Фестываль Mental Force

Фестываль электроннай музыкі

Роберт Хенке 22 і 23 мая 2015 у Мінску адбудзецца першы з серыі фэстаў электроннай музыкі і лайв-відэа-перформансаў Mental Force з удзелам сусветна вядомых аўдыёвізуальных артыстаў — Robert Henke aka Monolake (DE) & Tarik Barri (NL/DE). Акрамя іх, на фестывалі выступяць музыкі і відэа-артысты з Беларусі —  i/dex, Alexei De Bronhe & Artemiy Kalinin, Pavel Ambiont & Solar Olga, ism, Khmarun & TXYZ, Apex Sphere, Poltishiny і Андрэй Савіцкі.
 
Уначы з 22 на 23 мая ў арт-цэнтры Studio 67 (Партызанскі пр-т, 2 а) пройдуць жывыя аўдыёвізуальныя выступы, а ўдзень 23 мая – лекцыі і гутаркі з артыстамі.
 
Mental Force – гэта фестываль музыкі і лічбавага мастацтва, які даследуе сінергію гуку і выявы. Фестываль накіраваны на прамоцыю сучаснай электроннай культуры праз выступы і лекцыі выбітных музыкаў, лайв-відэа-артыстаў і экспертаў па сучасным медыя-мастацтве з Беларусі і іншых краін Еўропы.
 
Мы хочам не проста запрасіць публіку на канцэрт замежных зорак, але (пера-)ўсталяваць планку міжнародных музычных падзеяў у Мінску, яшчэ раз паказаць, што беларускія артысты працуюць у тым жа кантэксце і выкарыстоўваюць тыя ж творчыя мовы, што і іхныя калегі па ўсім свеце. Мы хочам нагадаць, што электронная музыка – гэта не проста забава, але частка сучаснага мастацтва, поле для тэхналагічных і эстэтычных пошукаў.
 
Фестываль Mental Force арганізаваны камандай двух беларускіх музычных лэйблаў - Foundamental Network і Force Carriers - пры падтрымцы Інстытута імя Гётэ ў Мінску.

Паведамленне для прэсы (PDF, 149 KB)
 

Назад