Хуткі ўваход:
Перайсці наўпрост да кантэнту (Alt 1)Перайсці наўпрост да другога ўзроўню навігацыі (Alt 3)Перайсці наўпрост да першага ўзроўню навігацыі (Alt 2)

Бібліятэкі ў Гётэ-Інстытуце
Аб «прыгожых аазісах», геймбоксах і кнігах, якія падарожнічаюць

Слухачкі курсаў у бібліятэцы Гётэ-Інстытута ў Каіры
Бібліятэка як месца навучання і камунікацыі: слухачкі курсаў у бібліятэцы Гётэ-Інстытута ў Каіры | Фота (фрагмент): Goethe-Institut/Bernhard, Ludewig

Прэзідэнт Гётэ-Інстытута Клаўс-Дытар Леман робіць грунтоўны экскурс у працу Гётэ-Інстытута ў бібліятэчнай галіне з улікам грамадскіх зменаў глабальнага маштабу. Гэты артыкул выйшаў упершыню ў чэрвені 2018 г. у юбілейным зборніку «Кааператыўныя інфармацыйныя структуры як шанец і выклік», выдадзеным да 65-годдзя Томаса Бюргера.

1995 год стаў для Гётэ-Інстытута важнай вехай: шлях у дыгітальную эпоху пачаўся для працуючага ва ўсім свеце нямецкага культурнага інстытута з асцярожных і далікатных спробаў з’явіцца ў інтэрнэце. Калі спачатку гэта абмяжоўвалася інфармацыяй аб тым, што, дзе, калі і з кім адбываецца: г. зн. культурнымі імпрэзамі і курсамі мовы – гаворка ўрэшце ішла пра сродак працы з грамадскасцю – то хутка стала зразумела, што сецівам можна карыстацца як сапраўдным дзейсным інструментам замежнай палітыкі ў сферы культуры і адукацыі. Спачатку адбываліся інтэнсіўныя дэбаты аб тым, ад чаго мы можам адмовіцца, калі ў будучыні будзем выступаць не ў аналагавай, а перадусім узмоцнена ў дыгітальнай форме: спярша пачалася крытычная ацэнка ўласнай друкаванай прадукцыі, потым яе вытворчасць значна скарацілася і прадметам дыскусіі сталі больш за 100 бібліятэк, якія меў Гётэ-Інстытут на пяці кантынентах. «Гэта правільна», – казалі многія з тых, хто лічыў, што лепшыя часы бібліятэк Гётэ-Інстытута з іх шыкоўнымі фондамі выданняў – ад Шылера да Бёля – мінулі, бо неўзабаве ўсё можна будзе знайсці ў сеціве. «Гэта правільна», – казалі таксама і тыя, хто хацеў, каб задача Гётэ-Інстытута «ствараць усебаковае бачанне Германіі» выконвалася выключна праз уласныя анлайнавыя рэдакцыйныя прапановы Інтэр Нацыёнэс і Гётэ-Інстытута. «Не», – адказалі тыя, хто быў настроены крытычна – яны пачалі ўзвышаць свой голас і бачылі ў бібліятэках значна больш, чым проста доўгія паліцы, поўныя пакрытых пылам кніжак класікаў.
 
Клаўс-Дытар Леман, прэзідэнт Гётэ-Інстытута Клаўс-Дытар Леман, прэзідэнт Гётэ-Інстытута | Фота: Herlinde Koelbl Цягам сваёй доўгай гісторыі бібліятэкі стала зазнавалі тэхнічныя трансфармацыі. Аднак ніводная з іх не была настолькі радыкальнай, як дыгітальная. У выпадку дыгітальных працэсаў і публікацый гаворка ідзе не толькі аб праглядзе, выбары і кіраванні, але і аб абароне інтэлектуальнай уласнасці, неабмежаваным доступе, празрыстых працэсах, якія не павінны вызначацца толькі менталітэтам рынкавай эканомікі. Вырашальным момантам для грамадскасці ды ўстановаў культуры і навукі будзе стварэнне сувязі паміж перавагамі дыгітальных медыя-сродкаў і стандартамі ранейшых сховішчаў матэрыяльных носьбітаў – так, каб наша культурная памяць заставалася грамадскім здабыткам.
 
Дыгітальныя публікацыі маюць прывабныя якасці: гнуткі доступ, сумяшчальнасць тэкста, карцінак і гуку – яны лёгка актуалізуюцца і з’яўляюцца інтэрактыўнымі. Не існуе прычыны, паводле якой трэба было б адмовіцца ад гэтага медыя-сродку альбо ігнараваць яго. Бо ён прапануе вельмі шмат цікавых магчымасцяў. Урэшце, немагчыма зрабіць так, каб карыстальнікі адмовіліся ад дыгітальнага свету. Небяспекі не вынікаюць з самога медыя-сродку, яны – вынік недастаткова адказнага абыходжання з ім. Плюралістычныя структуры на ўзроўні прапаноў робяць магчымай новую ступень свабоды: не толькі паддавацца ўплывам тэхнікі і эканомікі, але і даведвацца пра спецыфічныя якасці адпаведнага медыя-сродку ды карыстацца ім. Гэта павінна быць асноўнай лініяй паводзінаў.
У 2017 годзе вэб-старонкі Гётэ-Інстытута наведалі 34 мільёны разоў, а яго 100 бібліятэк налічылі адзін мільён наведвальнікаў. Выглядае, што абодва бакі мелі рацыю: і скептыкі, і прыхільнікі дыгітальных зменаў.
 
Вось жа новая тэхналогія не замяніла сабой старыя добрыя традыцыі так, як у 20-м стагоддзі тэлебачанне не замяніла радыё і як сёння сервісы стрымінгу не замянілі класічнае телебачанне – нават калі сёй-той змушаны клікаць на дапамогу. Аднак новая тэхналогія прывяла да значных зменаў нашага спажывання медый, нашага спосабу навучацца ды стварэння і формаў пошуку самага рознага кантэнту. Дыгіталізацыя нясе Гётэ-Інстытуту і замежнай палітыцы ў сферы культуры і адукацыі вялікія шанцы і выклікі, аднак яна прынцыпова не ставіць пад сумнеў існаванне фізічнай прысутнасці ў розных краінах – у гэтым выпадку гаворка ідзе пра 160 прадстаўніцтваў ва ўсім свеце. Але яна змяняе формы і функцыі гэтай фізічнай прысутнасці.
 
Садзейнічанне вывучэнню нямецкай мовы, міжнароднаму культурнаму абмену, доступу да адукацыйных прапаноў і прадастаўленне інфармацыі аб Германіі – гэта асноўныя статутныя задачы нямецкай установы культуры. Пачынаючы з 1995 году – году-вехі – дыгітальныя прапановы зрабілі свой унёсак у пашырэнне абсягу ахопу прапаноў і тым самым у павелічэнне іх радыюса дзеяння, у справу даступнасці многіх прапаноў, не залежную ад часу, а таксама ў пераход да цалкам новых формаў дыялогу з нашымі партнёрамі і кліентамі.
 
Вочныя курсы па-ранейшаму з’яляюцца асноўнай формай курсаў нямецкай мовы, паказнік штогадовага прыросту анлайн- і гібрыдных курсаў уяўляе сабой двухзначную лічбу. Калі яшчэ зусім няшмат гадоў таму на шматлікія нямецкія кінафестывалі дасылаліся ўразлівыя і цяжкія бабіны 35-міліметровых стужак, то сёння мы маем недарагія надзейныя «Digital Cinema Packages», якія лёгка можна капіраваць. Калі раней навучальныя і семінарскія матэрыялы трэба было рыхтаваць па месцы знаходжання інстытутаў альбо дасылаць у самыя дальнія куткі свету, то сёння яны даступныя для ўсіх і ў любы час адным клікам. Сёння Гётэ-Інстытут праводзіць мадэраваныя адкрытыя анлайн-курсы, мае супольнасць вывучаючых нямецкую мову «Deutsch für Dich», якая ўжо налічвае 300.000 актыўных чальцоў, узняў да сусветнага стандарту «дыгітальныя класныя журналы» і «навучальныя платформы», а таксама бярэ ўдзел у «лічбавай канцэртнай зале», супрацоўнічаючы з Берлінскай філармоніяй. Больш за 3 мільёны прыхільнікаў сочаць за нашай дзейнасцю ў сацыяльных сетках і каментуюць яе. Перспектывы пры гэтым яшчэ далёка  не вычарпаныя і сягаюць ад прапаноў  «Video-on-Demand» і дыгітальных іспытаў да «сацыяльнага чытання» і нават «сацыяльнага перакладу» – сумеснага перакладу тэкстаў на анлайн-платформах.
 
З боку Гётэ-Інстытута было разумна распрацаваць у 2013 г. арыентаваную на будучыню дыгітальную стратэгію, якая – пры ўсіх спекулятыўных выказваннях аб наступнай і верагодна зноў разбураючай дыгітальнай тэхналогіі – паспрыяла вынясенню тэмы на дыскусію ў арганізацыі і тым самым суправаджала неабходны інавацыйны штуршок як унутры яе, так і навонкі.
 
З боку Гётэ-Інстытута было таксама разумна своечасова прыняць новую канцэпцыю для сваёй глабальнай сеткі бібліятэк, якая павінна была арганізваць іх па-новаму (калі не ў самой існасці, то ў тым, што датычыла найважнейшых функцый). Калі сфармуляваць драматычна, то, азіраючыся назад, можна ўбачыць гэта так: зрабіць так, каб бібліятэкі адпавядалі патрабаванням будучыні, можна было толькі шляхам рашучых зменаў. Будучы прэзідэнтам Гётэ-Інстытута, які паходзіць са свету кніг і па-ранейшаму адчувае сябе звязаным з ім, я хацеў бы падмацаваць сваю думку цытатай з Вольфгана Йохана фон Гётэ: «Застаецца толькі тое, што змяняеццца».

Гэтыя змены апісаныя на прыкладзе некаторых тэм і выпадкаў:

Ад прасторы носьбітаў інфармацыі да прасторы карыстальнікаў

Калі бібліятэкі Гётэ-Інстытута захоўвалі, так бы мовіць, манаполію на «прадастаўленне інфармацыі аб Германіі за яе межамі» да 1990-х гадоў, то ў працэсе дыгіталізацыі яны страцілі яе. Больш не трэба ісці ў бібліятэкі Гётэ-Інстытута, каб атрымаць інфармацыю аб выбарах у Бундэстаг, кнжных прэміях альбо Бойсе – можна знайсці гэту інфармацыю ў іншых крыніцах у сеціве. Калі раней нашы прапановы былі маштабнымі і хутчэй неспецыялізаванымі, то цяпер існуе тэндэнцыя стварэння тэматычных акцэнтаў, засяроджання фондаў і, перш за ўсё, вызвалення вольнага месца. Доўгія калідоры і высокія паліцы адступілі перад усведамленнем значнасці камфортнага асяроддзя. Наведванне бібліятэк не павінна зводзіцца да «хутка забяжаць і падысці да стойкі выдачы». Прыкладам можа служыць Гётэ-Інстытут у Браціславе, дзе расстанне з дарагімі старымі фондамі вядома ж было балючым, аднак месца, якое вызвалілася, выступае сёння ў якасці пляцоўкі для паказа фільмаў, служыць кавярняй і выставачнай плошчай, тут упершыню быў пашыраны на штодзённыя рэчы – на бібліятэку рэчаў – базавы прынцып бібліятэк: «дзяліцца і абменьвацца». Інтэграваная канцэпцыя прывяла да павелічэння колькасці наведвальнікаў і змяншэнню іх сярэдняга ўзросту.

Забяспечыць калабаратыўнае навучанне і працу

Наведванне бібліятэкі павінна выклікаць жаданне пабыць у ёй, выкарыстоўваць прастору не толькі для навучання, але і для ажыўленых размоваў, правядзення варкшопаў, лабараторных прац, чытанняў і семінараў. Каб прывесці гэта ў адпаведнасць з асноўнай задачай бібліятэк, неабходны часовы і прасторавы падзел на зоны, якія робяць магчымым мірнае суіснаванне і, верагодна, ствараюць эфект пазітыўнага пераскоквання. Тут на дапамогу прыходзіць дыгітальная тэхніка: паўсюднае ўвядзенне RFID і самаабслугоўвання дазваляе значна павялічыць гадзіны працы і забяспечвае больш шырокае карыстанне мультыфункцыянальнай бібліятэкай.
 
Зноў адкрытая ўлетку бібліятэка Гётэ-Інстытута ў Ёханэсбургу робіць гэта на самым высокім узроўні. Не шкодзячы функцыі «Бібліятэка» побач з ёй існуе зона пад трэндавай назвай «Цэнтр»: яна прапануе крэатыўным людзям магчымасць забяспечыць сабе месца ў натхняючым наваколлі. Побач з «Цэнтрам» існуе «Геймбокс»: тут наведвальнікі могуць пазнаёміцца з актуальнымі дыгітальнымі гульнямі і выпрабаваць іх. Доўгі час там прапануецца шэраг гульняў з Германіі і Паўднёвай Афрыкі, якія курыруюцца супрацоўнікамі, іх лік стала пашыраецца. Такое тэхнічнае абсталяванне, як ультра-HD-экран, плэйстэйшан, гульнявыя прыстаўкі «Xbox» і «Switch» ды акуляры віртуальнай рэчаіснасці ствараюць ідэальныя перадумовы для таго, каб згуляць у новыя гульні ды здабыць новы досвед. Асаблівая ўвага надаецца прэзентацыі праектаў незалежных распрацоўшчыкаў і стартапаў з галіны геймінгу.

У цэнтры падзей

Калі бібліятэкі выходзяць на такі ўзровень, каб пераняць новыя функцыі, то яны атрымліваюць шанец выйсці «ў цэнтр» падзей. Яны больш не ўяўляюць сабой маргіналізаваную прастору, але галоўны тэатр дзеянняў якога-небудзь інстытута, які адкрыты і свабодна даступны, які праяўляе актыўнасць і звязаны з іншымі функцыямі гэтага інстытута.
 
Гётэ-Інстытут у Празе робіць гэта сваім праграмным прынцыпам: створаныя ў выніку супрацоўніцтва з Цэнтральнай бібліятэкай федэральнай зямлі Берлін тэматычныя пакоі з’яўляюцца дзякуючы свайму выставачнаму характару галоўным элементам звароту да такіх тэмаў і жанраў, як «Уцёкі», «Лірыка» альбо «Навуковая фантастыка». Калі на нейкую тэму паказваюцца фільмы, ладзяцца дыскусіі альбо складаюца рэкамендацыйныя спісы, то тэматычны пакой трохдыменсіянальна і сінестэтычна вядзе ў глыбіні прасторы. Зразумела, што ён робіць гэта шляхам адначасовай прэзентацыі як у рэальным, так і ў віртуальным свеце.

Месца

Бібліятэка зноў стала «месцам»: вольнай прасторай і месцам для дыялогу, месцам сустрэчы, месцам духоўнай супольнасці. Той, хто гадзінамі вандруе паміж жытлом і месцам працы ў Мумбаі альбо Джакарце (ці стаіць у заторы), радуецца таму, што можа здабыць час для сябе ў свабодна даступнай бібліятэцы, якая знаходзіцца паміж двума месцамі, можа карыстацца імі, каб дачыняцца з аднадумцамі, каб здзейсніць самавызначэнне. Бібліятэкі Гётэ-Інстытутаў у Індыі (у пачатку 2000-х яны былі зачынены) зноў удала адчыніліся, бо, па-першае, іх сталі разглядаць у якасці месца навучання ўсё большай колькасці ахвочых вывучаць нямецкую мову, ад якога нельга адмовіцца, а, па-другое, таму, што яны ўяўляюць сабой месца спакою сярод мітусні ўрбанізаванай прасторы, якога няма ў іншых раёнах горада. Тым самым бібліятэкі робяць свой невялікі ўнёсак у развіццё гарадской прасторы і як бы між іншым прыводзяць людзей да Гётэ-Інстытута, якія б не знайшлі гэты шлях у іншых выпадках. Гэта адкрытасць, гэты шырокі дыяпазон прапаноў, якія матывуюць і прапануюць кантакты, з’яўляюцца ў нашы хуткаплынныя часы месцам грамадскага прыцягнення.
 
Адно месца я хацеў бы вылучыць асобна. Гэта Гётэ-Інстытут у Пекіне, які быў перабудаваны: раней гэта было вытворчае памяшканне, дзе вырабляліся дэталі для радыёабсталявання. Ён адчыніўся ў квартале мастакоў «798» і (аточаны пульсуючым культурным і мастацкім жыццём) ўяўляе сабой публічную прастору для абмену, адкрытую для сустрэчаў і падзей. Ці гэта не сімвалічна, што месца, дзе адбывалася тэхнічная камунікацыя, ператварылася ў рэальнае месца камунікацыі паміж людзьмі, месца нямецка-кітайскага дыялогу ў сферы культуры? Пасля 27 гадоў працы Гётэ-Інстытута ў Кітаі ўпершыню ва ўсёй красе паўстала прастора, якая, маючы бібліятэку сваім цэнтрам, можа прапанаваць разнастайныя паслугі, знаходзячыся пры гэтым у будынку, які мае ўзорны сучасны дызайн інтэр’ераў. Гэта прастора адначасова з’яўляецца машынай, якая мае ўсе магчымасці для таго, каб падтрымліваць дыялог навукі і культуры. Ван Хуі, адзін з найвыбітнейшых кітайскіх інтэлектуалаў, выкладчык літаратуры і гісторыі ва Універсітэце Ціньхуа ў Пекіне, сказаў наступнае: «Я хачу, каб існавала новая публічная прастора, дзе б маглі працаваць разам інтэлектуалы з Кітаю і Германіі. Для гэтага нам патрэбны агульныя веды. Нам неабходна знайсці агульную аснову шляхам дэбатаў і гэта не азначае, што не будзе рознагалоссяў». Мы стварылі гэту прастору!

Знайсці шлях праз дыгітальныя джунглі

Калі дыгіталізацыю можна вызначыць як экспансіўны рух у прасторы і часе, але ўсё ж такі адзін шлях вядзе назад: з дыгітальнай прасторы ў рэальную. Мы робім «дыгітальнае бачным» і дапамагаем пракладаць шляхі праз дыгітальныя джунглі. Тут можна атрымаць кансультацыйныя паслугі па ўсіх тых тэмах, якія не знойдзеш у Гугле ды Ко. Доступ да банкаў дадзеных прэсы, да крыніцаў «Open-Access» і спецыялізаваных ведаў – часта падобны сервіс прапануюць толькі Гётэ-Інстытуты ды іх бібліятэкі. Дыгітальнае абсталяванне, якое забяспечвае кааператыўную працу на месцах, гэтак сама пажадана, як і актыўная дзейнасць бібліятэк у сферы павышэння медыйнай і інфармацыйнай кампетэнцыі кліентаў і партнёраў. Хто жадае, можа пацвердзіць гэта слоганам «From Collection to Connection» («Ад фондаў да сувязяў»), як гэта робіць сёння Гётэ-Інстытут у Варшаве.

Быць прыкладам

Калі зайсці ў нядаўна пабудаваны Гётэ-Інстытут у Каіры, то побач з шматлікімі абвесткамі аб «Курсах нямецкай мовы ў начную змену» і «Дадатковымі тэрмінамі экзаменаў на выходных» звяртае на сябе ўвагу постэр, які суверэнна запрашае наведаць «адну з найсучаснейшых бібліятэк Егіпта». Гэта можа быць таксама адной з задач Гётэ-Інстытута: даць імпульс лакальным асяродкам шляхам супрацоўніцтва і дыялогу і перадусім праз прыклады паспяховай практычнай дзейнасці, натхніць рабіць нешта інакш, чым раней, і пры гэтым заставацца на адным узроўні з партнёрамі. «Прыгожы аазіс» у Каіры (паводле радыё «Deutschlandfunk Kultur», 17.03.2017) робіць гэта ўзорна, на прыкладзе ўласнай дзейнасці. Ён прапануе фонд носьбітаў інфармацыі, сфармаваны паводле патрэбаў навучэнцаў і прывабна пададзены, гнуткае і зручнае ў карыстанні памяшканне, сучаснае дыгітальнае абсталяванне, дадатковыя прапановы ў анлайне і праграмы павышэння кваліфікацыі для бібліятэкараў краіны.

Быць гнуткімі, мець «шлюпкі»

Апраўдала сябе практыка стварэння і размяшчэння як мага большага аб’ёму кампетэнцый у межах складанай сусветнай сеткі побач з трывалымі стандартамі (сістэма бібліятэчнага менеджмента, стандарт для дыгітальнага абсталявання) там, дзе яны найлепш захоўваюцца: на месцах! У міжнародным кантэксце адказаць на функцыянальныя і эстэтычныя пытанні можна толькі з улікам мясцовай спецыфікі, высветліць звычкі і патрэбы карыстальнікаў можна толькі на месцах. Перабудова пры гэтым заўсёды звязана з фармаваннем кампетэнцый, з матывацыяй і захапленнем, займацца якімі павінны супрацоўнікі, якія пераважна звязаны з гэтымі месцамі і якія павінны навучыцца дзейнічаць у міжкультурным дыялогу.  Нам неабходна мець мужнасць эксперыментаваць, роўным чынам разглядаць памылкі і поспехі як досвед навучэнцаў. Так Гётэ-Інстытут у Рамале, знаходзячыся ў складанай палітычнай сітуацыі, упершыню загрузіў свае носьбіты інфармацыі ў аўтобус, каб вазіць іх па заходнім беразе Іярдану і Сектары Газа. Сёння медыя-аўтобусы Гётэ-Інстытута ездзяць таксама па даліне Ніла, Анатоліі і Ліване. У Заходняй Афрыцы цырульні сталіся ідэальнымі месцамі для размяшчэння міні-бібліятэк і месцаў абмену, на поўдні Усходняй Еўропы гэта «будкі», у якіх побач з кнігамі можна атрымаць таксама і іншыя дэлікатэсы. У лагерах уцекачоў, размешчаных у Іарданіі, Паўночным Іраку, Турцыі і Ліване гэта т. зв. «Ideas Boxes» – мабільныя культурныя цэнтры, якія прапануюць побач з тэатрамі лялек, кінапаказамі і чытацкімі куткамі перадусім адну рэч: магчымасць працаваць у дыгітальным свеце, шукаць інфармацыю, павышаць кваліфікацыю і быць у кантакце са светам. Інавацыі паходзяць з перыферыі!

Прапанаваць вольную прастору

Калі паспрабаваць адшукаць паняцце, якое абагульняе развіцце, то тут напрошваецца «вольная прастора». Гётэ-Інстытут мае вялікі досвед працы ў рэпрэсіўных грамадствах і пад палітычным ціскам. Часта як раз Гётэ-Інстытуты прапануюць пляцоўку для свабоднай і нецэнзураванай дыскусіі, доступ да крыніц і інфармацыі, карыстацца якімі па-за абароненай прасторай было б немагчыма. У часы, калі набіраюць моц цэнзура ды рэпрэсіі, калі шмат дзе не хапае неабходнай вольнай прасторы для таго, каб зафіксаваць думкі, атрымаць натхненне і абмяняцца досведам, гэта, верагодна, з’яўляецца галоўнай задачай бібліятэк Гётэ-Інстытута. Давайце дадзім слова самому Гётэ: «Мы не знаёмімся з людзьмі, калі яны прыходзяць да нас. Мы павінны прыйсці да іх, каб даведацца як у іх справы». Гэты элемент дыялогу практычнага дзеяння, які таксама дае адказы, павінен быць неад’емным складнікам бібліятэк Гётэ-Інстытута ва ўсім свеце.

Эмансіпацыя

Не ў апошнюю чаргу гэта разнастайны доступ да адукацыі, які можа быць арганізаваны ў бібліятэках і з іх удзелам. Пры гэтым належыць надаваць больш увагі стварэнню лепшых магчымасцяў для дзяўчат і жанчын. Перашкоды на іх шляху да атрымання адукацыі велізарныя. З іншага боку, яны маюць вырашальнае значэнне для іх лепшай будучыні. Надаваць вялікую ўвагу іх падтрымцы належыць перадусім у краінах, якія развіваюцца. Лаўрэатка Нобелеўскай прэміі міру Малала Юсуфзай сказала ў сваёй прамове ў ААН: «Дзіця, настаўнік, кніга і аловак могуць змяніць свет». Таму ажыццяўленне адукацыі для дзяўчат і жанчын шляхам папулярызацыі чытання і засвойвання ведаў у вялікай ступені з’яўляецца праграмай Гётэ-Інстытута і яго бібліятэк.
 
Дыгітальныя медыя-сродкі таксама адыгрываюць важную ролю ў справе эмансіпацыі жанчын у гэтых краінах. «I am Science» прадастаўляе дыгітальныя прапановы для мабільных прыстасаванняў: тут ёсць і базавыя веды, і ўсё неабходнае для атрымання кваліфікаванай адукацыі. Паўднёвая Афрыка сёння знаходзіцца пад пільнай увагай у справе перадачы ведаў дзяўчатам і жанчынам. Ёсць шмат выбітных жанчын, якія аказалі і працягваюць аказваць уплыў на краіны і грамадствы Афрыкі. Толькі нямногія з іх знаходзяць доступ да такіх важных ва ўсім свеце сховішчаў ведаў, як Вікіпедыя. Сваім праектам «Wiki loves Women» арганізацыя «WikiAfrica» і Гётэ-Інстытут хочуць выправіць гэты недахоп. Яны пачалі падтрымліваць стварэнне артыкулаў пра жанчын ды артыкулаў, напісаных жанчынамі.
 
Гэтыя некалькі прыкладаў паказваюць, як новыя тэхналогіі могуць выклікаць творчыя і самастойныя працэсы і як яны могуць паспрыяць стварэнню стабілізуючых сетак.

Дыгітальны ўплыў і адказнасць

Уплыў дыгітальнага свету стаў занадта вялікім – мы не можам проста глядзець і чакаць. Гэты ўплыў мяняе не толькі сферу публікацыі, бібліятэкі, доступ да адукацыі і даступнасць ведаў. Урэшце, ён закранае ўсе сферы жыцця. Бестурботнасць, з якой, з аднаго боку, выкладаюцца ў доступ асабістыя дадзеныя, і ціск, які, з іншага боку, паўстае ў выніку трансфармацыі ўсіх гаспадарчых і грамадскіх працэсаў у выключна дыгітальныя, амаль не пакідаюць альтэрнатываў. Юрген Хабермас гаворыць пра каланізацыю нашай сферы існавання. І на самой справе мы павінны ўлічваць магчымае навязванне волі рэальных асобаў у выніку дыгітальнага ўплыву.
 
Для бібліятэк інтэрнэт адыгрывае значную ролю. Пераадольваюцца час і прастора, забяспечваецца доступ да велізарных аб’ёмаў ведаў і літаратурных патэнцыялаў. Аднак, няглядзячы на гэта, універсальных ведаў не будзе – будуць існаваць многія сховішчы ведаў. Таму для бібліятэк вельмі важна надзейна забяспечыць доступ да іх і іх перадачу. Бібліятэкі павінны адчуваць адказнасць за сталую рэфлексію аб уплыве дыгітальных пераменаў на культуру, навуку і грамадства. Бібліятэкі павінны быць у стане ацаніць шанцы і рызыкі на падставе ўласнай кампетэнцыі, каб быць прызнанымі ў яксці экспертаў.
 

Першая публікацыя: Klaus-Dieter Lehmann (2018). Von smarten Oasen, Gameboxen und fahrenden Büchern. У зборніку Achim Bonte, Juliane Rehnolt (Eds.), Kooperative Informationsinfrastrukturen als Chance und Herausforderung: Festschrift für Thomas Bürger zum 65. Geburtstag (стар. 268–276). Berlin, Boston: De Gruyter.