Праект для школ «Невядомыя суседзі»

Праект для школ «Невядомыя суседзі»
Праект для школ «Невядомыя суседзі» | Фота (фрагмент): © Goethe-Institut

У лютым 2016 года 20 вучняў і суправаждаючых іх настаўнікаў нямецкай мовы і гісторыі з ПАШ-школ прыехалі ў Мінск, каб у межах праекта «Невядомыя суседзі» прыняць удзел у семінарах і экскурсіях. Праект мае на мэце збор матэрыялу аб лёсах габрэяў у гарадах, дзе жывуць вучні, для таго, каб аддаць належнае ў значнай меры забытай, але калісці заўважнай супольнасці габрэяў у сённяшняй Беларусі.
 
Удзельнікі паездкі наведалі сінагогу габрэйскай рэфармацкай грамады, дзе равін Грыгоры Абрамовіч азнаёміў іх з асновамі іудаізму і габрэйскай культуры. У Гістарычнай майстэрні Мінска яны працавалі над тэмай «Халакост у Беларусі», а затым азнаёміліся з некаторымі найважнейшымі мемарыяламі габрэйскага Мінску. У другі дзень паездкі школьнікі і настаўнікі сустрэліся з Маяй Крапінай – яна была ў мінскім гета і ёй пашчасціла застацца ў жывых. Мая Крапіна распавяла хвалюючую гісторыю пра лёс яе сям’і, пра смерць і выжыванне, а таксама пра пачатак новага жыцця.
 
Два праектныя дні завяршыліся наведваннем Габрэйскага музею Мінска і майстэрні вядомага архітэктара і стваральніка мемарыялаў Леаніда Левіна. Сустрэча таксама паслужыла і справе падвядзення прамежкавых вынікаў праектнай працы ў школах. У красавіку 2016 года працы школьнікаў будуць сабраныя і апублікаваныя ў выніковай брашуры.

Фотарэпартаж