Хуткі ўваход:
Перайсці наўпрост да кантэнту (Alt 1)Перайсці наўпрост да другога ўзроўню навігацыі (Alt 3)Перайсці наўпрост да першага ўзроўню навігацыі (Alt 2)

Бібліятэка і грамадзянская супольнасць
Усяго толькі выратаваць свет

Будучыня бібліятэк
Будучыня бібліятэк | © raumlaborberlin im Auftrag von Kulturprojekte Berlin

«Ніхто не чакае ад бібліятэк, што яны будуць выратоўваць свет, аднак мы знаходзімся ў выдатнай пазіцыі, каб ажыццявіць менавіта гэта», – кажуць Рэбэка Т. Мілер і Рэбэка Сміт Алдрыч. Абедзве экспертыкі ў бібліятэчнай галіне з ЗША распавядаюць у інтэрв’ю, чаму вера ў тое, што дыгіталізацыя нібыта робіць бібліятэкі неактуальнымі, з’яўляецца міфам.

Многія людзі турбуюцца аб будучыні бібліятэк і непакояцца аб тым, што інтэрнэт зробіць бібліятэкі ў іх класічнай форме непатрэбнымі. Ці гэта так? І, калі не, як змяняецца роля бібліятэк у грамадстве, якое стала мяняецца?

Рэбэка Сміт Алдрыч: У выпадку бібліятэк гаворка ідзе пра людзей, а  не пра рэчы. Мы носьбіты адукацыі, мы клапоцімся аб прадастаўленні доступу – няма розніцы, да якіх фарматаў ці тэмаў. Доступ да нашых суседзяў – мясцовых экспертаў і грамадскіх месцаў дыялогу будзе станавіцца ўсё больш важным. Найлепшыя сучасныя бібліятэкі – гэта жывыя актыўныя месцы, што адлюстроўваюць супольнасць, для якой яны былі створаны, і ўключаюць яе ў сваю працу. Бібліятэкі, якія не бачаць сябе ў ролі месцаў сустрэчы супольнасцяў, пакідаюць па-за ўвагай адзін з найперспектыўнейшых аспектаў будучыні бібліятэк.
 
Рэбэка Т. Мілер: З часоў з’яўлення інтэрнэту гісторыі пра заняпад бібліятэк узнікаюць зноў і зноў, але ў асноўным гаворка ідзе тут пра міфы. Значнасць бібліятэк на самой справе адносна стабільная. Але сродкі, якія яны маюць у сваім распараджэнні і якія дапаўняюць прапанову кніжак ды рэвалюцыйным чынам дэмакратызуюць магчымасці доступу, з’яўляюцца значна больш разнастайнымі, надзейнымі і захапляльнымі. Акрамя таго, яны забяспечваюць выключную даступнасць. Нельга забываць пра тое, што публічныя бібліятэкі ў гарадах ЗША забяспечвалі доступ да камп’ютараў і трэнінгаў, што навучалі працы з новай тэхнікай. А навуковыя бібліятэкі прадастаўлялі рэсурсы для «Гугл букс». Няправільна было б разглядаць бібліятэкі ў якасці праціўнікаў тэхнікі, бо як першыя, так і другая крочаць побач адно з адным.
 
Вы прыводзіце аргументы на карысць таго, што ніхто не чакае ад бібліятэк, што яны будуць выратоўваць свет, аднак яны нібыта знаходзяцца ў выдатнай пазіцыі, каб ажыццявіць менавіта гэта. Што Вы мелі на ўвеце?

Мілер: Я не магу ўзгадаць, як часта мне казалі, што бібліятэка ўратавала ім жыццё, вызначыла яго альбо дапамагла знайсці шлях да самога сябе. Гэта асабісты досвед. Калі падумаць пра тое, наколькі бібліятэкі ўсюдыісныя і важныя для дабра супольнасці, якой яны служаць, то складзецца ўяўленне аб тым, якое значэнне яны могуць набыць, калі наважыліся б дапамагаць гэтай супольнасці, заняцца такой неадкладнай справай, як, напрыклад, змяненне клімату.
 
Сміт Алдрыч: Давайце падумаем пра тое, які ўразлівы сёння наш свет. У кожнай сферы – палітыцы, тэхніцы, эканоміцы, абароне навакольнага асяроддзя альбо грамадскай – мы змагаемся з кардынальнымі зменамі. Тыя нясуць з сабой як новыя магчымасці, так і выклікі – гэта залежыць ад соцыаэканамічнага стану грамадства. Сацыяльны складнік з’яўляецца вырашальным для дабра супольнасці ў бліжэйшыя дзесяцігоддзі – незалежна ад зменаў, якія паўстаюць перад ёй – а бібліятэкі добра падыходзяць для таго, каб узмацняць сацыяльны складнік на месцах. Мы можам звярнуцца да лакальных тэмаў, мы можам дапамагчы паяднаць людзей, навучыць суседзяў прыняць мультыкультуралізм і цаніць яго і зрабіць свой унёсак у тое, каб пачутымі былі ўсе. Гэтыя чатыры фактары былі названы Сусветнай Радай па пытаннях клімату ў якасці вырашальных для нашага выжывання.

Бібліятэкі павінны быць інтэграванымі ў жыццё тых, для каго існуюць, у аўтэнтычны і асэнсаваны спосаб.

Рэбэка Сміт Алдрыч

Якая сувязь існуе паміж бібліятэкамі і ўстойлівым развіццём у галіне экалогіі?

Мілер: Бібліятэкі заўсёды рабілі свой унёсак у справу падрыхтоўкі сваіх чытачоў і грамадаў да будучыні. Перад намі будучыня, якой пагражае вялізарная складаная праблема – змена клімата, выкліканая чалавекам. Будучы глабальнай сеткай устаноў, якія маюць задачу прысвяціць сябе справе перадачы інфармацыі, бібліятэкі, на маю думку, маглі б стаць каталізатарамі сур’ёзнага руху па стварэнні грамадства, якое ўстойліва развіваецца, калі б дапасавалі сваю працу да гэтай мэты.
 
Сміт Алдрыч: Бібліятэкі павінны быць уключаны ў жыццё тых, для каго працуюць у аўтэнтычны і асэнсаваны спосаб. Гэта азначае, што нам трэба разумець складнікі жыцця, што нам трэба ўяўляць сабе наша асяроддзе. Бібліятэка павінна быць увасабленнем намеру служыць людзям. Мы нязначныя, калі не разумеем таго, што сёння кіруе людзьмі альбо таго, што будзе займаць іх у будучыні. Калі мы сур’ёзна хочам даць зразумець нашым чытачам, што іх камфорт для нас важны, што мы з’яўляемся надзейнай установай, якая вартая іх даверу і ашчадна абыходзіцца з іх падаткамі, нашы бібліятэкі павінны мець намер працаваць з мэтай абароны экалогіі. Калі мы легкаважна абыходзімся з прыроднымі рэсурсамі, калі мы безадказна пазбаўляемся ад непатрэбных больш прадметаў, калі мы не можам паказаць іншым вынікі ўздзеяння нашай дзейнасці на прыроду, то праз пару дзесяцігоддзяў мы павінны будзем займацца змаганнем з шкоднымі наступствамі. Мы ў першую чаргу пабачым, калі трэба будзе дапамагаць грамадзянам у справе пераадолення магчымых праблемаў альбо сітуацый, да якіх мы маглі б прыстасавацца.
 
Вы абедзве працуеце ў межах ініцыятыў паслядоўнага развіцця Асацыяцыі бібліятэк Нью-Ёрку. Чым Вы там займаецеся?

Мілер: Ініцыятыва павінна зрабіць бібліятэкі здольнымі прыцягнуць увагу да зменаў клімату і пры гэтым апярэдзіць свае супольнасці. У практычным сэнсе ініцыятыва накіравана на тое, каб усведаміць людзей, прадаставіць у распараджэнне бібліятэкараў ды іх бібліятэк сродкі, каб яны маглі прысвяціць сябе гэтай задачы – будучы арыентаванымі на паслядоўнае развіццё знутры і служачы прыкладам супольнасці ў справе садзеяння яму. Таму мы паклікалі да жыцця Праграму сертыфікацыі паслядоўнага развіцця – свайго роду кіраўніцтва для бібліятэк у справе абыходжання з экалагічным крызісам, які мы ўсе бачым. Нядаўна мы паведамлялі праз часопіс «Лайбрары джоўрнэл» («Library Journal») пра тое, як бібліятэка «Хэндрык Гудзон Фры Лайбрары» ў Мантроўзе (Нью-Ёрк) – адна з першых, якая праходзіць сертыфікацыю - усталёўвае на даху новага будынку 289 салярных батарэй. Аб’ём здабытай такім чынам электрычнасці дэманструецца ў будынку бібліятэкі, каб давесці да чытачоў сэнс падобных захадаў.

Прадстаўнікі бібліятэк павінны ўдзельнічаць у дыскусіях падчас разгляду планаў на будучыню для ўласных супольнасцяў і дапамагаць дасягнуць пастаўленыя мэты.

Рэбека Т. Мілер

Што могуць зрабіць супрацоўнікі бібліятэк, каб пазнаёміць людзей са сваім намерам?

Мілер: Ім неабходна зрабіць зразумелым тое, што прапануюць іх установы, а таксама ўплыў, які яны маюць на людзей і супольнасці, якім яны служаць. Яны таксама павінны ствараць партнёрскія сувязі, каб надаць сваёй працы большую вагу. Прадстаўнікі бібліятэк павінны ўдзельнічаць у дыскусіях падчас разгляду планаў на будучыню для ўласных супольнасцяў і дапамагаць дасягнуць пастаўленыя мэты.
 
Алдрыч: Ад усёй душы пагаджаюся з гэтым. Важней гаварыць пра тое, чаму мы нешта робім, чым пра тое, што мы робім. Акрамя таго, я думаю, што, каб быць паспяховай кіраўніцай бібліятэкі, трэба сканцэнтравацца на трох прынцыпах бібліятэк паслядоўнага развіцця: развіцці здольнасцяў, уключэнні і актывізацыі. Гэтыя тры дзеянні апісваюць, як дырэктары бібліятэк павінны ставіцца да сваёй працы, каб натхняць сваіх супрацоўнікаў і чытачоў. Я заўважыла, што стаўленне, з якім мы сустракаем іншых, вызваляе цудоўны абмен энэргіямі – калі наша праца накіравана на тое, каб развіваць здольнасці іншых, уключаць  і актывізаваць іх, то яны ў сваю чаргу будуць рабіць тое самае ў дачыненні да бібліятэкі. Я зразумела, што гэта – галоўны «сакрэтны інгрэдыент» многіх паспяховых бібліятэк, з якімі я супрацоўнічала.
 

Рэбека  Т. Мілер і Рэбека Сміт Алдрыч з’яўляюцца чальцамі Ініцыятыўнага камітэта па пытаннях устойлівага развіцця Асацыяцыі бібліятэк Нью-Ёрку з часоў яго заснавання. Тэма даклада, які яны рабілі на канферэнцыі «Next Library® Conference» ў Берліне гучала як «The Future Won’t Wait: A Library-Led Approach to Sustainability» («Будучыня не чакае: бібліятэкі як піянеры паслядоўнага развіцця»).

 
Рэбека Т. Мілер Рэбека Т. Мілер | © Rebecca T. Miller Рэбека Т. Мілер з’яўляецца шэф-рэдактаркай часопісаў «Лайбрары джоўрнэл» («Library Journal») і «Скул лайбрары джоўрнэл» («School Library Journal») з 2013 г. Вядзе інтэнсіўную даследніцкую працу ў галіне вывучэння наступстваў дыгітальных трэндаў на чытачоў, бібліятэкі і выдавецтвы. Мілер была заснавальніцай штогадовага рэйтынгу «LJ Index of Public Library Service» («Рэйтынг найлепшых публічных бібліятэк ЗША»), а таксама праекту «New Landmark Libraries» («Рэйтынг найлепшых навуковых бібліятэк»). Разам з Барбарай А. Генцо яна выдае часопісы «Better Library Design: Ideas from Library Journal» (2016) ды «Scales on Censorship: Real Life Lessons from School Library Journal» (2015). На працягу шасці гадоў Мілер з’яўлялася чальцом праўлення Нацыянальнага кола кніжных крытыкаў, два з іх выступала ў якасці старшыні. Яна з’яўляецца чальцом-заснавальнікам Ініцыятывы па пытаннях устойлівага развіцця Асацыяцыі бібліятэк Нью-Ёрку.


Рэбека Сміт Алдрыч Рэбека Сміт Алдрыч | © Rebekkah Smith Aldrich Рэбека Сміт Алдрыч з’яўляецца каардынатаркай па пытаннях устойлівага развіцця Бібліятэчнай сітэмы Мід-Гудзона (Нью-Ёрк), дзе кансультуе 66 публічных бібліятэк у пытаннях менеджменту, кіравання фінансамі і ўладкавання. Сміт Алдрых з’яўляецца аўтаркай часопісу «Лайбрары джоўрнэл» («Library Journal»), сустаршынёй Ініцыятывы па пытаннях устойлівага развіцця Асацыяцыі бібліятэк Нью-Ёрку, чальцом-заснавальнікам «Круглага стала па пытаннях устойлівага развіцця» Бібліятэчнай асацыяцыі ЗША ды чальцом рады Цэнтру будучыні бібліятэк Бібліятэчнай асацыяцыі ЗША. Піша на тэмы ўстойлівага развіцця. Часопіс «Лайбрары джоўрнэл»  назваў яе «найуплывовейшай асобай». Сміт Алдрыч выступае ў ЗША з лекцыямі па тэмах далейшага развіцця бібліятэк. У 2018 годзе пабачыла свет яе новая кніга «Sustainable Thinking: Ensuring Your Library’s Future in an Uncertain World.»