Хуткі ўваход:
Перайсці наўпрост да кантэнту (Alt 1)Перайсці наўпрост да другога ўзроўню навігацыі (Alt 3)Перайсці наўпрост да першага ўзроўню навігацыі (Alt 2)
Stetl© Грыгорый Хейфец

Лабараторыя яўрэйскай культурнай спадчыны ў Беларусі

Папулярызацыя беларуска-яўрэйскай культурнай спадчыны, яе захаванне з выкарыстаннем сучасных лічбавых тэхналогій, прадстаўленне актуальных музейных канцэпцый Германіі і Еўропы, абмен досведам, стратэгічнае кансультаванне ў сферы інстытуцыянальнага развіцця беларуска-яўрэйскай культурнай спадчыны – такі ўнёсак зробіць праект Лабараторыі ў развіццё яўрэйскай культурнай спадчыны ў Беларусі. Мэта праекта палягае ў тым, каб упісаць гэты значны аспект беларускай гісторыі ў еўрапейскую культуру памяці, спрыяць прафесійнаму і сацыяльнаму абмену, умацаваць міжнароднае культурнае супрацоўніцтва.
 
Беларусь адыгрывае адну з найважнейшых роляў у фармаванні сусветнай яўрэйскай гісторыі і культурнай спадчыны. На працягу стагоддзяў яўрэі складалі значную частку насельніцтва, а ў шэрагу беларускіх гарадоў – выразную большасць. У канцы 19 стагоддзя доля яўрэйскага насельніцтва на тэрыторыі Беларусі была самай высокай у свеце. Шматстагоддзевае суседства народаў паўплывала як на нацыянальную, так і на еўрапейскую і сусветную культуру. Велізарная колькасць выбітных дзеячоў сусветнай культуры, навукі, эканомікі і палітыкі маюць беларуска-яўрэйскае паходжанне. У выніку гістарычных катастрофаў, Халакосту, хваляў масавай эміграцыі, асаблівасцей савецкай ідэалогіі гэтыя імёны дагэтуль застаюцца малавядомымі для сучасных жыхароў рэгіёну. 
 
Аднак інтарэс да гэтай тэмы ў апошні час заўважна расце. У Беларусі разам з пошукам нацыянальнай тоеснасці і свайго месца ў сусветнай культурнай спадчыне адбываецца ўсведамленне значнасці ўласнай гсторыі, яе ўнікальнасці ды ролі ў ёй яўрэйскага народа. Пры гэтым дзейнасць існуючых альбо толькі паўстаючых арганізацый, ініцыятыў і актывістаў у гэтай сферы патрабуе актыўнай падтрымкі.

Задачы і мэты праекта ды іх рэалізацыя

Лабараторыя імкнецца развіваць новыя падыходы ў працы з беларуска-яўрэйскай культурнай спадчынай. Важнымі мэтамі пры гэтым з'яўляюцца:
 
Падтрыманне актыўнасці існуючых ініцыятыў і ўсталяванне сувязей паміж імі;
Даследаванне, захаванне і папулярызацыя яўрэйскай культурнай спадчыны з дапамогай сучасных фарматаў і тэхналогій;
Садзеянне міжнароднаму трансферу ведаў шляхам узмацнення сувязей мясцовых інстытуцый і актывістаў з міжнароднымі экспертамі з яўрэйскіх музеяў Еўропы;
Арганізацыя стажыровак у замежных партнёрскіх музеях для павышэння кваліфікацыі ўдзельнікаў праекту;
Развіцце доўгатэрміновых інстытуцыянальных структур шляхам стратэгічнага кансультавання і пашырэння міжнародных прафесійных кантактаў;
Садзейнічанне прафесійнаму, культурнаму і сацыяльнаму абмену паміж Беларуссю, Германіяй і Еўропай. 
Праект падугледжвае тры тэматычных блокі, у якіх будуць ужытыя новыя фарматы і падыходы, накіраваныя на развіццё і папулярызацыю яўрэйскай культурнай спадчыны ў Беларусі. На перыяд з красавіка 2020 года да лістападу 2021 года запланаваны наступныя модулі: 

Модуль 1. Mapping Belarus Shtetl

«Штетл» - назва невялічкіх гарадкоў (мястэчак) з пераважна яўрэйскім насельніцтвам, якія існавалі ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе да Халакосту. Гэта важная частка яўрэйскай гісторыі і жыцця ва Усходняй Еўропе і неад’емная частка беларуска-яўрэйскай культурнай спадчыны.
 
Лічбавы мультымедыйны праект «Belarus Shtetl», які курыруе Цэнтр беларуска-яўрэйскай культурнай спадчыны, накіраваны на актуалізацыю, сістэматызацыю і павышэнне ведаў аб архітэктурнай і культурнай яўрэйскай спадчыне Беларусі з дапамогай сучасных тэхналогій. Да цяперашняга часу высілкамі многіх арганізацый і актывістаў у Беларусі сабрана значная колькасць гістарычных дадзеных і архіўных матэрыялаў аб штэтлах. Праект прадугледжвае прыцягненне прафесійных гісторыкаў, архітэктараў і праграмістаў для апрацоўкі і прадстаўлення гэтай інфармацыі. У прыватнасці, у межах праграмы плануецца рэалізаваць поўную віртуальную рэканструкцыю Слонімскай сінагогі ў тэхналогіі віртуальнай рэчаіснасці.

Модуль 2. Папулярызацыя яўрэйскай культурнай спадчыны

Каб зрабіць тэму беларуска-яўрэйскай культурнай спадчыны больш зразумелай і даступнай, каб скіраваць ўвагу грамадства на шматграннасць і багацце сумеснай беларуска-яўрэйскай гісторыі і сучаснасці праект прадугледжвае насычаную культурную праграму. Пад каардынацыяй Цэнтра беларуска-яўрэйскай культурнай спадчыны ў гэту праграму ў бліжэйшыя два гады ўвойдуць гарадскія фестывалі, навукова-культурныя канферэнцыі, а таксама серыя разнапланавых мерапрыемстваў аб віцебскім мастацкім аб'яднанні УНОВІС, якое з'яўляецца здабыткам сучаснай сусветнай культуры.

Модуль 3. Інстытуцыяналізацыя яўрэйскай культурнай спадчыны

Трэці модуль праекта арыентаваны на ўсебаковае інфармаванне партнёраў-удзельнікаў праекта аб існуючых еўрапейскіх музейных канцэпцыях. Прадугледжаны кансультацыі ў сферы стратэгічнага развіцця арганізацый, якія займаюцца беларуска-яўрэйскай культурнай спадчынай. Акрамя гэтага, праект пакліканы пашырыць і замацаваць прафесіныя сувязі ўдзельнікаў праекта з яўрэйскімі музеямі Еўропы. Для дасягнення пастаўленай мэты запланавана правядзенне трох варкшопаў з удзелам прадстаўнікоў адпаведных устаноў, навукоўцаў і дзеячоў культуры з Беларусі, Германіі, Польшчы і Расіі. Падчас варкшопаў будуць разгледжаны пытанні культурнай палітыкі і сучаснай музейнай працы. У апошняй фазе модуля праект прадугледжвае арганізацыю стажыровак у замежных партнёрскіх музеях для павышэння кваліфікацыі ўдзельнікаў праекта.

Арганізатары праекта

Праект ініцыяваны Гётэ-Інстытутам у Беларусі сумесна з Цэнтрам беларуска-яўрэйскай культурнай спадчыны і агенствам «Tradicia History Service» (Берлін). У працэсе распрацоўкі канцэпцыі праекта да удзелу ў ім былі прыцягнуты таксама і іншыя партнёры з Германіі і Беларусі. Праект праводзіцца пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Германіі ў межах «Усходняга партнёрства».
 
#civilsocietycooperation

Кантактныя асобы: 
 
Ігар Куксін
igor.kuksin@goethe.de
 
Таццяна Захарэнка
tatjana.zaharenka@goethe.de

Цэнтр беларуска-яўрэйскай культурнай спадчыны
bjch.center@gmail.com

Auswärtiges Amt Logo Civil Society Cooperation Logo
Belarusian-Jewish Cultural Heritage Center Logo
Tradicia History Service Logo