Хуткі ўваход:
Перайсці наўпрост да кантэнту (Alt 1)Перайсці наўпрост да другога ўзроўню навігацыі (Alt 3)Перайсці наўпрост да першага ўзроўню навігацыі (Alt 2)

Месцы інклюзіі
«Нас яшчэ чакае праца»

Будучыня бібліятэк
Будучыня бібліятэк | © raumlaborberlin im Auftrag von Kulturprojekte Berlin

Перад бібліятэкамі стаіць задача даць рады нераўнамерна размеркаваным шанцам на ўдзел. «Аднак гаварыць пра разнастайнасць і інклюзію недастаткова», – лічыць дызайн-дырэктарка Трэсі Энгел Леснескі.

Von Леанард Новы

Спадарыня Энгел Леснескі, многія непакояцца наконт будучыні бібліятэк. Існуе меркаванне, што бібліятэкі ў іх класічнай форме стануць неактуальнымі ў выніку дыгіталізацыі. А, на Вашу думку, ці маюць бібліятэкі будучыню?
 

Бібліятэкі заўсёды займаліся развіццём чытацкай кампетэнцыі і спрыяннем навучанню. Існуе шмат формаў адукацыі, людзі маюць безліч спосабаў навучання. Бібліятэкі 21-га стагоддзя актыўна прасоўваюць розныя формы перадачы ведаў, дапамагаючы людзям сфармаваць навыкі, якія паспрыяюць іх поспеху. Гэта роля ўказвае на шматабяцальную будучыню бібліятэк.
 
Разнастайнасць, раўнапраўе і інклюзія належаць да базавых каштоўнасцяў бібліятэчнай сістэмы – прынамсі тэарэтычна. Як выглядае, на Вашу думку, сітуацыя на практыцы? У якой ступені гэтыя мэты сапраўды дасягнутыя? І ў чым палягаюць найвялікшыя выклікі ў справе інклюзіі?
 

Прадстаўнікі многіх прафесій (у тым ліку і бібліятэкары) маюць найлепшыя намеры, але іх заўсёды чакае праца. Напрыклад, калі яны хочуць перайсці ад дыскусій аб большай разнастайнасці да фактычнай рэалізацыі і інклюзіі ў межах сваіх прафесій і арганізацый. Некаторыя выклікі, прынамсі ў ЗША, палягаюць у няроўных сацыяльных, палітычных, культурных і арганізацыйных структурах, якія выглядаюць такім чынам, што мы амаль што не думаем і яшчэ радзей гаворым аб іх. Далейшыя задачы палягаюць у сумеснай дэфініцыі разнастайнасці, раўнапраўя і інклюзіі і, перадусім, у агульным разуменні каштоўнасці, якую надае інклюзія гэтай працы. У выпадку бібліятэк інклюзіўная прафесія акупаецца экспаненцыальна, бо бібліятэкары ўваходзяць у кантакт з вельмі вялікай колькасцю людзей.
 
Якую ролю ў гэтым кантэксце адыгрывае наваколле, бібліятэка як рэальная прастора?
 

Кожны чалавек інакшы. Мы маем розныя фізічныя здольнасці. Мы па-рознаму карыстаемся нашымі ворганамі пачуццяў. Мы паходзім з розных эканамічных умоў і культур. Мы належым да розных полаў, у нас розны ўзрост. І ўсё-ткі многія будынкі абсталяваныя так, нібыта ва ўсіх нас адныя і тыя ж самыя патрэбы.
 
Тыя, хто будуе (напрыклад, архітэктары, уласнікі, праектныя менеджары, палітыкі) вырашаюць, ці будуць людзі адчуваць сябе ўтульна, яны эфектыўна ўплываюць на будынкі і плашчыны праз кожнае прынятае рашэнне. Часта існуюць праекты, якія надаюць увагу розным перспектывам адно павярхоўна, гэта мімаволі вядзе да таго, што хтосьці застаецца выключаным. У выпадку бібліятэк, якія павінны дапамагаць розным чытачам атрымаць адукацыю і адчуць сябе часткай грамадства, важна крытычна разгледзець рашэнні, якія ненаўмысна перашкаджаюць пэўным часткам супольнасці карыстацца памяшканнямі.
 

Бібліятэка 21-га стагоддзя – гэта прастора для людзей, створаная, каб паляпшаць іх самапачуванне.

Трэсі Энгел Леснескі

Велічныя, імпазантныя, вытанчаныя – калі мы думаем пра тое, што ўяўляе сабой «прыгожая» бібліятэка, то часта ўзгадваем такія абуджаючыя пашану саборы духу, як Нацыянальная бібліятэка Францыі ў Парыжы, Бібліятэка Кангрэсу ў Вашынгтоне, Чытальню Брытанскага музею ў Лондане альбо Нью-Ёркскую публічную бібліятэку. Месцы, якія ганаруюць інтэлектуальныя здабыткі чалавецтва, якія таксама абуджаюць пашану – у выпадку якіх планка патрабаванняў пастаўлена не нізка. Як для Вас выглядае бібліятэка будучыні?
 

Якасць формаў і прыярытэтнае значэнне ўсіх тых будынкаў, якія Вы ўзгадалі, перадаюць вагу, якую мела тая ці іншая бібліятэка для пэўнага грамадства, калі яна будавалася. Яны перадаюць пачуццё значнасці і важнасці. Калі гаварыць пра якасць планіроўкі, працяглы тэрмін выкарыстання, культурную значнасць, то ў архітэктуры бібліятэк 21-га стагоддзя існуе пэўная гарманізацыя. Аднак існуюць і адрозненні. Замест таго, каб абуджаць пашану і ствараць фармальныя месцы вучонасці, уладкаванне бібліятэк 21-га стагоддзя накіравана на тое, каб прыносіць карысць усёй супольнасці і запрашаць да здзяйснення адкрыццяў і даследаванняў. Бібліятэка 21-га стагоддзя павінна аказваць падтрымку розным відам дзейнасці, задавальняць разнастайныя патрэбы. Яна прапануе прасторы і для індывідуальнай сканцэнтраванай працы, і для супольных відаў дзейнасці, і для таго, што ёсць паміж імі. Бібліятэка 21-га стагоддзя – гэта прастора для людзей, створаная, каб паляпшаць іх самапачуванне.
 
Як праектуюць інклюзіўную бібліятэку? Калі да працы прыцягваюць Вас як кансультантку?
 

Здароўе кожнай экасістэмы залежыць ад яе біялагічнай разнастайнасці. Тое ж можна сказаць і пра здароўе супольнасці. Такім чынам, бібліятэка як рэфлексія яе супольнасці залежыць ад яе здольнасцяў у пытанні разнастайнасці. Бібліятэкі павінны служыць мноству розных людзей. Будучы ўстановамі для інклюзіўных арганізацый, яны павінны быць спраектаваны так, каб служыць максімальна вялікай колькасці людзей. Людзі ўспрымаюць будынкі ў розныя спосабы, у залежнасці ад сваіх уласных культурных, сацыяльных, эканамічных і фізічных абставінаў. Разам з тым многія будынкі спраектваны такім чынам, што прыносяць карысць толькі невялікай частцы насельніцтва. У некаторых выпадках няроўнасць убудавана ў пабудову. Асноўныя перадумовы для інклюзіўнага будынка вызначаюцца ўжо ў працэсе яго праектавання. Ніводная асоба не можа ўвасабляць тут усе перспектывы. Пабудова інклюзіўнага будынку патрабуе інклюзіўнага працэсу. Невыказаныя перадузятыя меркаванні павінны быць пераадолены шляхам вядзення адкрытых дыялогаў. Падчас фазы планавання прыцягненне прадстаўнікоў розных інтарэсаў павінна забяспечыць прадастаўленне голасу максімальна вялікай колькасці людзей.
 

Кожны з нас мае права фармаваць асяроддзе, у якім мы працуем і навучаемся, а бібліятэкі павінны задавальняць гэта жаданне з улікам індывідуальных асаблівасцей.

Трэсі Энгел Леснескі

Адна справа, спраектаваць новую бібліятэку, другая – поўнасцю адрамантаваць старую. Як з дапамогай простых сродкаў пракласці шлях да інклюзіўных памяшканняў?
 

Простае скіраванне ўвагі падчас разгляду будаўнічага асяроддзя можа стварыць розніцу паміж месцамі, якія спрыяюць інклюзіі і служаць ёй, і тымі, якія вітаюць не ўсіх чытачоў. Ці ўлічваюцца, напрыклад, розніца ў памерах цела, узросце, мабільнасці, культуры і надзейнасці нашых ворганаў пачуццяў? Большасць прыкметаў інклюзіўных будынкаў адначасова паляпшаюць прасторы для ўсёй публікі. Кожны з нас мае тое самае права фармаваць асяроддзе, у якім мы працуем і навучаемся, а бібліятэкі павінны задавальняць гэтае жаданне, выкарыстоўваючы індывідуальны падыход. Самыя паспяховыя праекты будынкаў маюць найбольшую разнастайнасць, прапануючы магчымасці выбару на аснове індывідуальных патрэбаў і ўліку асабістых жаданняў.
 
Гэту мэту можна дасягнуць шляхам такіх невялікіх мадэрнізацыйных захадаў, як змена мэблі. Шляхам прадастаўлення вялікай колькасці розных месцаў для сядзення, сталоў для супрацоўнікаў і сталых наведвальнікаў, у якіх можна дапасоўваць іх вышыню, выбар магчымасцяў для асвятлення. Прапануючы невялікія прыватныя памяшканні, якія задавальняюць мноства патрэбаў – напрыклад, гэта можа быць зацішнае месца для дзіцяці, абсталяванае сэнсарамі, месца для малітвы альбо ціхае месца для некага, хто мае хранічнае захворванне – мы набліжаемся да публічнай інклюзіўнай прасторы, пераадолеўшы значную частку адлегласці. Свежы прыклад – гэта прыбіральні для адзіночак, для небінарных палоў, асобаў з абмежаванай мабільнасцю, якім патрэбна дапамога даглядчыка, альбо такія, якія больш падабаюцца бацькам маленькіх дзяцей.
 

Трэсі Энгел Леснескі Трэсі Энгел Леснескі | Фота (фрагмент): privat Трэсі Энгел Леснескі з’яўляецца дырэктаркай амерыканскага архітэктурнага бюро «МСР» («MSR»). Яе праца палягае ў асноўным у праектаванні бібліятэк і памяшканняў для перадачы ведаў. Яна выступае за прынцып інтэграцыйнага дызайну, які раўнапраўна паядноўвае добрае самаадчуванне, прадуктыўнасць, эстэтыку і радасць. Сярод апошніх праектаў, якімі яна кіруе – стварэнне Цэнтра візуальных культуры, мастацтва і медыяў пры Каледжы Гаверфорда ў Пенсільваніі і рамонт Тульзскай цэнтральнай бібліятэкі ў Аклахоме. Энгел Леснескі рэгулярна выступае з дакладамі на бібліятэчных канферэнцыях ІФЛА, Бібліятэчнай асацыяцыі ЗША і «NEXT Library». Яна ўваходзіць у кіраўніцтва секцыі па пытаннях архітэктуры і абсталявання бібліятэк ІФЛА, з’яўляецца старшынёй камітэту па пытаннях архітэктуры публічных бібліятэк Бібліятэчнай асацыяцыі ЗША. Нядаўна яе ўключылі ў склад працоўнай групы па пытаннях устойлівага развіцця Бібліятэчнай асацыяцыі ЗША.