Хуткі ўваход:
Перайсці наўпрост да кантэнту (Alt 1)Перайсці наўпрост да другога ўзроўню навігацыі (Alt 3)Перайсці наўпрост да першага ўзроўню навігацыі (Alt 2)

Сучасная бібліятэчная праца
Галоўнае – людзі, а не медыя-сродкі

Будучыня бібліятэк
Будучыня бібліятэк | © raumlaborberlin im Auftrag von Kulturprojekte Berlin

Бібліятэкі ствараюць будучыню. Іх уласная – няпэўная. Пачатак серыі «Будучыня бібліятэк», прысвечанай бібліятэкам заўтрашняга дня.

Von Леанард Новы

Зусім нядаўна кніга лічылася брамай у свет. Той, хто хацеў прайсці праз гэту браму, не мог абмінуць бібліятэкі. Тут збіралі веды, апрацоўвалі іх і рабілі даступнымі. Сёння, у часы Гуглу, Вікіпедыі і мільёнаў даступных у дыгітальнай форме кніг і часопісаў падаецца, што ўсе веды свету знаходзяцца на адлегласці ўсяго аднаго кліку ад уласнага смартфона, ноўтбука альбо электроннай кнігі. Ці патрэбны яшчэ бібліятэкі? Альбо праз пэўны час бібліятэкі і бібліятэкары ўвойдуць у доўгі спіс тых паслуг і прафесій, пра якія людзі неўзабаве будуць казаць, што іх змяла разбуральная сіла дыгіталізацыі? Аббываюцца інтэнсіўныя дэбаты па гэтым пытанні. Яны вагаюцца паміж рыторыкай пагібелі і настроем прарыву, і лёгкіх адказаў тут не існуе. Развіццё падзей і выклікі, звязаныя з гэтым, занадта разнастайныя, складаныя, часам супярэчлівыя.

Не існуе адной бібліятэкі

На першы погляд падаецца, што справы ў бібліятэк ідуць добра: нягледзячы на паўсюдную прысутнасць дыгітальных медый немцы як ніколі інтэнсіўна карыстаюцца як публічнымі, так і ўніверсітэцкімі бібліятэкамі. Штогод яны наведваюць улюбёныя культурныя ўстановы краіны каля 220 мільёнаў разоў – больш, чым музеі, кінатэатры і стадыёны Бундэслігі. І яшчэ: 10.000 публічных і навуковых бібліятэк Германіі па-ранейшаму характарызуюцца небывалай разнастайнасцю. Калі ў навуковых бібліятэках, якія наведвае вялікая колькасць чытачоў, гаворка ідзе пра авалоданне ведамі ды іх вытворчасць, то ў многіх гарадскіх бібліятэках і бібліятэках грамадаў значна большая ўвага надаецца якасці памяшканняў і магчымасці для сустрэч. Функцыянальнае абсталяванне былых пунктаў выдачы выданняў саступіла месца ўтульным месцам для сядзення, шмат дзе ёсць кавярні, прапануюцца літаратурныя чытанні і шырокая праграма мерапрыемстваў.

Састарэлая мадэль альбо выпадак санацыі?

Сацыёлагі зводзяць бібліятэкі да іх функцыі некамерцыйных «трэціх месцаў» (Рэй Ольдэнбург) па-за жытлом і працай – і да жадання выйсці з глабалізаванага і аб’яднанага ў сеткі света. Для адных яны - месца адасаблення, для другіх менавіта яны робяць магчымым удзел у культурным і грамадскім жыцці – незалежна ад узроўню даходаў. Дзякуючы свайму некамерцыйнаму характару, даступнасці для ўсіх менавіта бібліятэкі лічацца фактарам дэмакратызацыі. Гэта тэорыя. Палітычныя і эканамічныя рэаліі, з якімі сутыкаюцца многія бібліятэкі, часта размаўляюць на іншай, характэрнай для крызісу мове. Для гэтага непатрэбна была б нават дыгіталізацыя. Фактычнае абясцэньванне бібліятэк пачалося задоўга да таго, калі інтэрнэт ператварыўся ў СМІ. Так дыктат пустых грамадскіх касаў прынёс бібліятэкам неабходнасць эканоміі на ўсім. Бюджэты, прызначаныя на набыццё новых выданняў і абсталявання, змяншаліся, колькасць супрацоўнікаў скарачалася, гадзіны працы таксама. Аб’яднанні бібліятэк, іх закрыццё стаялі ў апошні час на парадку дня. Такім чынам, шэраг гучных аддкрыццяў новых бібліятэк у вялікіх гарадах Германіі не затушуе факты працы на знос іх малодшых сёстраў ў правінцыі. Таму нядзіўна, што паўстае ўражанне, нібыта лепшыя часы ідэі бібліятэкі мінулі. Выпадак санацыі альбо састарэлая мадэль – хто можа разрозніць гэта?

Рухаць і захоўваць

Прад’яўляемыя да іх патрабаванні эфектыўнасці сёння не зменшыліся, задачы сталі разнастайнымі, іх аб’ём павялічыўся. Працяглы час нароўні з кнігамі выдаюцца на дом электронныя выданні, музыка, гульні ды фільмы. Аднак у часы, калі ўсё ў любы момант можна атрымаць у інтэрнэце, бібліятэкі больш не могуць апраўдаць сваё існаванне толькі прадастаўленнем інфармацыі. Усё важней становіцца фармаванне ў людзей, незалежна ад іх узросту і сацыяльнага бэкграўнду, навыкаў кваліфікаванага абыходжання з плынню наяўнай інфармацыі. Уласна кажучы, бібліятэкі і прызначаныя для гэтага. Аднак ім патрэбныя адпаведныя матэрыяльныя і эканамічныя рэсурсы, а таксама не ў апошнюю чаргу змененае ўяўленне аб саміх сабе. Замест такіх класічных функцый, як праца з фондамі на першы план выходзіць праца з чытачамі. «Бібліятэкі прызначаны для людзей, а не для персаналу,» – кажа эксперт у галіне бібліятэчнай справы з ЗША Рэбекка Сміт Алдрыч. Галоўнае – людзі, а не медыя-сродкі. Уласна кажучы, гэта само сабой зразумелая рэч, але для некаторых прадстаўнікоў галіны гэта азначае змену вобразу мыслення. У сваю чаргу скептыкі непакояцца наконт таго, што пры ўвядзенні неабходных зменаў штосьці ўсё ж будзе згублена: увага да друкаванага слова – да кнігі, напрыклад. У паветры вітае закід «івэнтызацыі», выпадковасці.
 
З увагі на асяроддзе, якое імкліва змяняецца, распрацаваць адпаведныя часу прасторавыя, медыйныя і педагагічныя стратэгіі, не выкідаючы пры гэтым за борт тое, што забяспечвае іх поспех – нялёгкая задача для бібліятэк. Сховішча ведаў і культурная спадчына, месца навучання і сустрэч, рэальная прастора і ідэя – бібліятэкі заўсёды былі і ёсць адначасова многім і пры гэтым – у залежнасці ад мэты і мэтавай аўдыторыі – зусім рознымі. У першую чаргу яны добра ўмеюць рабіць сюрпрызы. Пра гэта піша у сваёй кнізе «Ідэя бібліятэкі і яе будучыня», якая выйшла ў 2017 годзе, Міхаэль Кнохэ – да 2016 года дырэктар Бібліятэкі імя герцагіні Ганны Амаліі ў Ваймары. Ён меў на ўвеце той факт, што чытачы натрапляюць тут на матэрыялы і тэмы, якія яны не шукалі. І гэта адбываецца «па-за зладжанымі алгарытмамі пошуку і праторанымі сцежкамі ведаў», якія мае для нас напагатове інтэрнэт. Бібліятэкі можна па праву лічыць пашуковымі машынамі эпохі да з’яўлення Гугла, аднак яны стала ўяўлялі сабой большае, не былі толькі прыладамі.

Бібліятэкі ствараюць будучыню

На думку экспертаў, бібліятэкі – з улікам свету, які змяняецца і ведаў, якія імкліва памнажаюцца – з’яўляюцца важнымі як ніколі для захавання цэласнасці грамадства і яго здольнасці знаходзіць адказы на новыя выклікі. Можна нават сказаць, што калі б бібліятэк не было, іх трэба было б вынайсці. Аднак яны б, верагодна, выглядалі не так, як тыя месцы, якія былі перададзеныя ў сферу адказнасці сённяшняга пакалення бібліятэкараў у якасці месцаў дзейнасці. Як павінны змяніцца планіроўка, архітэктура і дызайн бібліятэк, калі ў цэнтры ўвагі знаходзіцца не фонд, а чытач? Як выглядае адпаведны часу ўнёсак у развіццё дэмакратыі і медыйнай кампетэнцыі ў часы растучых няроўнасці, фэйкавых навін і маніпуляцый у дыгітальнай сферы? Што могуць зрабіць бібліятэкі, каб зацікавіць недастаткова адукаванае насельніцтва сваімі прапановамі? І якую ролю будуць адыгрываць бібліятэкары ў будучыні?
 
Вельмі шмат пытанняў. Агулам яны ствараюць карціну галіны і публічнага дыскурсу, якія знаходзяцца ў працэсе зменаў. Простых адказаў і ўніверсальных рэцэптаў, як бібліятэкі павінны адпавядаць скіраваным на іх чаканням у будучыні, няма. Такім чынам іх будучыня залежыць па-першае ад таго, ці ўдасца кожнай асобна ўзятай установе па-новаму інтэрпрэтаваць уласную ролю для грамадства – у той час, калі яна працуе. Па-другое, ад таго, наколькі яны каштоўныя для нас як грамадства.
 
З часу свайго заснавання ў 2009 годзе «Next Library® Conference» стала адной з найважнейшых канферэнцый, якія займаюцца пытаннямі будучыні публічных бібліятэк. У верасні 2018 года яна ўпершыню пройдзе ў Берліне. Гётэ-Інстытут карыстаецца гэтай магчымасцю, каб цягам наступных тыдняў падрыхтаваць шэраг матэрыялаў аб выкліках, трэндах і паспяховых прыкладах, якія тычацца будучыні бібліятэк.