Прадмова да актуальнага выдання

Christoph Bartmann - Leiter des Goethe-Instituts Warschau Foto: Christoph Bartmann © Christoph Bartmann

Крыстаф Бартман

з 2016 г. з'яўляецца дырэктарам Інстытута імя Гётэ ў Варшаве. Час ад часу ён піша літаратурна-крытычныя артыкулы для штодзённай газеты «Зюддойчэ Цайтунг».

У 2016 г. у выдавецтве «Hanser Verlag» выйшла яго кніга «Вяртанне слуг. Новая буржуазія і яе персанал» («Die Rückkehr der Diener. Das neue Bürgertum und sein Personal»).

Восень 2017 г.
 

Кнігі, пра якія размаўляюць

Гэтай восенню з яе прыкрасцямі мы – дома, з сябрамі ці на працы – пра палітыку размаўляем шмат больш, чым раней. Найперш пра трыумф правага папулізму, варожасці і неанацыяналізму, прычым не толькі тут ці там, а амаль ва ўсім свеце. Час, які мы бавім, абмяркоўваючы гэтыя тэмы, адбіраецца ад часу, калі мы размаўляем пра кнігі. Хіба што (але такое бывае рэдка) кніга чытаецца як адказ на пытанні сучаснасці. Калі гэта і здараецца, то хутчэй не з раманамі, а з навукова-папулярнымі кнігамі, якія суправаджаюць ці нават спрычыняюць дыскусіі. У Германіі апошнім такім творам нечакана стала, адразу пасля публікацыі ў 2016 г., кніга сямігадовай даўнасці француза Дзідзье Эрыбона «Вяртанне ў Рэймс» (Didier Éribon, „Rückkehr nach Reims“). Эрыбон – сацыёлаг і аўтар біяграфіі Фуко – рэфлексуе ў ёй наконт уласнага паходжання з асяродка простых рабочых Рэймса, распавядае пра культурнае вызваленне з гэтага асяродка дзякуючы вучобе ў парыжскім універсітэце і пра шок, з якім ён даведаўся, што «маленькія людзі» Рэймса сталі здабычай праваэкстрэмісцкай партыі „Front National“. У Германіі эсэ Эрыбона чыталася як каментар да актуальнай сітуацыі. Гэтая кніга сведчыць, што штуршок управа адбываецца ў тым, што  перажыў ты сам; адначасова яна знаходзіць паняцці, якія тлумачаць падзею.

Ад раманаў не варта чакаць такой суперактуальнасці. Але ж былі часы, калі вядучыя пісьменнікі краіны (тады было ясна, хто належаў да «вядучых») з веданнем справы прасілі слова, калі патрабавалася літаратурная ацэнка сітуацыі. Згадаем аповесць Генрыха Бёля «Страчаны гонар Катарыны Блюм» (1974 г.) ці раман Гюнтэра Граса «Шырокае поле» (1995 г.). Абодва творы ўяўляюць сабою літаратурную рэакцыю на палітычныя падзеі ў Германіі: першы – на тэрор «Фракцыі Чырвонай Арміі» і выкліканую ім істэрыю, другі – на ўз'яднанне Германіі. Такія кнігі сталі падзеямі, таму што іх аўтары – самыя славутыя пісьменнікі краіны і таму што яны адразу ж пачалі шырока абмяркоўвацца ў прэсе вялікімі крытыкамі кшталту Марсэля Райх-Раніцкага, прычым ахвотней даваліся негатыўныя водгукі («абсалютны правал»). Толькі грубы разнос, у адказ на які з'явіліся, безумоўна, і процілеглыя меркаванні, забяспечыў неабходную сенсацыю.

Аднак з паступовым выміраннем вялікіх майстроў літаратуры і крытыкі такія скандалы здараюцца больш рэдка. Гэта не азначае, што пра літаратуру ўжо не спрачаюцца. Апошнім часам на Франкфурцкім кніжным кірмашы нават здараюцца бойкі – напрыклад, у сёлетнім кастрычніку на стэндзе выдавецтва „Antaios“. Гэтае выдавецтва з'яўляецца інтэлектуальным форумам новых правых Германіі. Тут публікаваліся такія шмат чытаныя кнігі, як „Finis Germania“, у якой памерлы ў мінулым годзе гісторык Рольф Петар Зіфэрле перасцерагае ад пагібелі Захаду па віне «сацыял-дэмакратызму» і ад культу нямецкага «пераадолення мінулага». Зачэпкай франкфурцкай бойкі з'явілася кніга «Жыць з левымі» („Mit Linken leben“), контратака на папулярныя зараз выданні кшталту «Размаўляць з правымі» („Mit Rechten reden“). На кірмашы выступіў Б'ёрн Гёкэ, прадстаўнік праваэкстрэмісцкай «Альтэрнатывы для Германіі», На яго выступленне з'явіліся сябры «Антыфа», якія скандзіравалі: «Нацысты, вон!»; потым пайшлі ў ход кулакі. Арганізатары кірмашу загадзя заявілі, што не збіраюцца забараняць паказ літаратуры, якая адлюстроўвае ідэі правага накірунку. І правільна зрабілі, бо інакш «Альтэрнатыва для Германіі» мела б больш падстаў сцвярджаць, што сёння свабода думкі знаходзіцца пад пагрозай, найперш з боку лібералаў. У цэлым, не толькі на кніжным кірмашы, назіраецца палярызацыя пунктаў гледжання. Усё часцей пытанне фармулюецца так: ці можна ўвогуле (яшчэ) размаўляць з тым і з тою? Менавіта ў Германіі, дзе часта недастаткова дакладна бачаць розніцу паміж кансерватыўнымі, правымі і праваэкстрэмісцкімі перакананнямі, узнікае пагроза забароны думкі і слова таксама і з левага боку. Хіба, напрыклад, Петэр Слотэрдайк і Бота Штраўс – прадстаўнікі правых і ім, калі гэта так, трэба забараніць пісаць і выступаць? Здаецца, усё больш людзей маюць праблемы з палітычным плюралізмам.

Хоць сёння літаратура знаходзіцца пэўным чынам у ценю палітыкі, але сёлетняй восенню яна маштабна прэзентавала сябе. Гэта вызначалася не столькі шведскай Акадэміяй з яе ўвогуле прыймальным, але не вельмі хвалюючым  выбарам Кадзуа Ісігура нобелеўскім лаўрэатам па літаратуры, а шматлікасцю значных кніжных навінак. З нямецкамоўных кніг адмыслова трэба згадаць раман Роберта Менасэ «Сталіца» („Die Hauptstadt“) – пра Брусэль, раман Інга Шульцэ «Петэр Гольц. Яго шчаслівае жыццё, расказанае ім самім» („Peter Holtz. Sein glückliches Leben erzählt von ihm selbst“), гістарычна-фантастычны раман Даніэля Кельмана «Тыль» („Tyll“) і бурлівы дэбют Сашы Марыяны Зальцман «Не помнячы сябе» („Außer sich“). За эпас пра Еўрапейскі Саюз Менассэ нядаўна атрымаў літаратурную прэмію Германіі „Deutscher Buchpreis“. Цягам некалькіх год аўтар збіраў для яе матэрыял у Брусэлі. У 2012 г. выйшла эсэістычнае падсумаванне яго пошукаў, спрэчная ў вачах аб'яднанай Еўропы кніга «Еўрапейскі пасланец» („Der Europäische Landbote“). «Сталіца» – прыклад вельмі рэдкага ў апошні час літаратурна цікавага і палітычна актуальнага рамана. З гэтым творам аўтару ўдалося тое, чаго ў свой час не здолелі дасягнуць Бёль і Грас. Калі іх кнігі станавіліся палітычна актуальнымі, пагаршалася іх літаратурная якасць.

Нялёгка напісаць раман на ўзроўні палітычнай сучаснасці, калі гэтая сучаснасць зноў і зноў  спараджае новую інфармацыю, якая, канешне ж, у поўным аб'ёме павінна last minute увайсці ў раман. Брэксіт, крызіс з бежанцамі, тэрарыстычныя акты ў Брусэлі, – увесь час нешта здараецца. Свайго кшталту скалой пасярод прыбою штодзённых падзей аказваецца ў Менасэ Еўракамісія з яе службоўцамі, іх працэдурамі, усталяваным парадкам і рэгуляваннем моўных праблем. Найпрасцей (і неверагодна сумна) было б напісаць сатыру на ЕС, у якой бічаваліся б ленасць і астароненасць тамтэйшай дзейнасці. А Меннасэ хваліць (а, магчыма, нават і любіць) брусэльскую складанасць. І ў гушчыні апарата ён знаходзіць мноства разумных людзей, для якіх халодны і абстрактны Брусэль нейкім чынам стаў радзімай.

На пачатку рамана па вуліцах бяжыць свіння, увасабленне, у прыватнасці, і таго факта, што Брусэль – найперш сталіца аграрна-індустрыяльнага комплексу. Свіння мае важнае значэнне для Еўропы, яна з'яўляецца «шматпрофільнай матэрыяй», г. зн. ёю займаюцца, у залежнасці ад ступені пераапрацаванасці, розныя аддзелы ЕС. Пакуль свіння без пэўнай задачы бяжыць па гораду, мы знаёмімся з шэрагам фігур, якіх Менасэ аб'ядноўвае ў брусэльскі карагод. Культура – апошняе, чаму Еўракамісія надае значэнне, гэта там ведаюць, таму трэба вельмі паднапружыцца, каб адтуль хутчэй трапіць у іншае «дасье» (напрыклад, у сельскую гаспадарку). Феніі Ксенаполу з Грэцыі патрабуецца ідэя, для яе ўласнай кар'еры і для святкавання разнастайных еўрапейскіх юбілеяў бліжэйшага часу. Хто можа падказаць ідэю для такой паралельнай акцыі? Аўстрыец Зусман прапанаваў прывезці ў Брусэль апошніх з былых вязняў Асвенцыма. Еўрапейскі праект павінен зрабіць усё, каб Асвенцым  больш ніколі не паўтарыўся. Ідэя амаль патэтычная і амаль занадта сур'ёзная для гэтай камісіі. Нейкі час яна нібыта ўжо пачынае ажыццяўляцца, а потым, па ўсіх правілах еўрапейскага мастацтва, яе пачынаюць тарпедаваць. Шмат што ідзе ў Брусэлі не так, як належыць, шмат што становіцца ахвярай бюракратыі і неэфектыўнасці. Але, магчыма, ЕС прадухіляе войны, так, як некалі імперыя Габсбургаў доўгі час захоўвала крохкі мір. Няма нічога горшага, у гэтым мы падзяляем перакананасць Менасэ, чым зварот нацыянал-сацыялізму.

Мы больш не спадзяемся адчуць у раманах далучэнне да палітычнай сучаснасці. Што такое павінны ведаць аўтары раманаў, што такое маглі яны перажыць па-за гарызонтам нашага ўласнага спажывання навін? Магчыма, і з гэтай прычыны многія пісьменнікі звяртаюцца да мінулага, як, напрыклад, Даніэль Кельман у сваім «Тылі» да смуты Трыццацігадовай вайны ці Інга Шульцэ да смуты першага часу пасля ўз'яднання Германіі. Або яны канцэнтруюць увагу на рэзанансе вялікіх пераломаў у жыцці сям'і, як Саша Марыяна Зальцман у «Не помнячы сябе». Роберт Менасэ пайшоў на рызыку і напісаў насычаны палітычнай інфармацыяй, палітычна ангажаваны раман пра сучаснасць – і выйграў. Яго зацікаўленасць тэмай адлюстроўвае заклапочнасць, але не можа не заўважаць і сапраўднай весялосці. Заклапочана, але весела. Такі раман нам якраз вельмі дарэчы.

Крыстаф Бартман