Хуткі ўваход:
Перайсці наўпрост да кантэнту (Alt 1)Перайсці наўпрост да другога ўзроўню навігацыі (Alt 3)Перайсці наўпрост да першага ўзроўню навігацыі (Alt 2)

Месца навучання «Бібліятэка»
«Бясплатныя веды для ўсіх. Кропка»

Будучыня бібліятэк
Будучыня бібліятэк | © raumlaborberlin im Auftrag von Kulturprojekte Berlin

Публічныя, свабодна даступныя месцы сустрэч трапляюцца ўсё радзей, многія людзі не атрымліваюць доступу да якаснай адукацыі. Таму бібліятэкі сёння важныя, як ніколі раней. Ніка Кёніг і Грыф Петэрсан з анлайн-супольнасці адкрытага навучання «Peer 2 Peer University» («P2PU») размаўляюць пра патэнцыял бібліятэк як грамадскіх прастораў для навучання на працягу ўсяго жыцця ды пра ўзмацненне грамадскага сектару.

Існуе стойкае меркаванне, што інтэрнэт зрабіў бібліятэкі непатрэбнымі. Якое месца, на Вашу думку, займаюць бібліятэкі ў нашым дыгітальным грамадстве?
 

Грыф Петэрсан: Мы жывем у дэматывуючыя часы. Існуюць шматлікія арганізацыі і праекты, якія прапагандуюць інтэрнэт і дыгітальную тэхніку ў якасці сродку працяглай дэмакратызацыі і вызвалення. У той самы час многія з гэтых арганізацый выступаюць за недэмакратычныя прынцыпы вядзення бізнэсу і маёмасныя адносіны. Яны адлюстроўваюць неаліберальныя мадэлі вядзення бізнэсу, якія дамінуюць у свеце па-за інтэрнэтам. Калі прыгледзецца да разбураючых канцэпцый гэтых арганізацый і фірмаў – гаворка можа  ісці пра блокчэйн, вучэбныя прапановы ў анлайне альбо распрацоўку мабільных дадаткаў – то можна зразумець, што ў большасці выпадкаў яны ўяўляюць сабой простую дыгітальную версію існуючых структураў улады і ладаў жыцця, а не стварэнне з дапамогай дыгіталізацыі альтэрнатыўных канцэпцый. Робім з гэтага выснову, што анлайнавыя і афлайнавыя платформы, якія хацелі б супрацьдзеяць растучай няроўнасці, трэба падтрымліваць, бараніць і перабудоўваць.
 
І тут у гульню ўступаюць бібліятэкі. Прынамсі ў Паўночнай Амерыцы бібліятэкі і рэлігійныя ўстановы ў прынцыпе адзіныя месцы, якія па ўласным жаданні можа наведаць кожны, пры гэтым не адчуваючы ціску набыць штосьці. Для мяне вельмі важна прыняць і прызнаць ролю, якая належыць публічным бібліятэкам у сучасным грамадстве. Што тычыцца навучання, то сёння мы шукаем сродкаў для ажыццяўлення адукацыйных задач бібліятэк у камунах – шляхам правядзення навучальных праграм для мясцовага насельніцтва, якія праводзяцца самімі камунамі. Праграм, якія можна ажыццявіць без дазволаў, ліцэнзій альбо ўдзелу запрошаных рэферэнтаў. Важна задакументаваць вынікі гэтага агульнага досведу навучання, бо гэта ўзмацняе ўяўленне пра тое, што кожны спажывае і стварае веды.
 
Якую ролю павінны ўзяць на сябе бібліятэкі, улічваючы адукацыйную тэматыку?
 

Ніка Кёніг: Адукацыйныя праграмы ўжо даўно з’яўляюцца складнікам бібліятэчнай працы, аднак будучыня бібліятэк як адукацыйных цэнтраў дакладна не вызначаная. Сёння часцей трапляецца меркаванне, паводле якога навучанне ў бібліятэцы адбываецца толькі для задавальнення. У адносінах да некаторых гэта можа быць праўдай. Але ж мы ведаем, што бібліятэкі дапамагаюць некаторым навучыцца чытаць альбо здабыць веды мовы, складаныя навыкі і працу, якая дае сэнс. Такім чынам Вы атрымаеце інструментар для будучыні, які хочаце! Акрамя таго, бібліятэкі падобна да ўніверсітэтаў рыхтуюць навучэнцаў да здабыцця адукацыі вышэйшага ўзроўню, абое прапануюць праграмы павышэння кваліфікацыі, а часам тыя ж самыя выкладчыкі праводзяць у абодвух месцах тыя ж самыя лекцыі! Зразумела, што бібліятэкі маюць межы. Малаверагодна, што яны прысвецяць сябе даследаванням альбо заснуюць прафесійнае вучылішча, але нават і гэта не высечана на камені. Таму наша сцверджанне «Універсітэты памёрлі, хай жывуць бібліятэкі!» лічыцца запрашэннем вывучаць магчымасці і абсталяванне бібліятэк у больш шырокім кантэксце. Пры гэтым іх трэба разглядаць не як другасныя ўстановы, але як актыўны дзейнік у адукацыйнай сферы.

«Бібліятэкі як камунальныя цэнтры могуць зрабіць нашмат больш, чым толькі паказаць сваім чытачам шлях да кнігі альбо сайта, якія даюць адказ на іх пытанні.»

Якая пазіцыі і метады патрэбныя бібліятэкам для гэтага?
 

Грыф Петэрсан: У адрозненне ад задачы многіх універсітэтаў, задача бібліятэк з’яўляецца фундаментальнай: бясплатна прадастаўляць веды для ўсіх. Кропка. Наша дзейнасць накіравана на тое, каб бібліятэкі карысталіся бязмежным патэнцыялам гэтай задачы і ўсвядомілі, што бібліятэкі як камунальныя цэнтры могуць зрабіць больш, чым проста паказаць сваім чытачам шлях да кнігі альбо якога-небудзь сайта. Так, ужо даўно бібліятэкі прапануюць значна больш, але агулам патрабуецца яшчэ шмат асветніцкай працы, каб грамадскасць зразумела абсяг дзейнасці бібліятэк.
 
Як гэта выглядае на практыцы? І якую ролю адыгрывае ў гэтым Ваша супольнасць «Peer 2 Peer University»?
 

Грыф Петэрсан: Спачатку мы натхняем супрацоўнікаў бібліятэк разглядаць свае бібліятэкі як месцы супольнасці. Перш за ўсё такую праблему маюць вялікія бібліятэкі, бо іх філіялам часта не хапае кампетэнцый, а іх супрацоўнікам – часу, каб займацца сувязямі з грамадскасцю. Таксама і такія рэчы, як нягнуткія гадзіны працы ды строгія правілы паводзінаў могуць стварыць уражанне, што бібліятэкі – зусім не гасціннае месца. Мы заўважылі, што многія бібліятэкары не ведаюць, як абыходзіцца з чытачамі альбо валанцёрамі, якія маюць прапановы і хочуць дапамагчы. Канечне, шматлікія бюракратычныя перашкоды павінны быць пераадоленыя. Але спачатку можна было б знайсці трохі часу, каб зразумець існуючыя патрэбы ў адукацыі, заняцца імі цікава, інтэрактыўна, і пайсці не па пратоптаных сцежках.
 
Мы рэкамендуем бібліятэкам праводзіць кааперацыйныя адукацыйныя праграмы, аднак не абмяжоўваць іх. Калі, напрыклад, бібліятэка збярэ 20 чалавек, якія хочуць патрэніраваць свае рытарычныя здольнасці, то іх нельга проста пакідаць на самоце. Для многіх гэта цяжка і яны здаюцца. Патрэбны хтосьці, хто будзе суправаджаць людзей падчас навучання. Але мы таксама не хочам, каб заняткі ў бібліятэках праходзілі па такіх жа жорсткіх схемах, як ва ўніверсітэтах – з выкарыстаннем дарагіх падручнікаў і здачай стандартных экзаменаў.
 
Мы хацелі б распрацоўваць разам з бібліятэкамі праграмы, якія структураваны такім чынам, каб накіраваць навучэнцаў на правільны шлях. Адначасова мы павінны пакінуць ім гэтулькі свабоды, каб яны самі маглі кіраваць сваім навучальным працэсам і не змушаны былі б схіляцца перад воляй цэлага класу. Гэта не заўсёды проста. Аднак навучальныя гурткі дапамагаюць разбурыць канцэпцыю аднаасобнай экспертызы і прызнаць, што ўсе мы адначасова выкладчыкі і навучэнцы. Агулам распрацоўка гэтай канцэпцыі ішла лепш з бібліятэкамі, а не з універсітэтамі. Бо, як ужо гаварылася, гэта філасофія цалкам адпавядае задачы бібліятэк.
 
Ніка Кёніг і Грыф Петэрсан з супольнасці «Peer 2 Peer University» («P2PU») бралі ўдзел у сёлетняй канферэнцыі «Next Library® Konferenz» у Берліне, дзе прадставілі даклад «Universities are an endangered species. Long live the library!» («Універсітэты – гэта выміраючы від. Хай жывуць бібліятэкі!»). «P2PU» – гэта базавая сетка бібліятэкараў, педагогаў, прадстаўнікоў грамадскага сектару, распрацоўшчыкаў, дызайнераў, а таксама навучэнцаў. Іх агульная мэта – стварыць «альтэртатыву існуючай сістэме вышэйшай адукацыі, якая была б справядлівай, фармуючай здольнасці і вызваляючай».
 
Ніка Кёніг Ніка Кёніг | © Nico Koenig Ніка Кёніг, «Peer 2 Peer University», кіраўнік агульнага аддзелу
Ніка Кёніг каардынуе праграму навучальных гурткоў і кансультуе выкладчыкаў і бібліятэкараў у межах супольнасці «P2PU». Ён мае дзесяцігадовы досвед працы ў галіне распрацоўкі, каардынацыі і падтрымкі пазашкольных і арыентаваных на супольнасць навучальных планаў і праектаў у сферы адукацыі для дарослых.

 

 
Грыф Петэрсан Грыф Петэрсан | © Grif Peterson Грыф Петэрсан, «Peer 2 Peer University», кіраўнік праграмнага аддзелу
Грыф Петэрсан адказны за метадычны бок і распрацоўку навучальных гурткоў, уключна з выбарам і ўвядзеннем анлайн-курсаў, за канцэпцыю і распрацоўку дапаможных сродкаў для навучэнцаў, а таксама за іх падрыхтоўку і пераход да прафесійнай дзейнасці. Ён таксама адказвае за падтрыманне сувязяў «P2PU» з публічнымі бібліятэкамі ва ўсім свеце, усталяваў доўгатэрміновае супрацоўніцтва з вялікай колькасцю такіх буйных бібліятэк, як Чыкагская публічная бібліятэка і Нацыянальны бібліятэчны сервіс Кеніі.