Хуткі ўваход:
Перайсці наўпрост да кантэнту (Alt 1)Перайсці наўпрост да другога ўзроўню навігацыі (Alt 3)Перайсці наўпрост да першага ўзроўню навігацыі (Alt 2)

Краіна футболу Германія
«Пазітыўныя змены іміджу Германіі ў свеце»

Нямецкія і амерыканскія фанаты разам глядзяць у 2014 годзе адборачную гульню чэмпіяната свету «Германія – ЗША» ў Амерыканскім доме ў Мюнхене.
Нямецкія і амерыканскія фанаты разам глядзяць у 2014 годзе адборачную гульню чэмпіяната свету «Германія – ЗША» ў Амерыканскім доме ў Мюнхене. | Фота (фрагмент): © Picture Alliance, Stephan Rumpf

«Футбол адыгрывае важную ролю ва ўспрыняцці краін: як ва ўласным, так і пры поглядзе звонку», – кажа філосаф і эксперт у галіне футбола Вальфрам Айленбергер. Размова пра старыя клішэ і новыя сігналы.

Спадар Айленбергер, наколькі важным для іміджу Германіі ў замежжы з’яўляецца футбол?

Футбол адыгрывае вырашальную ролю ў тым, як ўспрымаюць Германію іншыя краіны, асабліва яе еўрапейскія суседзі. Самае позняе з часоў Першай сусветнай вайны ўзніклі шматлікія стэрэатыпы наконт таго, якія якасці маюць тыя ці іншыя нацыі.
 
Напрыклад?
 

У італьянцаў гэта пэўная здольнасць да супраціўлення, нешта амаль партызанскае: у іх галоўную ролю адыгрываюць, перадусім, абаронцы. Немцы – гэта «танкі». Гэта можна пачуць і прачытаць нават сёння ў замежнай прэсе, заўсёды ў тых выпадках, калі зборная выступіла вельмі арганізавана. Тады немцы «задавілі» праціўніка.

«На вуліцах можна было ўбачыць радасць ад жыцця»

Гэты імідж змяніўся за апошнія гады. Наколькі важным быў Чэмпіянат свету 2006 году ў Германіі – «летняя казка»?

ЧС 2006 паламаў шмат клішэ. Мела месца тое, з чым Германія звычайна не асацыюецца: відавочная гасціннасць у дачыненні да наведвальнікаў з усяго свету. На вуліцах можна было ўбачыць радасць ад жыцця. Такім чынам, нешта змянілася ва ўяўленні многіх людзей у Еўропе і свеце. Яны пазнаёміліся з Германіяй, якая не мае нічога агульнага з клішэ, што паходзяць з часоў панавання нацысцкага рэжыму. Гэта была пазітыўная змена іміджу Германіі ў свеце.
 
Футбол можа паўплываць не толькі на ўспрыняццё краіны звонку, але і на яе самаўспрыняццё. Якія моманты былі вырашальнымі, калі футбол дазволіў немцам пабачыць сябе ў новым святле?


Вальфрам Айленбергер Вальфрам Айленбергер | Фота (фрагмент): © Michael Heck Класічным прыкладам з’яўляецца «цуд у Берне» – перамога нямецкай футбольнай зборнай на ЧС 1954 года. Гэта быў нечуваны зрух самасвядомасці для нацыі, якая пасля часоў нацысцкай дыктатуры і прайгранай Другой сусветнай вайны зусім не ведала, хто яна ёсць. Раптам зноў стала магчыма думка: «Мы таксама штосьці можам!» У 1990 годзе пасля перамогі Германіі на Чэмпіянаце свету ў Італіі сітуацыя была падобнай, аднак яе маштаб быў значна большы. Многія людзі задавалі сабе пытанне, чаго хоча аб’яднаная Германія ў свеце. І потым, пасля перамогі ў фінале, Франц Бекенбаўэр сказаў: «На працягу дзесяцігоддзяў нас ніхто не зможа перамагчы!» Гэта выклікала страхі, у Еўропе многія задаваліся пытаннем: «Ці не будзе аб’яднаная Германія занадта моцнай, ці не будзе яна дамінаваць у Еўропе?»

«Не было пагардлівых жэстаў»

На Чэмпіянаце свету ў Бразіліі ў 2014 годзе нямецкая зборная стала чэмпіёнам свету – у той час, калі многія краіны Еўропы яшчэ знаходзіліся ў стане эканамічнага крызісу. Гэта зноў выклікала страхі?
 

Гэта магло б адбыцца менавіта пасля перамогі з лікам 7:1 над гаспадарамі чэмпіянату бразільцамі ў паўфінале. Але нямецкая зборная паводзіла сябе вельмі разумна. Не было фанабэрыстых альбо пагардлівых жэстаў, мела месца хутчэй суперажыванне ў адносінах да гаспадароў чэмпіянату. Паводзіны былі сціплымі ў лепшым сэнсе гэтага слова. Магчыма, у гэтым сэнсе спрыяльным нават было тое, што Германія пакінула Чэмпіянат Еўропы ў Францыі ў 2016 годзе пасля гульні ў паўфінале. Бо ў палітычным сэнсе гэта быў далікатны перыяд, калі Германія і без гэтага была пад паддазрэннем у дамінаванні. На самой справе, я лічу, што прадстаўнікі нацыянальнай зборнай Германіі добра ўсведамляюць гэту небяспеку. І таму амаль заўсёды дачыняюцца ў абарончым стылі, вельмі прыгожа і ніколі – высокамерна альбо грэбліва.
 
Сёння цалкам звыйчайнай рэччу ёсць тое, што ў складзе нацыянальнай футбольнай зборнай Германіі прадстаўлены гульцы-нашчадкі мігрантаў. Які ўплыў мае гэта разнастайнасць на імідж Германіі і немцаў у замежжы?
 

Пачынаючы з 2006 года, выразны мультыкультурны характар зборнай усё часцей звяртае на сябе ўвагу. Гэта – сігнал свету: Германія мае не аднастайнае, але адкрытае мультыкультурнае грамадства. І гэта вельмі моцна змяняе імідж Германіі ва ўсім свеце. Зразумела, гэта не носіць рэпрэзентатыўнага характару, бо па-за межамі сферы футболу людзі-нашчадкі мігрантаў прадстаўлены на кіруючых становішчах у значна меншай ступені. Але ў міжнародным успрыняцці гэта працуе ў вышэйзгаданым кірунку.
 
Сёння нямецкі футбол у тым, што тычыца спосабу гульні, далёка адышоў ад іміджа «танкаў» і нават лічыцца эстэтычным.
 

Так. «Усё роўна, як, галоўнае, каб мы выйгралі!» – менавіта так успрымалася гульня нямецкай зборнай на працягу доўгага часу. Без увагі на эстэтыку, чысты разлік на вынік. За апошнія 15 гадоў гэта цалкам змянілася. Цяперашні трэнер зборнай Германіі Ёахім Лёў лічыць, што хаця і важна перамагаць – але трэба перамагаць, гуляючы прыгожа. І гэта ўспрымаюць і прызнаюць ва ўсім свеце.
 
Вальфрам Айленбергер, філосаф, публіцыст, пісьменнік і эксперт у галіне футболу. Ён – аўтар сталай рубрыкі «Айленбергерс кабіненпрэдыхт» у выданні «Цайт анлайн». Мае ліцэнзію трэнера Нямецкага футбольнага саюзу, а таксама гуляе за «Аўтанаму» – нацыянальную зборную аўтараў.