Хуткі ўваход:
Перайсці наўпрост да кантэнту (Alt 1)Перайсці наўпрост да другога ўзроўню навігацыі (Alt 3)Перайсці наўпрост да першага ўзроўню навігацыі (Alt 2)

Медыйная кампетэнцыя супраць маніпуляцыі
Што могуць зрабіць бібліятэкі супраць фэйкавых навінаў?

Будучыня бібліятэк
Будучыня бібліятэк | © raumlaborberlin im Auftrag von Kulturprojekte Berlin

На думку крытыкаў, бібліятэкі дрэнна падрыхтаваны да барацьбы з фэйкавымі навінамі. Магчыма, сапраўды, іх заўчасна лічылі абарончымі бастыёнамі. Але ў межах сваіх сетак яны рэальна могуць супрацьдзейнічаць маніпулятыўным паведамленням.

Von Заміра Лазаровіч

Вось гэты плакат. «How to spot Fake News» («Як распазнаць фэйкавыя навіны»). Выдадзены Міжнароднай федэрацыяй бібліятэчных асацыяцый і ўстаноў (IFLA – ІФЛА), перакладзены на амаль 40 моў і часта цытаваны ў якасці прыкладу новай медыйнай кампетэнцыі бібліятэк. І скрадзены. Так думае, прынамсі, бібліятэказнаўца М. Конар Суліван.
 
У саім эсэ «Why librarians can’t fight Fake News» («Чаму бібліятэкары не могуць перамагчы фэйкавыя навіны»), якое выйшла ў сакавіку 2018 года ў «Часопісе бібліятэчнай справы і інфармазнаўства» («Journal of Librarianship and Information Science»), Суліван выступае супраць надзеі мінулых гадоў на тое, што супрацоўнікі бібліятэк маглі б зрабіць менавіта гэта. Праблема Сулівана палягае не ў тым, што ўзгаданая інфаграфіка ад ІФЛА паходзіць з артыкула з партала «FactCheck.org» і датуецца 2016 годам: на яго думку, веды бібліятэк аб фальшывай інфармацыі і фэйкавых навінах яшчэ вельмі павярхоўныя.

Алгарытмы: супраціўнікі і памочнікі

Такім чынам бібліятэкі адставалі б, калі б, напрыклад, меркавалі, што фальшыўкамі з’яўляюцца адно толькі сайты з непрафесійным і неахайным дызайнам. «У такім выпадку пакідалася б па-за ўвагай адна з найвялікшых праблемаў, звязаная з сучаснымі фэйкавымі навінамі, а менавіта здольнасць дакладна капіраваць афіцыйныя крыніцы», – кажа Суліван.
 
На самой справе змаганне за пост прэзідэнта ЗША ў 2016 годзе паказала, што тэхнічныя магчымасці спробаў маніпуляцый дасягнулі новых памераў асабліва ў сацыяльных сетках. Таму праблему трэба будзе вырашаць перадусім тэхнічна. Такія лідары галіны, як Раян Холмс, заснавальнік платформы менеджменту сацыяльных сетак «Хутс’ют» («Hootsuite»), хочуць паклапаціцца аб тым, каб у будучыні сацыяльныя сеткі лепш кантралявалі кантэнт.

Як дзейнічаюць фэйкавыя навіны?

Па словах Сулівана, бібліятэкам да таго ж не хапае больш грунтоўнага разумення, чым дакладна з’яўляецца фальшывая інфармацыя і як яна ўплывае на працэсы галаўнога мозгу. Разглядаючы ранейшую працу бібліятэк у гэтай сферы, часта зыходзяць з таго, што найлепшым сродкам супраць фэйкавых навінаў з’яўляецца распаўсюд праўдзівай інфармацыі. Аднак «добрая інфармацыя» не трапляе ў адпаведную нішу – яна павінна выціснуць ужо заняўшыя ў галаве месца фэйкавыя навіны. Даследнікі чалавечага мозгу выявілі, што гэта вельмі цяжкая задача. Калі фальшывая інфармацыя ўзмацняе ўжо існуючыя перакананні, то спроба ўнесці карэктуры прыводзяць да т. зв. «эфекту агню ў адказ»: факты, якія не адпавядаюць уласным поглядам, нават замацоўваюць іх.
 
Ускладняе сітуацыю і тое, што «фэйкавыя навіны» ператварыліся ў моднае паняцце, якое ўжываецца ў дачыненні да розных фенаменаў. І да цалкам прыдуманых навіна, і да навін, якія з палітычных прычынаў падаюцца з адпаведнай афарбоўкай, але маюць праўдзівую існасць. Дадаюцца да гэтага і меркаванні, замаскаваныя пад факты, і класічныя газетныя качкі – фальшывыя паведамленні, якія, як правіла, грунтуюцца на якой-небудзь памылцы.
 
Тут у гульню зноў уключаецца чалавечы фактар і тым самым бібліятэкі ды іх супрацоўнікі. Бо інфармацыя – гэта тавар даверу, асабліва калі гаворка ідзе пра тое, каб выпрабаваць ужо існуючыя перакананні. Не варта недаацэньваць і той факт, што ў бібліятэках людзі знаходзяць базавыя веды пра тое, як можа адбывацца падрыхтоўка інфармацыі і яе праверка.

Перадаваць веды ў межах сеткі

Зразумела, што многім бібліятэкарам самім неабходна будзе набыць сучасныя медыйныя кампетэнцыі. Аднак гэта будзе задача не для некаторых асоб, але для ўсёй сеткі: «Нам спатрэбіцца больш розных тыпаў бібліятэкараў», – мяркуе ў інтэрв’ю Гётэ-Інстытуту Нэйт Хіл з Гарадскога бібліятэчнага савету Нью-Ёрка (Metropolitan New York Library Council). Адначасова такія роднасныя галіны, як, напрыклад, журналістыка могуць атрымліваць карысць ад ведаў, якія маюць бібліятэкі – так, на думку Хіла, стварэнне і падтрыманне архіваў з’яўляецца важным кампанентам у барацьбе з фэйкавымі навінамі.
 
Тое, як мог бы функцыянаваць дзейсны абмен ведамі, паказала падчас рэалізацыі выдатнага праекта ва Украіне Міжнародная рада даследаванняў і абмену (International Research & Exchange Board, IREX). Каб супрацьдзейнічаць прапагандзе, фінансаванай Расіяй, міжнародная дабрачынная арганізацыя правяла навучанне спачатку для бібліятэкараў і затым для 15.000 украінцаў: іх навучылі правяраць крыніцы і распазнаваць аплочаныя меркаванні, распальванне нянавісці, а таксама сфальшаваныя відэаролікі і фатаграфіі і тым самым нейтралізаваць маніпуляцыі.
 
Бібліятэкі сапраўды адпачатку не падрыхтаваныя да барацьбы з фэйкавымі навінамі. Аднак існуюць перадумовы, паводле якіх яны заўсёды могуць ужываць супраць іх дзейсныя сродкі.