Хуткі ўваход:
Перайсці наўпрост да кантэнту (Alt 1)Перайсці наўпрост да другога ўзроўню навігацыі (Alt 3)Перайсці наўпрост да першага ўзроўню навігацыі (Alt 2)

Адраджэнне бібліятэк
Новы росквіт

Будучыня бібліятэк
Будучыня бібліятэк | © raumlaborberlin im Auftrag von Kulturprojekte Berlin

Пакуль што ніхто не прадказвае канца бібліятэк. Замест гэтага ідзе дыскусія аб тым, як аказаць ім падтрымку, каб яны служылі агульнай карысці. Цалкам аптымістычнае падсумаванне нашай серыі «Будучыня бібліятэк».

Von Заміра Лазаровіч

Што адбываецца з Гуглам? Са штучным інтэлектам? Ці застануцца ў будучыні кнігі? Хто будзе наведваць бібліятэкі, калі адным клікам можна вывесці на экран веды свету?
 
«Рэч, якая робіць мяне шчаслівым з увагі на сённяшнюю сітуацыю бібліятэк – і яна, на жаль, можа быць звязана з сучасным цяжкім становішчам у свеце – гэта тое, што ў апошнія пару гадоў я назіраю, як людзі абыходзяць падобныя пытанні», – кажа Нэйт Хіл з Гарадскога бібліятэчнага савету Нью-Ёрка (Metropolitan New York Library Council) у інтэрв’ю Гётэ-Інстытуту. Людзі мала зацікаўлены ў тым, каб задавацца пытаннем аб наступнай тэхнічнай цаццы, якая магла б выціснуць бібліятэкі. Замест гэтага на пярэдні план выстаўляліся такія тэмы, як размеркаванне інфармацыі, раўнапраўе ў сферы даследаванняў ды інш.

Інклюзія, разнастайнасць, змена клімату

На самой справе, за мінулыя гады часта высвятлялася, што бібліятэкі могуць быць карыснымі грамадству не толькі ў справе фармавання чытацкай кампетэнцыі, але і ў іншых важных тэмах: інклюзіі, разнастайнасці альбо змене клімату. У звязку з гэтым усё больш робіцца стаўка на сабраныя веды бібліятэк. Яны ператварыліся ў месцы, у якіх існуе магчымасць як фармавання свядомасці па вышэйзгаданых праблемах, так і ажыццяўлення сумесных пошукаў шляхоў іх вырашэння.
 
«Бібліятэка будучыні будзе платформай і арганізатаркай у справе збору ведаў, іх далейшага развіцця і перадачы іншым. Акрамя таго, бібліятэкі будуць выконваць асаблівую функцыю ва ўсё больш шматэтнічным грамадстве імігрантаў», – так гаварылася на канферэнцыі «Next Library Conference», якая праходзіла ў верасні 2018 г. у Берліне і дала матэрыял для стварэння гэтай серыі, прысвечанай будучыні бібліятэк.

Удзел у культурным і грамадскім жыцці

Пытанням, якія пачынаюцца са слова «як», няма межаў: побач з класічнай працай з кнігамі ды іншымі носьбітамі інфармацыі, бібліятэкі займаюцца перадачай ведаў на розных мовах, прадастаўленнем доступу да дыгітальнага свету і сацыяльных сетак, а таксама адукацыйнай працай па такіх тэмах, як «фэйкавыя навіны» і г. д. Не ў пошнюю чаргу варта ўзгадаць, што бібліятэкі належаць да нешматлікіх некамерцыйных грамадскіх месцаў. Так, у сёлетнюю «чорную пятніцу», з якой традыцыйна пачынаецца калядны сезон у рознічным гандлі, шматлікія бібліятэкі ў ЗША жартам рэкламавалі той факт, што яны цэлы год прапануюць велізарныя зніжкі – шляхам бясплатнага доступу да кніжак, іншых носьбітаў інфармацыі і г. д. «Для адных яны – месцы адасаблення, а для другіх увогуле забяспечваюць удзел у культурным і грамадскім жыцці – незалежна ад даходаў», – пісаў публіцыст і палітолаг Леанард Новы ва ўводным тэксце серыі «Будучыня бібліятэк».
 
«У бібліятэк толькі тады няма будучыні, калі разглядаць іх у якасці пасіўных складаў кніг», – у гэтым пераканана нідэрландская архітэктарка Франсін Хубэн: адпаведна гэтаму яна і яе архітэктурнае бюро «Mecanoo» ставяць людзей у цэнтр сваіх праектаў бібліятэк. Іншыя прыклады – такія як «Chocoladefabriek» у грамадзе Гуда ў Нідэрландах, паказваюць, як сучасная архітэктура ўсё больш і больш падтрымлівае бібліятэкі ў справе адкрытасці перад публікай: «Прэч ад бастыёнаў для нямногіх, наперад, да агульнай прасторы для ўсіх!» Трэйсі Энгел Леснескі, дырэктарка архітэктурнага бюро «MSR» у ЗША, бачыць у бібліятэках адлюстраванне сваёй супольнасці: «Будучы ўстановамі для інклюзіўных арганізацый яны павінны быць спраектаваныя так, каб служыць найвялікшаму перасячэнню мностваў людзей».

Бібліятэкі: незаменныя ў часы перамен

Стварыць найвялікшае перасячэнне мностваў людзей важна не толькі падчас праектавання будынку, але і ў працэсе адбору супрацоўнікаў бібліятэк. «Несправядліва чакаць ад асобных супрацоўнікаў, што яны раптам стануць экспертамі па дыгіталізацыі, інтэграцыі ды інклюзіі», – лічыць Нэйт Хіл. Таму неабходныя розныя тыпы бібліятэкараў і добрыя сеткі, у межах якіх можна было б знайсці экспертаў.
 
Уражваючая архітэктура і салідныя сеткі экспертаў хутчэй за ўсё застануцца фенаменамі, характэрнымі для вялікіх гарадоў. У іншых месцах цягам наступных гадоў бібліятэкі будуць вымушана пакутаваць ад скарачэнняў бюджэту і недахопу кадраў. Той факт, што пачынае ўсталёўвацца меркаванне, згодна з якім бібліятэкі незаменныя ў часы палітычных і грамадскіх пераменаў, будзе ў наступныя гады надаваць імпульсы цэлай галіне. «Калі б не было бібліятэк, іх трэба было б выдайсці», – піша Леанард Новы. І, на шчасце, усе яны сёння цалкам гатовы вынайсці сябе саміх наноў.