Рэгіянальная музейная акадэмія 2019
Сёння музеі выконваюць важную функцыю мосту паміж рознымі дзеячамі грамадскага жыцця і грамадзянскай супольнасці. Такім чынам, супрацоўнікі музеяў павінны быць у роўнай ступені кампетэнтнымі ва ўсіх сферах сваёй дзейнасці, у тым ліку канцэптаванні і рэалізацыі выстаў, маркетынгу, пашырэннні аўдыторыі, сувязях з грамадскасцю. Важную ролю пры гэтым іграе абмен досведам з замежнымі калегамі. Толькі так музеі могуць стаць платформай для сацыяльнага дыялогу і адкрыцца для ўдзелу ўсіх людзей.
Музейная акадэмія будзе садзейнічаць дасягненню гэтых мэтаў. Яна стане месцам, дзе сустрэнуцца спецыялісты, якія дагэтуль амаль не кантактавалі міжсобку: супрацоўнікі музеяў, асацыяцый, навучальных устаноў і органаў дзяржаўнай улады Беларусі і Германіі. Іх дыялог будзе прысвечаны актуальным тэндэнцыям у музейным свеце, а таксама асаблівасцям працы і жыцця ўдалечыні ад сталіцы. Дыялог з мясцовымі партнёрамі і прадстаўнікамі органаў улады будзе спрыяць стварэнню адкрытай, міжгаліновай сеткі партнёраў, што ў доўгатэрміновай перспектыве стане штуршком да дыскусіі аб агульнаеўрапейскім супрацоўніцтве.
У межах музейнай акадэміі з красавіка па снежань 2019 года ў абласных гарадах Беларусі прайдуць трэнінгі і практычныя семінары з удзелам беларускіх і нямецкіх экспертаў. Запланавана таксама чатырохдзённая паездка 15 беларускіх спецыялістаў у Германію, падчас якой яны наведаюць нямецкія музеі і абмяняюцца вопытам са сваімі нямецкімі калегамі.
Музейная акадэмія будзе складацца з чатырох модуляў (па два дні кожны), прысвечаных наступным тэмам:
- музеі і культура памяці;
- музейны маркетынг і турызм;
- канцэптаванне і дызайн выставы;
- музейная камунікацыя.
Завершыць музейную акадэмію сімпозіум на актуальныя тэмы музейнай работы, які пройдзе ў Мінску. Спікерамі на ім выступяць вядучыя музейныя спецыялісты з Германіі і Беларусі. Пасля заканчэння курса ўдзельнікі музейнай акадэміі атрымаюць сертыфікаты.
Музейная акадэмія – сумесны праект фонду «Культурная спадчына і сучаснасць», Беларускага камітэта Міжнароднага савета музеяў (ICOM), агенцтва «Tradicia History Service» (Берлін) і Гётэ-Інстытута ў Беларусі, які ажыццяўляецца пры фінансавай падтрымцы Міністэрства замежных спраў Германіі ў межах «Усходняга партнёрства».
#civilsocietycooperation