Архітэктура бібліятэк у працэсе зменаў
«Толькі не ператварацца ў склад кніг»

Бібліятэкі ўсё часцей вызначаюць сябе адукацыйнымі цэнтрамі і месцамі сустрэч. Важным слупом пры гэтым з’яўляецца архітэктура, якая часам вымагае, каб на кніжныя паліцы ўскарасківаліся ў турыстычных бацінках.
Von Заміра Лазаровіч
Пажаданне, каб публічныя бібліятэкі выкарыстоўваліся не толькі як пункты выдачы носьбітаў інфармацыі, але і як культурныя цэнтры, прызначаныя для грамадзянаў незалежна ад іх узросту і ўзроўню адукацыі, вызначае сёння ход дыскусіі аб тым, якімі павінны быць бібліятэкі ў архітэктурным плане. «У бібліятэк няма будучыні, калі разглядаць іх толькі як склады кніг», – з улікам вышэй сказанага да такой высновы прыходзіць ў актуальным дакументальным фільме «Ex Libris», прысвечаным Нью-Ёркскай публічнай бібліятэцы, нідэрландская архітэктарка Франсін Хубэн. Дакументальны фільм рэжысёра Фрэдэрыка Візэмана, які шмат хвалілі, паказвае, што гэта азначае на практыцы. У ім можна ўбачыць даклады і лекцыі Та-Няхішы Коўтс, Паці Сміт альбо Элвіса Кастэлы. Класічныя канцэрты. Танцавальныя групы для старэйшых грамадзянаў. Камп’ютарныя курсы для дзяцей. І заўсёды старыя і новыя памяшканні-аазісы спакою, месцы, вольныя ад спажывання для ўсіх нью-ёркцаў – ад выкладчыкаў, якія рыхтуюць свае заняткі, да бяздомных, што шукаюць прытулку. Нью-Ёркская публічная бібліятэка выступае ў якасці месца жывой дэмакратыі.
Таму Франсін Хубэн разам з заснаваным ёй архітэктурным бюро «Мекану» («Mecanoo») змясціла людзей у цэнтр сваіх праектаў перабудовы Бібліятэкі раёну Мідтаўн-Манхэтэн, кіраўніцай якіх яна з’яўляецца. Мідтаўнская бібліятэка, якую адкрылі ў 1970-х гадах у адным будынку, што першапачаткова быў задуманы як універмаг, з 2020 г. павінна стаць узорам памаладзелай, новай бібліятэчнай сістэмы. У «лонг рум» запрашаюць пакорпацца ў сабе шматпавярховыя кніжныя паліцы, цэлы паверх прызначаны для набыцця прафесійных навыкаў, а іншыя абсталяваны для дзяцей і падлеткаў. Адзіная свабодна даступная тэраса на даху ў Махэтане павінна стаць літаральна каронай цэлага будынку.
Прыходзь ствараць веды!
Перабудова бібліятэк і пабудова новых маюць аднак розную матывацыю. Бібліятэка «Chocoladefabriek» («Шакаладная фабрыка») у Нідэрландах была пабудавана адно з фінансавых меркаванняў. Існавала пастанова грамады Гуда, паводле якой меркавалася зменшыць дадатыцыі бібліятэкам на 30 працэнтаў. Замест таго, каб абмежаваць колькасць паслуг альбо адмовіцца ад некаторых лакацый, было вырашана зачыніць усе філіялы і пераехаць у адзін будынак на акраіне горада – былую шакаладную фабрыку. Разам з бібліятэкай перанеслі месца свайго знаходжання ў стары прамысловы будынак архіў рэгіёну, друкарская майстэрня і кавярня «Гранд Кафэ».Пачынаючы з лютага 2014 г., яны сумесна выкарыстоўваюць будынак шакаладнай фабрыкі. У выніку супрацоўніцтва з незалежным кансультантам бібліятэк Робам Бруйнзэльсам і звязаным з ім «Міністэрствам уяўлення» паўстала месца сацыяльнай інтэракцыі. Замест звычайных 70 працэнтаў кнігі занялі ўсяго толькі 30 ад усёй наяўнай плошчы. Для стваральнікаў было важна, каб існавала дастаткова месца для працы з фондам, а таксама для ажыццяўлення другой задачы – стварэння ведаў. Так, слоган шакаладнай фабрыкі гучыць «Komm kennis maken!», што па-галандску можа азначаць як «Прыходзь, пазнаёмімся!», так і «Прыходзь ствараць веды!»
Магніт для турыстаў і шпалеры з выявамі кніг
Асабліва эфектнай у архітэктурным плане з’яўляецца Бібліятэка «Цьянджын Бінхай» на паўночным усходзе Кітаю, якая была адчынена ў кастрычніку 2017 г. Нідэрландскаму архітэктурнаму бюро «MVRDV» спатрэбілася ўсяго толькі тры гады, каб разам з Цьянджынскім інстытутам гарадскога планавання і дызайну ажыццявіць намер стварыць хайлайт у запланаваным культурным цэнтры ў Бінхаі, прамысловым прадмесці партовага гораду Цьянджын. Карысная плошча бібліятэкі складае 33.700 кв. м., на ёй знаходзяцца 1,2 мільёны кніжак.Цягам аднаго толькі першага тыдню наведаць уражваючы будынак з паліцамі ў выглядзе тэрасаў прыходзіла штодня 10.000 чалавек. Яго цэнтрам з’яўляецца лекцыйная зала. Размешчаная там гара з кніг даступна не ўсім наведвальнікам: паводле інфармацыі бібліятэкі, чытачам ва ўзросце да 14 гадоў, наведвальнікам на высокіх абцасах альбо тым, хто недастаткова падрыхтаваны для вандравання, рэкамендавана па магчымасці пазбягаць крутых паліцаў. З-за напружанага графіку пабудовы верхнія паверхі засталіся недаступнымі: на іх замест кніжак знаходзяцца алюмініевыя пласціны. На многіх паліцах у атрыуме таксама размясцілі толькі фатаграфіі бакавінаў кніг. Чытаюць кнігі ў традыцыйных аддзелах бібліятэкі.
Тры вышэй згаданых прыклады – Нью-Ёрк, Гуда і Цьянджын сведчаць аб тым, як па-рознаму можа быць выкананы нават атрыманы заказ перабудовы бібліятэк ў адукацыйныя цэнтры і месцы сустрэч. Ніводнае з гэтых месцаў не мае нічога агульнага са звычайнымі складамі.