Праект
Праект валанцёраў «Культурвайт»

Праект валанцёраў «Культурвайт» у Маладзечне
Праект валанцёраў «Культурвайт» у Маладзечне | Фота: privat

Пасля наведвання Оршы 29 студзеня 2020 г. валанцёраў чакаў візіт у ПАШ-школу ў Маладзечна – гімназію № 10.

Валанцёры «Культурвайт» працягвалі рэалізоўваць свой праект, які нарэшце атрымаў назву: «Падарожжа па Беларусі – знаёмства з нямецкай мовай у паўсядзённым жыцці: школы ды іх гарады». Трох валанцёраў чакала ў гэты дзень вялікая праграма, якая праводзілася разам з ПАШ-каардынатаркай гімназіі Вольгай Бруй.
 
А палове на 12-ю пачаўся семінар «Вывучэнне нямецкай мовы ў гульнявой форме» – для 6 класа «Б» па тэме «Жытло», якую яны як раз праходзілі. Працуючы ў групах, вучні засвойвалі лексіку, а пасля дыктанту яны зрабілі дакладныя і ўдалыя замалёўкі дому, апісанага ў тэксце.
 
Затым адбыўся семінар «Працоўны свет: шляхі пасля сканчэння школы». У ім узялі ўдзел каля 20 школьнікаў старэйшых класаў. Нашы сябры знялі раней цікавае відэа пра валанцёраў, у якім тыя распавядалі, што яны рабілі, скончыўшы школы і чым займаюцца цяпер. Нягледзячы на экзатычныя прафесіі, напрыклад, «медыцынска-тэхнічны асістэнт па радыялогіі», школьнікі выдатна справіліся з віктарынай. Акрамя таго, яны згулялі ў гульню «Адгадай прафесію», па прынцыпе «Хто я?»
 
Галоўнай падзеяй дня як для нас, валанцёраў, так і для школьнікаў былі сумесныя спевы – мы спявалі беларускія песні пад кіраўніцтвам настаўніцы спеваў і трох яе вучняў. Затым валанцёры атрымалі ад школы невялікі прэзент. Мы вельмі ўдзячныя гімназіі № 10 за яго і за добра арганізаваную, цікавую праграму. Афіцыйная частка дня на гэтым скончылася і перад экскурсіяй па горадзе мы падсілкаваліся ў сталовай.
 
Вечар завяршыўся наведаннем тэатра: мы паглядзелі пастаноўку «Любоў па-італьянску» ў драмтэатры горада. Мы правялі вельмі цікавы і добры, але таксама і напружаны дзень!