Старт праекта MOST

Старт праекта мост фото: Goethe-Institut

18 верасня 2015 года ў Інстытуце імя Гётэ ў Мінску адбылася прэс-канферэнцыя з нагоды пачатку праекта MOST. Гэты праект фінансуецца ЕС і ўяўляе сабой унікальную магчымасць для ўстанаўлення прафесійных кантактаў паміж грамадзянамі і ўстановамі краін ЕС і Беларусі. Праект MOST рэалізуецца кансорцыумам, у склад якога ўваходзяць Інстытут імя Гётэ (асноўны партнёр) і Брытанскі Савет ў Польшчы.
 
У канферэнцыі прынялі ўдзел высокапастаўленыя прадстаўнікі задзейнічаных арганізацый: кіраўнік Прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Андрэа Віктарын, начальнік аддзела ЕС і субрэгіянальных арганізацый упраўлення агульнаеўрапейскага супрацоўніцтва МЗС Беларусі Алег Шлома, пасол Яе Вялікасці Каралевы Вялікабрытаніі ў Рэспубліцы Беларусь Брус Бакнел, каардынатар праектаў аддзела праектаў і праграм Прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Філіп Бернар.
 
Дырэктар Інстытута імя Гётэ ў Мінску Франк Баўман мадэраваў прэс-канферэнцыю. Усе спікеры падкрэслілі значнасць праекта MOST для далейшага развіцця адносін паміж ЕС і Беларуссю ў межах праграмы «Усходняе партнёрства» дзякуючы ўсталяванню і паглыбленню прафесійных і асабістых кантактаў. На завяршэнне кіраўнік праекта Клаўс Байер падрабязна распавёў пра рэалізацыю праекта і магчымасці ўдзелу.
 
Пасля гэтага журналісты змаглі задаць спікерам свае пытанні.
 
Запрашаем Вас скарыстацца з гэтай магчымасці і падаць заяву на ўдзел у праекце.