Хуткі ўваход:
Перайсці наўпрост да кантэнту (Alt 1)Перайсці наўпрост да другога ўзроўню навігацыі (Alt 3)Перайсці наўпрост да першага ўзроўню навігацыі (Alt 2)

Факты са свету футбола
Шэсць рэчаў, якія вы павінны ведаць пра нямецкі футбол

Брамнік Мануэль Ноер
Брамнік Мануэль Ноер | Фота (фрагмент): © Picture Alliance/R4341

Вы ведаеце правіла «50+1»? Вам вядома, кім быў Берт Траўтман? Прадстаўляем вам шэсць цікавых і кур’ёзных фактаў з краіны футболу Германіі для падтрымання размовы.

Von Томас Вінклер

Чалавек на браме? Тытан!

Падобна, што больш ніякая краіна не дала свету столькі выбітных брамнікаў, як Германія: іх лік пачынаецца ад Тоні Турэка, які выратаваў перамогу нямецкай зборнай ў гульні ЧС 1954 года супраць Венгрыі, працягваецца чэмпіёнамі свету Зэпам Маерам і празваным «Тытанам» Аліверам Канам, а сканчаецца цяперашнім капітанам нямецкай зборнай і чэмпіёнам свету Мануэлем Ноерам. У Германіі моляцца на брамнікаў. Аднак адзін з найвялікшых нямецкіх галкіпераў усіх часоў зусім не быў вядомы ў Германіі падчас сваёй футбольнай кар’еры: брэменец Берт Траўтман трапіў у часе Другой сусветнай вайны ў палон да брытанцаў, аднак пасля свайго вызвалення не вярнуўся на радзіму, а застаўся ў Англіі. Там ён згуляў за «Манчэсцер Сіці» больш за 500 разоў, у 1956 годзе стаўся футбалістам году ў Англіі – і легендай: нягледзячы на тое, што падчас фіналу турніру Брытанскай футбольнай асацыяцыі «Challenge Cup» у тым самым годзе ён траўмаваў патыліцу, брамнік вытрымаў гульню да канца – і выратаваў перамогу сваёй каманды ў чэмпіянаце.

Перамога? Гэта ўсё!

ЧС-1990: англійскі нападаючы Гары Лінэкер (справа) забівае адзінаццаціметравы Бода Ілгнеру, лік становіцца 1:0, урэшце Англія прайграе з вынікам 4:3. Фота (фрагмент): © Picture Alliance/Frank Leonhardt
Англія – радзіма футбола. І там лічаць: немцы заўсёды перамагаюць! Так сцвярджаў, прынамсі, Гары Лінэкер. Былы гулец англійскай нацыянальнай зборнай і цяперашні ТВ-эксперт расчаравана падсумаваў пасля паразы сваёй каманды ў паўфінале ЧС-1990 у гульні супраць канкурэнта – зборнай Германіі: «Футбол – гэта простая гульня. 22 мужчыны ганяюць мяч на працягу 90 хвілін, а ў канцы заўсёды перамагаюць немцы». Урэшце рэшт, немцы ў тыя часы рэдка гулялі ў прыгожы футбол, а часцей – у паспяховы. Гэта прынятая ва ўсім свеце ацэнка зняпраўдзілася толькі ў апошнія гады, з тых часоў, калі лепшыя гульцы Нямецкага футбольнага саюзу дэманструюць уражвальны наступальны футбол.

«50+1»? Калі ласка!

Блок мюнхенскіх фанатаў дэманструе за ўвядзенне правіла «50+1». Фота (фрагмент): © Picture Alliance/Sven Simon
Усё роўна дзе: у Англіі, Іспаніі альбо Італіі – многія клубы з вялікіх лігаў свету даўно належаць міжнародным канцэрнам, расійскім алігархам альбо арабскім шэйхам. У Германіі не так, бо ў Бундэслізе дзейнічае т. зв. правіла «50+1»: клуб павінен валодаць як мінімум 50 працэнтамі долі супольнасці прафесіяналаў. Таму інвестары не могуць поўнасцю пераняць кантроль. Аднак некаторыя нямецкія клубы непакояцца, што могуць адстаць ад міжнародных канкурэнтаў. Іншыя, такія, як «Баер Леверкузэн» альбо «РБ Лейпцыг» дзякуючы вынятковай пастанове альбо хітра сканструяванай структуры клуба абыходзяць прадпісанне, якое з’яўляецца непаўторным у свеце. І толькі ў Аўстрыі існуе падобнае правіла.

Поспех? Ён жаночага роду!

Пасля фінальнай гульні супраць Бразіліі: нямецкая нацыянальная жаночая зборная лікуе з нагоды атрымання тытулу чэмпіёну свету. Фота (фрагмент): © Picture Alliance/Pressefoto Ulmer
Больш паспяховымі за нямецкіх футбалістаў з’яўляюцца ўласна толькі нямецкія футбалісткі. Зборная Нямецкага футбольнага саюзу (НФС) ужо два разы выйгравала чэмпіянаты свету, нягледзячы на тое, што было праведзена толькі сем жаночых футбольных чэмпіянатаў. Жаночая футбольная зборная НФС восем разоў выйгравала на чэмпіянатах Еўропы. У Рыа-дэ-Жанэйра ў 2016 годзе яны таксама выйгралі алімпійскае золата – тое яшчэ ніколі не ўдавалася нямецкай мужчынскай зборнай. Адзіная перамога на алімпіядзе нямецкай зборнай была адначасова найвялікшым поспехам усходненямецкага футболу: каманда ГДР і легендарны дрэздэнскі гулец Ханс-Юрген «Дзіксі» Дорнэр перамаглі ў фінале алімпіяды ў 1976 годзе, гуляючы супраць Польшчы.

германія? адна добра, дзве лепей!

Нападаючы зборнай ГДР Юрген Шпарвасэр (2-і злева), перагуляўшы абаронцу Берці Фогтса (2-і справа) і брамніка Зэпа Маера (злева), забівае гол у гульні са зборнай ФРГ, так што лік становіцца 1:0 на карысць ГДР. Фота (фрагмент): © Picture Alliance/Werner Schulze
Адзін гол ніколі не забудуць у Германіі: пераможнае пападанне ў адзінай нямецка-нямецкай футбольнай дуэлі. Менавіта зборная ГДР атрымала магчымасць удзелу ў ЧС-1974, які праводзіўся ў ФРГ. І менавіта гэтыя дзве каманды сустрэліся ў адборачным туры. 22 чэрвеня 1974 года ФРГ і ГДР згулялі на гамбургскім «Фолькспаркштадіоне» - у першы і апошні раз. Юрген Шпарвасэр, якому тады было 26 гадоў, забіў на 77-й хвіліне адзіны гол матчу. ГДР перамагла з лікам 1:0. Для каманды ФРГ гэта быў пераадольны шок: каманда пад кіраўніцтвам Франца Бэкенбаўэра сталася праз два тыдні чэмпіёнам свету – нягледзячы на паразу ў матчы з камандай ГДР. Футболка Шпарвасэра з нумарам «4» сёння знаходзіцца ў экспазіцыі Дома гісторыі ў Боне.

Гледачы? Іх хапае!

Фанаты «Штутгарта» з кубкам чэмпіёнаў Фота (фрагмент): © Picture Alliance/blickwinkel
Футбольная Бундэсліга была заснавана ў 1963 годзе – пазней за ўсе іншыя прафесіянальныя лігі ў параўнанні з іншымі футбольнымі краінамі. Але нягледзячы на свой узрост, яна вельмі папулярная. Больш за ўсё гледачоў мае на працягу многіх гадоў «Барусія Дортмунд»: на кожную гульню прыходзіць у сярэднім 79.469 фанатаў. Бундэсліга знаходзіцца наперадзе і ў параўнанні з іншымі відамі спорту ва ўсім свеце. І толькі Нацыянальная футбольная ліга (National Football League - NFL), паўночна-амерыканскі варыянт гульні са скураным мячом, збірае больш фанатаў на стадыёны.