Міжшкольны праект «Адкрый сваю Беларусь»

Міжшкольны праект «Адкрый СВАЮ Беларусь»
Міжшкольны праект «Адкрый СВАЮ Беларусь» | Фота: © Goethe-Institut/Alexandra Stankewitsch

Ва ўсіх шасці школах Беларусі, дзе можна здаць экзамен «Fit in Deutsch», працуе тандэм з ПАШ-каардынатара і ПАШ-асістэнта (вучня). Два разы на год тандэмы ўсіх школ збіраюцца ў Мінску на каардынацыйную сустрэчу ініцыятывы «Школы: партнёры будучыні». Падчас сустрэчы ў снежні 2018 г. паўстала ідэя міжшкольнага праекта.
 

Хутка стала ясна, што група хацела б стварыць свайго роду праваднік па сваіх гарадах: Оршы, Слуцку, Маладзечне, Барысаве, Мінску і Гродне. Спачатку ішла інтэнсіўная дыскусія аб тым, ці гэта павінен быць друкаваны альбо анлайн-прадукт. Урэшце група вырашыла ствараць анлайн-прадукт, бо ён дае больш магчымасцяў для яго афармлення і спрыяе развіццю ў школьнікаў розных здольнасцяў, якія роўныя адна адной. Гэта, напрыклад, навыкі працы з выявамі, тэкстамі альбо відэа, графічным дызайнам альбо праграмаваннем. Дадатны бок дыгітальнага прадукта – гэта тое, што нягледзячы на вялікія адлегласці, можна сумесна і адначасова працаваць над ім, абнаўляць, змяняць і пашыраць яго ў любы час.
 
Удзельнікі групы хутка вырашылі стварыць нямецкамоўны сайт, які б распавядаў усе тыя рэчы пра іх гарады, якія б былі цікавыя для наведвальнікаў. Сайт мае назву «Адкрый СВАЮ Беларусь». На ім можна знайсці фатаграфіі гарадоў, відэа, знятыя школьнікамі, артыкулы пра іх гісторыю і асаблівасці, парады, дзе размясціцца, куды схадзіць, галоўныя славутасці, а таксама інфармацыю аб актуальных падзеях у школах і ў межах ініцыятывы «Школы: партнёры будучыні». Да мэтавай групы сайту належаць як цікаўныя з іншых краін, так і наведвальнікі школы – напрыклад, валанцёры арганізацыі «kulturweit», іх сябры і бацькі, прадстаўнікі школ-партнёраў, турысты альбо ўдзельнікі сумесных праектаў.
 
Міжшкольнае супрацоўніцтва патрабуе добрай і ўпарадкаванай арганізацыі. Яго каардынацыю ўзяла на сябе каманда ПАШ-школы з Оршы. Каманда распрацавала схему планавання сайта, прытрымлівацца якой павінны былі ўсе іншыя школы. У саміх школах групы ўдзельнічалі ў паседжаннях рэдакцыі, якія праходзілі ў анлайне. Падобным чынам вучні розных класаў, настаўнікі і валанцёры арганізацыі «kulturweit» некалькі месяцаў працавалі над стварэннем сайту.
 
Фонавы малюнак сайту быў створаны ў межах міжшкольнага конкурсу малюнкаў. Свае працы на яго прадставілі больш за 90 вучняў. Найлепшы малюнак упрыгожвае стартавую старонку сайта. Фонавы малюнак будзе мяняцца праз некаторы час, бо яшчэ былі дасланы і іншыя прыгожыя малюнкі. Усе дасланыя на конкурс малюнкі можна пабачыць на сайце.
 
Праект паяднаў усе школы Беларусі, дзе можна здаць экзамен «Fit in Deutsch», ён будзе працягнуты ў будучыні. Ужо вырашана, што ў наступны навучальны год на сайце будуць створаны новыя рубрыкі. Плануецца, што на сайт будуць дададзены школы ў Беларусі, дзе можна здаць экзамен «Deutsches Sprachdiplom».
 
Сайт выйшаў у анлайн у ліпені 2019 г., яго можна наведаць у сеціве.