Прадмова да актуальнага выдання
Восень 2017

Berthold Franke Foto: Berthold Franke © Berthold Franke

БЕРТАЛЬД ФРАНКЕ

нарадзіўся ў 1956 годзе, вывучаў музыку, германістыку і сацыяльныя навукі, працаваў журналістам і выкладчыкам. З 1988 года працуе ў Інстытуце імя Гётэ. У якасці супрацоўніка Інстытута працаваў у Варшаве, Дакары, Стакгольме, Парыжы, быў рэгіянальным дырэктарам Інстытутаў імя Гётэ ў Паўднёва-Заходняй Еўропе, а таксама еўрапейскім упаўнаважаным Інстытута імя Гётэ ў Бруселі. З 2014 года працуе ў Празе рэгіянальным дырэктарам Інстытутаў Гётэ ў Цэнтральна-Усходняй Еўропе. Эсэ і артыкулы на тэмы культурнай палітыкі і палітыкі друкаваліся ў розных выданнях, напрыклад, у часопісе «МЕRKUR». У апошні час пад яго рэдакцыяй выйшла кніга «Kanon und Bestenlisten. Was gilt in der Kultur? — Was zählt für Deutschlands Nachbarn» (Гёцінген: Штайдль, 2012). У 2016 годзе быў сябрам журы Нямецкай кніжнай прэміі.

Кнігі, пра якія размаўляюць

Праца ў журы літаратурнай прэміі, безумоўна, мае свае складанасці, але поруч з гэтым і прыемныя бакі: чытанне вялікага аб’ёму літаратуры на пэўны час у якасці выключэння робіцца асноўнай прафесійнай дзейнасцю. Як сябра журы Нямецкай кніжнай прэміі, апроч таго, сутыкаешся яшчэ і з цікавай зменай перспектывы. Свет і рэчаіснасць раптам пачынаюць успрымацца ў пэўным сэнсе праз акуляры актуальнай нямецкамоўнай прозы — надзвычай захапляльны праект. Бо ў такі спосаб адкрываецца рэчаіснасць другога парадку, то бок акурат тая, што транслюецца ў літаратурных тэкстах, ствараючы, з аднаго боку, магчымасць метафарычнай дыстанцыі да канкрэтнага, з іншага боку — вельмі адметны падыход да рэчаіснасці дзякуючы мастацка-апавядальнай інтэнсіфікацыі. Аматары чытання ведаюць гэта: ты адначасова і набліжаешся, і аддаляешся. Літаратура стварае, кажучы словамі Адорна, феномен «аддаленай блізкасці».
 

З гэтым парадоксам мы сутыкаемся, чытаючы, напрыклад, «Хул» Філіпа Вінклера або «Чужая душа, цёмны лес» Райнхарда Кайзер-Мюлекера, дзе апісваецца жыццё ў свеце экстрэмальным або далёкім, але ўрэшце праяўляюцца цалкам элементарныя, універсальныя чалавечыя канстэляцыі. Або, наадварот, як у «Аполакаліпсісе» Герхарда Фалькнера, у кнізе, якая паказвае досвед горада і пакалення ў якасці элементаў, з якіх складаецца біяграфічна-літаратурная ідэнтычнасць. Магчымасцю літаратуры спалучаць знешні, сацыяльны і ўнутраны, суб’ектыўны свет па-майстэрску карыстаецца Бода Кірххоф, cёлетні лаўрэат Нямецкай кніжнай прэміі. Ягоны невялікі раман, азначаны ў падзагалоўку як навела, пераплятае ціхую, але разам з тым радыкальную гісторыю кахання немаладых ужо людзей з еўрапейскай рэчаіснасцю ўзору лета 2015 года, тым самым сутыкаючы з глабалізацыяй, якую Еўропа перажывае ў форме новых міграцыйных рухаў. Дзякуючы канцэнтраванасці тэксту і моўнай далікатнасці аўтару ўдаецца зрабіць гэта, ні на момант не апусціўшыся да кічу. Кірххоф гаворыць прамым тэкстам, ні разу нават не прамаўляючы слова «ўцекачы» ў сваёй грандыёзнай кнізе. Такое сучаснае і разам з тым глыбіннае ўспрыманне ёсць прывілеяй літаратурнага позірку на свет.

Калі і ёсць якая тэндэнцыя ў актуальнай нямецкамоўнай, можа, нават у сучаснай літаратуры наагул, то гэта тэндэнцыя біяграфічнага пісьма. Шмат кніг, якія апошнім часам дамінуюць у кнігавыданні і ў спісах бестселераў, натхнёныя галоўным чынам літаратурнымі мемуарамі. Сусветнаму поспеху нарвежскага аўтара Карла Увэ Кнаўсгора ўсёабдымнасцю сваёй рамачнай канструкцыі адпавядаюць кнігі нямецкіх аўтараў Герхарда Хеншэля, Андрэаса Маера, Ёахіма Маерхофа. Поруч з унікальнымі творамі актуальнага літаратурнага сезона ад такіх аўтараў, як Максім Білер, згаданы ўжо Герхард Фалькнер ды Беньямін фон Штукрад-Барэ, выбітнымі можна назваць кнігі Андрэ Кубічэка і Томаса Мэле, якія таксама ўвайшлі ў наш шорт-ліст. Кубічэк у кнізе «Накід аднаго лета» расказвае пра (сваё) сталенне ў Патсдаме 1985 года, і гэты падлеткавы раман, чароўна фантазійны і разам з тым багаты на дакладныя назіранні, у якіх хапае і слодычы, і горычы, уяўляе сабой адну з найпрыемнейшых кніг года, а чытаючы аўтабіяграфічную справаздачу Томаса Мэле пра яго шматгадовае маніякальна-дэпрэсіўнае захворванне пад назвай «Свет за спінай», аж дыхаць цяжка. Калі паспрабаваць азначыць гэтую кнігу, не прытрымліваючыся жанравых межаў, то можна было б назваць яе, напрыклад, «дакументальным раманам»: тэкст гэты грунтуецца на брутальным і пазбаўленым ілюзій самаагаленні, сродкі якога, аднак, у вышэйшай ступені літаратурныя. Мы чытаем не толькі кранальную гісторыю хворага чалавека, якая сягае аж да межаў таго, што можна вытрываць і мае жудасны ўплыў на біяграфію аўтара, але і грандыёзны тэкст пра варункі чалавечага існавання, напісаны з дагэтуль невядомай перспектывы.

Важную аўтабіяграфію знойдзем і сярод навукова-папулярнай літаратуры, а менавіта аўтабіяграфію Вольфа Бірмана, таго барда, які навучыў улады ГДР адчуваць страх. Кніга «Не чакай лепшых часоў» апісвае насычанае жыццё, пераплеценае з найноўшай нямецкай гісторыяй шчыльней за якое іншае ў гэтым пакаленні, набліжаючы нас да чалавека, што жыве напоўніцу, да найважнейшага нямецкага паэта, паслядоўніка Бертальда Брэхта. А вось паслядоўнікамі Марціна Лютэра можна лічыць усіх, хто піша па-нямецку. Да года Лютэра, якім абвешчаны 2017, выйшла не толькі адмысловая біяграфія аўтарства аўстралійскага гісторыка Ліндаль Роўпер, але яшчэ і культурна-гістарычнае «Падарожжа ў эпоху Лютэра» Бруна Прайзэндорфера, дзе прадстаўленыя ключавыя падзеі вось ужо пяцісотгадовай даўніны, не толькі рэлігійныя, але і моўна-гістарычныя.

Актуальным палітычным тэмам і сённяшнім тэндэнцыям у культуры, як заўжды, прысвечаная асноўная частка навукова-папулярнай літаратуры. Прычыны і наступствы крызісу друкаванай прэсы, пра які так часта вядзецца гаворка, аналізуе Міхаэль Ангеле ў сваім эсэ «Апошні чытальнік газет», дзе іранічна звяртаецца да постаці Томаса Бернхарда. Часткова цынічны, часткова выцеснены, але ў любым выпадку непрыемны факт, што сучасны сярэдні клас у заможных краінах атрымлівае асалоду ад жыцця за кошт новага класа пралетарыяту, які клапоціцца аб ім у сектары паслуг, тэматызуе кніга Крыстафа Бартмана «Вяртанне служак». І свежы, разважны, але надзвычай дакладны новы голас у хоры фемінізму гучыць у кнізе Маргарэты Стакоўскі «Свабода ніжэй пояса». «Супраць нянавісці» піша найноўшая лаўрэатка Прэміі міру нямецкіх кнігагандляроў Каралін Эмке. Яе кніга пра новае вымярэнне нястрыманай фанатычнай нянавісці ў нашай палітычнай ды культурнай сферы, а таксама яе прамова з нагоды ўручэння прэміі, у якой яна падкрэслівае супрацьлеглыя пазіцыі, належаць да тэкстаў, якія найбольш інтэнсіўна абмяркоўваюцца гэтай восенню, калі працягваюцца дыскусіі на тэму ўцекачоў. Кніга Герфрыда і Марыны Мюнклер «Новыя немцы» зыходзіць з непазбежнасці сацыяльных зменаў у сувязі з новымі хвалямі міграцыі і дабратворна цвяроза, без лішніх эмоцый аналізуе шансы і рызыкі працэсу інтэграцыі вялікай колькасці людзей, які чакае нас у будучым. Тое, што «Еўропа ў пастцы», канстатуецца не ўпершыню. Гуру крытычнай паліталогіі ў Германіі, Клаўс Офэ, не займаючыся самападманам, змог дадаць да гэтага сапраўды бязрадаснага аналізу канкрэтныя перспектывы рашэння праблем, а эсэ Яна-Вернера Мюлера «Што такое папулізм?», якое вельмі часта цытуецца, спачатку звяртаецца да неабходнага праяснення катэгорый, што нямала ў той час, калі перад Еўропай, тым больш пасля выбараў у Амерыцы, з нязнанай раней вастрынёй паўстала неабходнасць адшукаць свой шлях.

Прысуджаючы літаратурныя прэміі, складаючы спісы бестселераў або ствараючы выбаркі літаратуры накшталт прапанаванай вам тут, надзвычай складана зрабіць выбар з мноства кніг: штораз, абіраючы адну кнігу, адхіляеш нейкую іншую. Такая ўжо сутнасць гэтай справы. Хто прынцыпова не прымае моманту гульні і адвольнасці, якога не пазбегнуць (на карысць чаго ёсць вельмі нават шмат аргументаў), таму па магчымасці варта пазбягаць уплыву прэмій і спісаў. Усім астатнім у якасці натхнення для падарожжа па нямецкамоўным літаратурным свеце гэтай зімы мы раім брашуру, якую вы трымаеце ў руках. Зычым задавальнення з новым нумарам «Кніг, пра якія размаўляюць».

Бертальд Франке