Хуткі ўваход:
Перайсці наўпрост да кантэнту (Alt 1)Перайсці наўпрост да другога ўзроўню навігацыі (Alt 3)Перайсці наўпрост да першага ўзроўню навігацыі (Alt 2)

Прасторы ведаў і добрага самаадчування
Інклюзія як прапанова для ўсіх

Інклюзія як прапанова для ўсіх
Інклюзія як прапанова для ўсіх | © raumlaborberlin im Auftrag von Kulturprojekte Berlin

Інклюзія здаўна з’яўляецца адным з ключавых слоў сучаснай бібліятэчнай працы. Пад ёй часцей за ўсё разумеецца безбар’ернасць і фонд кніжак на простай мове. Але гэта можа быць усяго толькі пачаткам.

Von Заміра Лазаровіч

Да асноўных складнікаў бібліятэкі сёння належаць чытацкія куткі для дзяцей, зручная мэбля і разнастайная прапанова імпрэзаў – саборы ведаў, якія раней здаваліся элітарнымі, адчынілі свае брамы і спрасцілі правілы. «Абсталяванне бібліятэк 21-га стагоддзя мае на мэце не ўнушаць пашану і ствараць фармальныя месцы вучонасці, а служыць усёй супольнасці і заахвочваць да адкрыццяў і даследаванняў», – кажа ў інтэрв’ю Гётэ-Інстытуту дырэктар амерыканскага архітэктурнага бюро «МСР» («MSR») Трэсі Энгел Леснескі.
 
Гэта цалкам адпавядае пажаданням фактычных і патэнцыйных чытачоў бібліятэкі. Паводле даследавання Інстытута дэмаскопіі ў Аленсбахе, праведзенага ў 2015 годзе – у яго межах былі апытаныя 1.500 асобаў – бібліятэкі павінны функцыянаваць не толькі як цэнтры ведаў, інфармацыі і кансультавання. Акрамя таго, пажаданыя баўленне часу ў прыемнай атмасферы, а таксама багатая прапанова культурных імпрэзаў. Некаторыя бібліятэкі, напрыклад, Цэнтральная бібліятэка Гамбургу, прывабліваюць да сябе з дапамогай кавярняў для чытачоў, ствараючы тым самым побач з зацішнымі чытальнымі заламі дадатковыя памяшканні, дзе можа адбывацца міжасабовая камунікацыя.

Улічваць разнастайнасць патрэбаў

Для экспертаў кшталту Енгела Леснескі вельмі важна, каб гэтыя новыя прасторы добрага самаадчування былі ў распараджэнні не толькі невялікай колькасці людзей. Большасць бібліятэк прысвяцілі сябе мэце інклюзіі, яны рэкламуюць безбар’ернае асяроддзе ў сваіх памяшканнях і прапанову кніжак на простай мове. Але, на думку Енгел Леснескі, гэта не азначае, што праца ў галіне роўнапраўя і інклюзіі ўжо зроблена: «Кожны чалавек – інакшы. У нас розныя фізічныя здольнасці. Мы па-рознаму карыстаемся нашымі ворганамі пачуццяў. Мы паходзім з розных эканамічных умоваў і культур. Мы належым да розных палоў, у нас не адзін і той жа самы ўзрост. І нягледзячы на гэта, многія бібліятэкі абсталяваны так, нібыта ва ўсіх нас аднолькавыя патрэбы. Тым самым яны прыносяць карысць адно толькі невялікай частцы насельніцтва».
 
На самой справе карыстанне публічнымі бібліятэкамі вызначаеца полам, узростам, узроўнем адукацыі і соцыаэканамічным статусам. Так паводле даследавання Аленбаха бібліятэкамі карыстаюцца ў асноўным жынчыны, а не мужчыны, акрамя таго, 32 працэнты сталых наведвальнікаў бібліятэк маюць вышэйшы ўзровень школьнай адукацыі і толькі 13 працэнтаў паведамілі, што маюць звычайную школьную адукацыю. Акрамя таго, з узростам людзі пачынаюць менш наведваць бібліятэкі – толькі 18 працэнтаў апытаных асобаў ва ўзросце ад 60 да 75 гадоў паведамілі, што ў мінулыя дванаццаць месяцаў наведвалі бібліятэку. У адрозненне ад колаў маладзейшых чытачоў тут назіраецца тэндэнцыя да памяншэння колькасці.

Інтэграцыя ўцекачоў і тых, хто шукае палітычнага прытулку

Аднак ад бібліятэк патрабуецца не толькі праца ў галіне інтэграцыі старэйшых альбо ў меншай ступені адукаваных чытачоў. У Германіі, напрыклад, яны павінны рабіць свой унёсак у справу інтэграцыі ўцекачоў альбо тых, хто шукае палітычнага прытулку. Курсы мовы, медыя-сродкі, што перадаюць веды, кніжкі з малюнкамі і кніжкі для дзяцей павінны дапамагчы людзям адаптавацца на сваёй новай радзіме.
 
Канечне ж, бібліятэкары не могуць пераняць задачы настаўнікаў альбо сацыяльных работнікаў. Аднак яны могуць стварыць прастору, якая дае магчымасць для сустрэчаў і спрыяе ім. Бо інтэграцыя мае поспех толькі там, дзе ў карэннага насельніцтва культывуецца гатоўнасць прыняць новых грамадзянаў. «Бібліятэкі выдатна падыходзяць для таго, каб узмацняць сацыяльную спайку на месцах, – кажа ў інтэрв’ю Гётэ-Інстытуту каардынатарка па пытаннях устойлівага развіцця бібліятэк Нью-Ёрку Рэбека Сміт-Алдрыч. – Яны могуць паяднаць людзей і навучыць суседзяў прызнаць разнастайнасць культур і навучыцца цаніць яе».
 
Усё гэта – невялікія задачы для бібліятэк, якія і так знаходзяцца пад ціскам з-за скарочаных бюджэтаў і прагрэсуючай дыгіталізацыі. Аднак ёсць моманты, якія пацвярджаюць, што праца акупіцца: падчас апытанняў для людзей важна – незалежна ад цяперашняй асабістай формы карыстання – каб публічныя бібліятэкі заставаліся і ў будучыні як прастора для адкрыццяў, творчасці і сустрэч. Старыя заслужаныя ўстановы маглі б ператварыцца ў жыццёва неабходныя грамадству.