Ліндал Роўпер Чалавек Марцін Лютэр. Біяграфія

Lyndal Roper: Der Mensch Martin Luther. Die Biografie Фота: © S. Fischer Verlag, Frankfurt am Main, 2016 «Неверагодная адвага Лютэра, яго шчырая гатоўнасць усё паставіць на карту і здольнасць прымаць Боскую ласку як падарунак, якога ён не заслугоўвае, — вось найбольш прыцягальныя рысы яго асобы», — піша Ліндал Роўпер у канцы гэтай выбітнай біяграфіі Лютэра. Аўстралійскі гісторык, выкладчыца гісторыі Ранняга Новага часу ў Оксфардзе яшчэ ў 2012 годзе выдала невялікі, але варты ўвагі разгляд асобы Лютэра. (...) Пра характар і харызму гэтага чалавека шмат пісалі, пачынаючы з XVI стагоддзя. Ліндал Роўпер цяпер глыбінна даследуе, як Лютэр стаў тым, кім быў. Асобу Лютэра яна даследуе ўжо на працягу дзесяці гадоў, звяртаючыся не толькі да секундарнай літаратуры, але і вывучаючы крыніцы. У архівах. Варта адзначыць гэты факт, бо шмат для каго з гісторыкаў грунтоўнае самастойнае вывучэнне крыніцаў ужо не маецца на ўвазе само сабой, калі яны наагул у стане расчытаць старажытныя рукапісныя матэрыялы. «Найвялікшай радасцю і ўзбагачэннем ад сустрэчы з гэтым чалавекам, — піша Роўпер, — для мяне былі яго лісты». Для аўтаркі яны ўяўляюць сабой «літаратурныя крыніцы, што перадаюць ягоныя пачуцці». Пачуцці? У Лютэра? (...) Хто спадзяецца знайсці ў гэтай біяграфіі гістарычнае корпанне ў пачуццях, цалкам памыляецца. Мала ў якой з папярэдніх кніжак мы знаходзім настолькі дэталёвыя апісанні і трапныя тлумачэнні асобы Лютэра, пры гэтым аўтарка спрэс належным чынам прытрымліваецца факталогіі (...).

Ліндал Роўпер
Der Mensch Martin Luther. Die Biografie
(Чалавек Марцін Лютэр. Біяграфія)
Выдавецтва «С. Фішэр Ферлаг»
Франкфурт-на-Майне, 2016, 736 стар.
ISBN 978-3-100-66088-6