Летнік Рабіць больш для абароны балот – экалагічны летнік–2018 у Беларусі

З 13 па 19 жніўня 2018 года 20 школьнікаў з Украіны і Беларусі сустрэліся ў першым экалагічным летніку ПАШ у Беларусі. Моладзь, якая вывучае нямецкую мову, знаёмілася на працягу тыдня на поўначы краіны са значэннем аховы прыроды на прыкладзе балот.
 
У казках такія выдуманыя персанажы-насельнікі балот, як Баба Яга, русалкі альбо кікімары часта выглядаюць вусцішнымі. Экалагічны летнік 2018 г. прапанаваў, аднак, яго ўдзельнікам зусім іншыя гісторыі. На працягу тыдню маладыя людзі і дзяўчаты вывучалі разам карысныя бакі гэтых адмысловых водна-балотных абшараў.
 
Удзел у экалагічным летніку пачаўся для маладых людзей і дзяўчат з Беларусі і Украіны з чатырохгадзіннай паездкі з Мінску ў прыродны летнік «Актам». Адразу ж пасля прыбыцця пачаліся першыя даследчыя туры па прылеглым лесе. І атрутныя чортавы ягады, і вастралісты з дагістарычных часоў маюць сваё значэнне для прыроды. Энтузіязм выкладчыка экалогіі Вілі Ліндэра быў заразным, таму сухая тэорыя хутка ператварылася ў практычны досвед. Вечарам, падчас смажання мяса на вуглях, у групы было дастаткова тэмаў для размовы; адбылося знаёмства ўдзельнікаў летніка ў гульнявой форме.
 
Наступныя дні прайшлі пад знакам балот. На поўначы Беларусі існуе асаблівая разнастайнасць гэтых адмысловых водна-балотных абшараў. У экацэнтры ў Міёрах школьнікам была прапанавана інтэрактыўная экскурсія, якую правёў дырэктар Іван Барок. Затым яны прайшліся па эка-сцяжыне балота «Ельня». На наступны дзень адбылася працяглая вандроўка праз балота «Мох». У ёй іх суправаджаў энтамолаг Генадзь Сушко, які распавёў моладзі пра разнастайнасць свету насякомых на балотах. З-за вільготнай глебы вандроўку можна было назваць спартыўным мерапрыемствам. Таму адпачынак ўвечары, калі адбыўся паказ фільма «Гуд бай, Ленін!», падаўся яшчэ больш прыемным.
 
Атрымаўшы шмат інфармацыі, навучэнцы ператварыліся ў даследчыкаў. Яны высветлілі значэнне балот для экасістэмы шляхам выканання праектнай працы і прадставілі яе вынікі групе. Вынік, які паўстаў пасля вандровак і семінару пад кіраўніцтвам выкладчыка экалогіі Вілі Ліндэра, быў адназначны: трэба рабіць больш для абароны балот.
 
Побач з экалагічнай педагогікай вялікая ўвага надавалася заняткам нямецкай мовы. Выкладчыца Вольга Дашкіна падрыхтавала матэрыял па тэме навакольнага асяроддзя і водна-балотных абшараў і прадставіла яго на занятках у гульнявой форме. Акрамя таго, валанцёры з Беларусі і Германіі паклапаціліся пра спартыўную частку, правёўшы гульню «Паляванне на шніцалі» і міні-алімпіяду.
 
У апошні вечар стала зразумела, што маладыя людзі і дзяўчаты сталі не толькі прафесіяналамі-эколагамі, але і сябрамі. Развітвацца ў канцы тыдня было вельмі цяжка. Усе былі адзіныя ў думцы: «Гэты тыдзень нам вельмі спадабаўся». Ва ўсялякім выпадку, у вачах ўсіх удзельнікаў летніка вусцішныя казкі ператварыліся ў сапраўдныя цуды прыроды.
 

  • Знаёмства з лесам пад кіраўніцтвам выкладчыка экалогіі Вілі Ліндэра Фота: © Goethe-Institut/privat
    Знаёмства з лесам пад кіраўніцтвам выкладчыка экалогіі Вілі Ліндэра
  • Вандроўка праз балота «Мох» Фота: © Goethe-Institut/privat
    Вандроўка праз балота «Мох»
  • Падчас міні-алімпіяды моладзь выкладалася напоўніцу Фота: © Goethe-Institut/privat
    Падчас міні-алімпіяды моладзь выкладалася напоўніцу