Падрыхтоўка новых мультыплікатараў

Семінар (ілюстрацыйнае фота) Фота: Goethe-Institut/Loredana La Rocca

Аб праграме

Павышэнне кваліфікацыі настаўнікаў і выкладчыкаў нямецкай мовы з'яўляецца адным з прыярытэтных накірункаў дзейнасці Інстытута імя Гётэ. Праграма павышэння кваліфікацыі знаёміць настаўнікаў і выкладчыкаў з актуальнымі распрацоўкамі ў вобласці методыкі і дыдактыкі выкладання нямецкай мовы як замежнай. Мерапрыемствы павышэння кваліфікацыі праводзяцца метадыстамі-мультыплікатарамі Інстытута імя Гётэ. Гэта кампетэнтныя і актыўныя выкладчыкі нямецкай мовы, якія па даручэнні Інстытута імя Гётэ праводзяць методыка-дыдактычныя семінары павышэння кваліфікацыі ў вочным, дыстанцыйным і камбінаваным фарматах, а таксама падтрымліваюць Інстытут імя Гётэ ў справе стварэння, падрыхтоўкі і рэалізацыі адукацыйных праектаў. У дадатак да сваёй інтэнсіўнай практычнай дзейнасці яны навучаюцца паводле спецыяльнай праграмы Інстытута імя Гётэ, рэгулярна павышаюць кваліфікацыю і сістэматычна праходзяць атэстацыю.
 
У 2018-2020 гг. Інстытут імя Гётэ ў Мінску прапануе матываваным настаўнікам і выкладчыкам, якія жадаюць садзейнічаць развіццю выкладання нямецкай мовы, прайсці бясплатны курс падрыхтоўкі метадыстаў-мультыплікатараў працягласцю ў 18 месяцаў.
 

Вы можаце падаць заяўку, калі Вы:
 
  • выкладаеце нямецкую мову як замежную ў адной з дзяржаўных адукацыйных устаноў не менш за 3 гады;
  • добра валодаеце нямецкай мовай (С1 паводле шасціўзроўневай шкалы Агульнаеўрапейскіх кампетэнцый валодання замежнай мовай/ GER);
  • хацелі б развіваць і дасканаліць уласныя методыка-дыдактычныя кампетэнцыі;
  • гатовы садзейнічаць папулярызацыі нямецкай мовы ў сваіх адукацыйных установах і ў сваім рэгіёне;
  • зацікаўлены ў супрацоўніцтве з Інстытутам імя Гётэ ў Мінску;
  • хацелі б працаваць у якасці мультыплікатара і па даручэнні Інстытута імя Гётэ ажыццяўляць павышэнне кваліфікацыі настаўнікаў і выкладчыкаў.
Паводле вынікаў разгляду заявак мы прапануем 25 кандыдатам прайсці дыстанцыйны курс «Планіраванне ўрока нямецкай мовы». Курс дае магчымасць пашырыць і паглыбіць Вашы веды і практычныя ўменні ў сферы выкладання нямецкай мовы.
 
Дыстанцыйны курс пачнецца 17 верасня 2018 г. і будзе доўжыцца 10 тыдняў. Паспяховае авалоданне праграмай курсу прадугледжвае выкананне 70% заданняў. У выпадку паспяховага завяршэння курса Вы атрымаеце сертыфікат Інстытута імя Гётэ і пасведчанне ўстаноўленай формы.
 
Т'ютары і каардынатары курсу адбяруць 20 удзельнікаў, якія пакажуць найлепшыя вынікі: у снежні 2018 г. яны будуць запрошаны на вочны семінар у Мінск. Грунтуючыся на выніках семінара, будзе прынята канчатковае рашэнне аб іх удзеле ў праграме падрыхтоўкі метадыстаў-мультыплікатараў.
 
Змястоўная частка праграмы падрыхтоўкі метадыстаў-мультыплікатараў пачнецца ў пачатку 2019 г. і будзе доўжыцца да сярэдзіны 2020 г. Вы азнаёміцеся з самымі сучаснымі методыка-дыдактычнымі матэрыяламі, якія пакладзены ў аснову інавацыйнай праграмы Інстытута імя Гётэ «Вучымся выкладаць нямецкую мову», а таксама з дыдактычнымі прынцыпамі арганізацыі і правядзення семінараў і дыстанцыйных курсаў павышэння кваліфікацыі.
 
Праграма ўяўляе сабой камбінаваны курс, які мае некалькі вочных і дыстанцыйных фазаў, грунтуецца на інавацыйным прынцыпе навучання і даследавання праз дзейнасць (ням. «Aktionsforschung»). Вы будзеце навучацца індывідуальна на анлайн-платформе і ў складзе групы на вочных семінарах, а ў канцы праграмы зможаце паглыбіць свае веды і кампетэнцыі на семінары ў Германіі.

У выпадку паспяховага сканчэння праграмы Вы атрымаце сертыфікат Інстытута імя Гётэ і зможаце ажыццяўляць па даручэнні Інстытута імя Гётэ павышэнне кваліфікацыі настаўнікаў і выкладчыкаў нямецкай мовы ў розных фарматах (вочным, дыстанцыйным і камбінаваным).
 
- далучанасць да партнёрскай сеткі Інстытута імя Гётэ ў сферы павышэння кваліфікацыі;
- доступ да інфармацыйных і метадычных матэрыялаў, якія былі распрацаваны адмыслова для партнёраў (платформа дыстанцыйнага навучання Moodle);
- прыярытэт падчас адбору кандыдатаў для удзелу ў павышэнні кваліфікацыі ў Германіі і Беларусі;
- садзейнічанне ў забеспячэнні высокай якасці мерапрыемстваў павышэння кваліфікацыі;
- права карыстання лагатыпам метадыстаў-мультыплікатараў.
 

Падача заявак

Просім Вас даслаць дакументы да 10.09.2018 на электронны адрас

Nelly.Golenischtschewa-Kutusowa@goethe.de

з пазнакай «Падрыхтоўка новых мультыплікатараў 2018».
 
Да абавязковых дакументаў належаць:

  • запоўнены фармуляр (асобны файл);
  • актуальнае рэзюмэ з фатаграфіяй, складзенае ў выглядзе табліцы;
  • пацверджанне кваліфікацыі і вопыта працы;
  • даведка з месца працы;
  • копіі моўных сертыфікатаў (калі ёсць).
Пацверджанні ўдзелу ў курсе альбо адмова будуць дасланы да 15.09.2018 на пазначаны Вамі электронны адрас.