Клаўс Офэ Еўропа ў пастцы

Claus Offe: Europa in der Falle Фота: © Suhrkamp Verlag, Berlin, 2016 «Еўропа ў пастцы» — такую назву мае новая кніга палітолага Клаўса Офэ, і назва гэтая трапляе дакладна ў яблычак. Увёўшы еўра, Еўрапейскі Саюз апынуўся ў складаным становішчы, няма руху ні назад, ні ўперад. Сёння зона еўра падзялілася на тых, хто ў выйгрышы, і тых, хто ў пройгрышы. Паўночныя краіны на чале з Германіяй атабарыліся на сонечнай палубе, атрымліваючы ад еўра карысць, у той час як пазбаўленыя фінансава-палітычнай улады «паўднёвыя краіны» ніяк не могуць прыстаць да берага ды ўздымаюць бунт. (...) Наступствы бачныя на кожным кроку. У кільватары зацяжнога крызісу правыя партыі робяць стаўку на аднаўленне «эканамічных, палітычных і культурных абарончых функцый тэрытарыяльных межаў». І чым далей цягнецца крызіс, тым большы разрыў паміж эканамічнай неабходнасцю і палітычнай эфектыўнасцю, тым болей вабіць магчымасць знайсці прытулак на трывалай нацыянальнай глебе. (...) Офэ бліскуча зводзіць рахункі з ЕС, дэманструючы выбітную аналітычную дакладнасць, але не заклікае выходзіць з еўразоны, зусім наадварот. Нават калі ўвод еўра без прывязкі да палітычнага саюза быў вялікай памылкай, яшчэ «большай памылкай будзе спроба скасаваць тое, што існуе на сённяшні дзень», бо немагчыма пралічыць, якія рызыкі выкліча гэты крок. Па словах аўтара, адны авантурысты вераць у тэорыю вазонаў, паводле якой кожнай нацыі лепей самой паліваць уласную кветачку. Насамрэч скасаванне ЕС знішчыць акурат тую сілу, якая неабходная, каб стрымліваць фінансавыя рынкі і кантраляваць крытычныя сферы па-за межамі нацыянальнай дасягальнасці, такія як барацьба з тэрарызмам, энергія і клімат.

Клаўс Офэ
Europa in der Falle
(Еўропа ў пастцы)
Выдавецтва «Зуркамп Ферлаг»
Берлін, 2016, 160 стар.
ISBN 978-3-518-12691-2