Хуткі ўваход:
Перайсці наўпрост да кантэнту (Alt 1)Перайсці наўпрост да другога ўзроўню навігацыі (Alt 3)Перайсці наўпрост да першага ўзроўню навігацыі (Alt 2)

Праекты для фанатаў футболу
Супрацьдзейнічаць экстрэмісцкім тэндэнцыям

Мэтанакіравана супрацьдзейнічаць гвалту і расізму
Мэтанакіравана супрацьдзейнічаць гвалту і расізму | Фота (фрагмент): © Steve Seiffert (CBpx)

Многія немцы захапляюцца футболам. Аднак усё часцей радыкальныя фанаты спрычыняюцца да непрыгожых выпадкаў. Каб супрацьдзейнічаць гэтаму, прадстаўнікі футбольнай сцэны і палітыкі робяць стаўку на праекты для фанатаў па ўсёй Германіі.

27 мая 2018 года. Пасля двух гадоў знаходжання ў чацвёртай лізе «ФК Энэргія Котбус» зноў вярнуўся ў прафесійны футбол. Аднак на котбускім Альтмаркце адбываюцца містычныя сцэны. Пакуль фанаты брандэнбургскага клуба ўтульна святкуюць, некаторыя мужчыны апранаюць на галовы капелюшы ў стылі Ку-Клукс-Клана і ўздымаюць транспарант з надпісам «Уздым зла» – гэта алюзія на ўздым Адольфа Гітлера. Неўзабаве фота пачынае гуляць па сеціву. Клуб неадкладна адмяжоўваецца ад гэтага і выпускае паведамленне для прэсы. «Гэта акцыя з’яўляецца чалавеканенавісніцкай, агіднай, яе ні ў якім разе нельга талераваць», – гаворыцца ў ім.

Кантактная сацыяльная праца з футбольнымі фанатамі

Свен Граўпнер таксама прытрымліваецца гэтага меркавання. На працягу многіх гадоў ён бярэ ўдзел у рэалізацыі праекта для фанатаў у Котбусе. Ён зыходзіць з таго, што праварадыкальныя фанаты «ФК Энэргія» з’яўляюцца «вельмі нязначнай меншасцю». Граўпнера раздражняе той факт, што клуб стала трапляе ў загалоўкі навінаў, «бо некаторыя ідыёты разбураюць цудоўную атмасферу, якая пануе тут». Пры тым, што інцыдэнт на Альтмаркце быў вычарпаны праз некалькі секунд. Мужчыны ў капелюшах ведалі, «што не знойдуць падтрымкі ў большасці фанатаў».
 
За тое, што радыкальныя тэндэнцыі сярод заўзятараў «ФК Энэргія» не ў стане распаўсюдзіцца на большасць, трэба падзякаваць таксама і праекту для фанатаў. Ён ажыццяўляецца арганізацыяй дапамогі моладзі і існуе з 1998 года. Яго мэта – прышчапіць юным фанатам пазітыўнае самаўспрыняццё і выступіць супраць гвалту, расізму і дыскрымінацыі. Пры гэтым рэалізуецца прынцып «кантактнай сацыяльнай працы»: Граўпнер і тры яго калегі не толькі прысутнічаюць на ўсіх хатніх і гасцявых гульнях, але і займаюцца палітычным выхаваннем. «Гаворка ідзе пра тое, каб узмацніць дэмакратычнае ядро сярод фанатаў».

Праекты ў 59 гарадах і камунах Германіі

Праекты, падобныя  да котбускага, сёння ажыццяўляюцца ў 59 гарадах і камунах. Месцам іх рэалізацыі выступаюць галоўным чынам месцы правядзення гульняў Бундэслігі, а таксама другой і трэцяй ліг. Праекты грунтуюцца на «Нацыянальнай канцэпцыі “Спорт і бяспека”» (НКСБ –NKSS) – позняй рэакцыі на катастрофу, якая адбылася ў 1985 годзе на стадыёне «Айзэль» у Бруселі. Тады ў выніку масавай панікі падчас фіналу Кубка Еўропы, у якой «ФК Ліверпуль» гуляў супраць турынскага «Ювентуса» загінула 39 чалавек. Аднак толькі ў 1991 годзе, калі сотні фанатаў «Дынама Дрэздэн» учынылі такія беспарадкі падчас гульні іх каманды супраць белградскай «Чырвонай Зоркі», што гульня была на валасок ад зрыву, абысці тэму гвалту футбольных фанатаў больш не выпадала. Крыху пазней з’явілася НКСБ. Яе мэтай было ўсталяванне «дэмакратычных і гуманістычных прынцыпаў і каштоўнасцяў, а таксама прававых нормаў».

Сталы рост палітызацыі асяродкаў фанатаў

Фінансаванне праектаў для фанатаў ажыццяўляецца за кошт адпаведных камунаў і федэральных земляў. Штогод яны павінны выдаткаваць на кожны праект як мінімум 60.000 еўра. Нямецкі футбольны саюз і Нямецкая футбольная ліга павялічваюць названую суму ў два разы. Сёння яны інвестуюць у працу з фанатамі каля 6 мільёнаў еўра – так напісана ў актуальнай справаздачы Каардынацыйнага цэнтру праектаў для фанатаў (КЦПФ, Koordinationsstelle Fanprojekte – KOS), які знаходзіцца ў Франкфурце-на-Майне. Рэферэнт КЦПФ Герд Вагнер кажа, што грошы пільна патрэбны, бо за апошнія гады праектная праца не стала прасцей.
 
«Мы назіраем дыференцыяцыю і палітызацыю асяродкаў фанатаў, якія стала павялічваюцца», – кажа Вагнер. Паўстаў шэраг новых груповак, пачынаючы ад скрайне правых і сканчаючы скрайне левымі. Такія грамадскія і палітычныя пытанні, як, напрыклад, поспех на выбарах правай партыі «Альтэрнатыва для Германіі» альбо дэбаты наконт уцекачоў, знайшлі шлях на стадыёны. Каб не ператвараць палітычныя канфлікты ў гвалт, вельмі важна «супрацьдзейнічаць палітычнаму экстрэмізму з дапамогай сацыяльна-прафілактычных захадаў».

Форма мабільнай працы з моладдзю

Добрым прыкладам гэтага з’яўляецца праект у Котбусе. Галоўным месцам сустрэч з’яўляецца клуб «Кікерштубэ», які стала адчынены з 14 гадзін і арыентаваны на падлеткаў і моладзь ва ўзросце ад 12 да 27 гадоў. Каб выйсці на як мага большую колькасць заўзятараў «ФК Энэргія», прапануецца шмат імпрэзаў для баўлення вольнага часу: пачынаючы ад турніру бамбардыраў і сканчаючы летнікам падчас вакацый, а таксама шырокі дыяпазон кансультацыйных і дапаможных паслуг.
 
Пры гэтым гаворка даўно не ідзе пра адзін толькі футбол, але пра ўсё жыццё: школу, прафесійную дзейнасць альбо канфлікты з бацькамі. Калі глядзець з гэтага боку, то сацыяльная праца з футбольнымі фанатамі зусім не з’яўляецца працай з фанатамі, але хутчэй «формай мабільнай працы з моладдзю», – кажа Граўпнер. Бо калі трэба, каб футбольныя фанаты, якія ўжо трапілі ў поле зроку, больш не радыкалізаваліся, то належыць стала імкнуцца весці з імі дыялог: «Мы павінны размаўляць з імі, а не пра іх».