Прэзентацыя Каала

Прэзентацыя кнігі Лукаса Бэрфуса

Вокладка кнігі «Каала» Лукасу Бэрфусу стае мужнасці выправіцца на тэрыторыю вусцішу і нематы, што расхінаецца пасля самагубства брата ў яго ўласнай свядомасці. Спрабуючы спасцігнуць гэты ўчынак, робячы крок за крокам углыб братавага жыцця, даследуючы ўласную — і не толькі — маўчанку, раскручваючы ўсе сэнсавыя клубкі, што трапляюцца на шляху, аўтар стварае ўнікальны шматвымерны тэкст, у якім пад покрывам штодзённасці пульсуе тое, што мае дачыненне да самага ядра жыцця, чалавечага і не толькі.

Кніга пра самагубства і паразы, што напаўняе энергіяй і аптымізмам ад усведамлення велічы чалавека, які, зазірнуўшы ў самую бездань, здолеў пра гэта распавесці.

Усіх, каго кранае экзістэнцыйная праблематыка, хто ўспрымае пошукі сэнсу як асабістую задачу, мы запрашаем на чытанне з удзелам Лукаса Бэрфуса, пісьменніка, якога на яго радзіме, у Швейцарыі, называюць Максам Фрышам сённяшняга дня. Вы зможаце далучыцца да прасторы самых галоўных і самых чалавечых пытанняў — пра жыццё, смерць і сэнс.

У чытаннях бяруць удзел:

Лукас Бэрфус, пісьменнік
Ірына Герасімовіч, перакладчыца.
Мадэрацыя: Ірына Глухава.
 
Лукас Бэрфус Лукас Бэрфус нарадзіўся ў 1971 годзе ў горадзе Тун (Швейцарыя). Пакінуўшы школу пасля дзевятага класа, спрабаваў сябе ў самых розных прафесіях. З 1997 года – вольны драматург і празаік. На сённяшні дзень Лукас Бэрфус – адзін з найбольш паспяховых нямецкамоўных драматургаў. Яго п’есы ставяцца па ўсім свеце. Вялікі поспех прынёс яму і дэбютны раман «Сто дзён». Творчасць Лукаса Бэрфуса была адзначаная цэлым шэрагам прэмій і ўзнагарод. За свой раман «Каала» Лукас Бэрфус быў узнагароджаны ў 2014 годзе Швейцарскай кніжнай прэміяй. Найшоўшая кніга пісьменніка «Стыль і мараль» пабачыла свет у 2015 годзе. Лукас Бэрфус жыве і працуе ў Цюрыху.

  Паведамленне для прэсы (PDF, 224 KB)
 

Назад