэўную ролю адыгрываюцьі патаемныя клакёры — гледачы, якія суправаджаюць апладысментамі зграю, што цкуе. Менавіта дзякуючы ім, як трапна піша Эмке, існуе нянавісць. Акурат іх трэба пазбавіць упэўненасці ў сабе, калі мы імкнемся супрацьдзейнічаць нянавісці. Як паводзіць сябе, сутыкаючыся з нянавісцю? Перш за ўсё, адказвае Эмке, «не прыпадабняцца і не прызвычайвацца да яе». Перамагчы нянавісць ніякая нянавісць не дапаможа. Але, з іншага боку, і любоў не паспрыяе. Сёлетняя лаўрэатка Прэміі міру нямецкіх кнігагандляроў робіць прапанову, якая, паводле яе ўласных апасенняў, можа падацца сціплай, але можа разглядацца і як прагматычны і разам з тым элементарны варыянт любові да бліжняга. Людзям, што ненавідзяць, акурат гэтага і бракуе — «дакладнага назірання, нястомнай дыферэнцыяцыі і сумневаў у сабе».

Каралін Эмке
Gegen den Hass
(Супраць нянавісці)
Выдавецтва «С. Фішэр Ферлаг»
Франкфурт-на-Майне, 2016, 240 стар.
ISBN 978-3-10-397231-3